«Ацаніў жарт»: прэзідэнт Казахстана адказаў на «ядзерную» прапанову Лукашэнкі

Такаеў зноў падкрэсліў, што ён не Лукашэнка, а Казахстан у прынцыпе не зацікаўлены ў атрыманні ядзернай зброі.

Касым-Жамарт Такаеў. Фота з сайта minval.az

Касым-Жамарт Такаеў. Фота з сайта minval.az

Казахстан не мае намеру ўступаць у «Саюзную дзяржаву» Расіі і Беларусі, тым больш дзеля атрымання ядзернай зброі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у каментары СМІ.

«Нядаўна кіраўнік Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Казахстану ўвайсці ў «Саюзную дзяржаву». Я ацаніў яго жарт. Лічу, што ў гэтым няма неабходнасці, бо ёсць іншыя інтэграцыйныя аб'яднанні, перш за ўсё Еўразійскі эканамічны саюз», — сказаў Такаеў.

Такаеў падкрэсліў, што Казахстан у прынцыпе не зацікаўлены ў атрыманні ядзернай зброі.

«У гэтым няма неабходнасці, бо мы далучыліся да дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, да дагавора аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. Мы застаёмся вернымі сваім абавязацельствам у рамках гэтых міжнародных дакументаў», — патлумачыў Такаеў.

Што прапаноўваў Такаеву Лукашэнка?

На мінулым тыдні Расія і Беларусь падпісалі дамову аб анансаваным раней размяшчэнні расійскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. Сам Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусь нібыта ўжо пачалі пастаўляць ядзерныя боепрыпасы.

Кіраўнік Казахстана, калі каментаваў гэтую падзею, не ўхваліў збліжэнне Мінска і Масквы. 24 траўня ў выступленні на пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму Такаеў казаў пра розныя ўзроўні інтэграцыі ў рамках ЕАЭС і закрануў «феномен» Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі, у якіх цяпер «нават ядзерная зброя адна на дваіх»:

«У сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен стварэння дзяржавы па формуле «дзве краіны — адна дзяржава»... З адзінай палітычнай, юрыдычнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай. З адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Я прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя адна на дваіх цяпер», — адзначыў прэзідэнт Казахстана.

Лукашэнка не змог маўчаць і вырашыў завочна адказаць Такаеву: ён прапанаваў усім зацікаўленым, і ў першую чаргу Казахстану, увайсці ў саюзную з Расіяй дзяржаву, каб таксама атрымаць ядзерную зброю.

Учора, 28 траўня, Павел Зарубін — вядоўца расійскай прапагандысцкай перадачы «Масква. Крэмль. Пуцін» — апублікаваў каментар Лукашэнкі на заяву Такаева: «Калі хтосьці перажывае (не думаю, што Касым-Жамарт Такаеў перажывае з гэтай нагоды, але калі раптам), дык ніхто не мае [нічога] супраць, каб у Казахстана і іншых краін былі такія ж цесныя адносіны, як у нас з Расійскай Федэрацыяй. Гэта вельмі проста. У саюз Беларусі з Расіяй трэба ўступаць, і ўсё: будзе ядзерная зброя на ўсіх».

У Крамлі, каментуючы выказванне Такаева на форуме, заявілі, што Саюзная дзяржава «на парадак больш прасунутая інтэграцыя, чым ЕАЭС». «Гэта ўнікальная сітуацыя ў свеце, і яна павінна прымацца пад увагу», — дадаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі існуе са студзеня 2000 года. Удзельнікі Саюза абмяркоўвалі стварэнне агульнага парламента, Канстытуцыі, адзінай валюты, але пакуль так і не прынялі такога пагаднення. У 2021 годзе Масква і Мінск узгаднілі 28 саюзных праграм, накіраваных на інтэграцыю краін.

У сакавіку 2023 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паабяцаў размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. 25 мая міністры абароны дзвюх краін Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі адпаведныя дакументы. Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь «ужо пачалося».

 Паводле www.unian.ua, meduza.io, minval.az