Дракахруст: Такаеў перадаў Пуціну і Лукашэнку прывітанне ад таварыша Сі

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст пракаментаваў «Филину» важныя падзеі апошніх дзён.

Фота: rus.azattyq-ruhy.kz

Фота: rus.azattyq-ruhy.kz

— Дзяржсакратар Рады бяспекі Вальфовіч выказаўся пра магчымае ўжыванне тактычнай ядзернай зброі. Маўляў, гэта будзе крайні крок. Але крок, апраўданы для таго, каб абараніць краіну. На вашу думку, гэтая перасцярога гучыць ад імя беларускага кіраўніцтва ці, магчыма, не толькі яго?

— Па вялікім рахунку, гэта надзьмуванне шчок беларускім кіраўніцтвам. І не столькі нават Вальфовічам, колькі Лукашэнкам.  

Мне падаецца, тут даволі зразумелая сітуацыя. У Маскве ясна далі зразумець, што размяшчэнне іхняй ядзернай зброі ў Беларусі — гэта стратэгічны адказ на далучэнне да НАТА пакуль што Фінляндыі, а ў перспектыве і Швецыі. Гэта такі асіметрычны адказ.

Літаральна днямі Шайгу і Хрэнін падпісалі тэхнічнае пагадненне аб дэталях размяшчэння гэтай зброі. І ў часе падпісання расійскі міністр чарговы раз паўтарыў, што гэта зброя будзе знаходзіцца пад кантролем і кіраваннем Расіі.

І таму ўсе гэтыя заявы Вальфовіча, Лукашэнкі, Хрэніна іграюць тут другасную ролю. Як і матывацыя беларускіх улад, і прэтэнзіі на тое, што яны будуць распараджацца гэтай зброяй у дачыненні да Польшчы, Літвы ці каго заўгодна.

Але права на надзьмуванне шчок у беларускага боку ёсць. Магчыма, тут гаворка пра пэўны элемент дадатковай стратэгічнай няпэўнасці і запалохвання Захаду. Маўляў, Расія тут размяшчае сваю зброю, а вы думайце, хто ёй будзе кіраваць. Можа, Масква, а можа, мы і Лукашэнку дамо такую магчымасць у пэўнай сітуацыі. Але мне падаецца, што на Захад такая гульня не робіць вялікага ўражання.

Там добра разумеюць, што Лукашэнку ўсё ж не дадуць такую зброю. Але я думаю, што гэта гульня ўсё адно будзе працягвацца. Звярніце ўвагу: калі Шайгу ў часе падпісання падкрэсліў, што гэта расійская зброя, Хрэнін прамаўчаў. Не выключана, што неўзабаве і ён, як і Вальфовіч, выкажацца пра ўжыванне гэтай зброі ў «выпадку чаго».

— Калі працягнуць тэму ядзернай зброі — прэзідэнт Казахстана Такаеў назваў прапанову Лукашэнкі ўступіць у саюз Расіі і Беларусі жартам. Выглядае, што яго не спакусіла магчымасць такім чынам атрымаць ядзерную зброю. Больш за тое, ён падкрэсліў, што Казахстан як удзельнік пагадненняў пра нераспаўсюджанне і забарону выпрабаванняў ядзернай зброі «застаецца верным абавязальніцтвам у межах гэтых міжнародных дакументаў». Пра што можа сведчыць такі чарговы ўкол Такаева?

— Тут жа была цэлая серыя — укол на ўкол. На нядаўнім саміце ЕАЭС Такаеў зрабіў выгляд, што ён не ведае пра сапраўдны стан беларуска-расійскага саюза. Ён казаў пра «адзін народ», «адну дзяржаву», адну на дваіх ядзерную зброю.

Гэта не зусім так. Тым больш Масква ўвесь час паўтарае, што гэта будзе расійская зброя на беларускай тэрыторыі. Але прэзідэнт Казахстана расставіў акцэнты так, як палічыў патрэбным.

У адказ Лукашэнка прапанаваў яму ўступіць у «Саюзную дзяржаву». У панядзелак была чарговая сустрэчная рэакцыя Такаева: «Прабачце, нам не патрэбна ядзерная зброя».

Што тычыцца самой трактоўкі наконт ядзернай зброі, то гэта вельмі складанае пытанне. У тым плане, што расійцы, калі прымалі гэта рашэнне, у пэўным сэнсе далі люстэркавы адказ на палітыку ЗША і НАТА ў Еўропе часоў «халоднай вайны». Гаворка пра размяшчэнне амерыканскай ядзернай зброі ў шэрагу еўрапейскіх краін у 1950-х. Дарэчы, Вашынгтон тады прыдумаў формулу, каб не парушаць пры гэтым дамову аб нераспаўсюджанні.

І вось цяпер, у сакавіку 2023-га, Пуцін сказаў, што Расія зробіць тое самае. Маўляў, вы можаце трымаць сваю зброю ў Нямеччыне, а мы можам у Беларусі. То-бок, калі вы ў свой час тлумачылі Савецкаму Саюзу, што гэта не парушэнне, то і мы цяпер кажам вам, што нічога не парушаем.

Але гэта пазіцыя Пуціна. Такая сабе шырокая трактоўка дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. А Такаеў гаворыць, што Казахстан кіруецца вузкім тлумачэннем гэтай дамовы. А менавіта, што нераспаўсюджанне — гэта адмова ад любога фізічнага размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі іншых краін.

І пазіцыя Казахстана тут такая: мы не хочам бачыць гэту зброю на сваёй тэрыторыі — ні ўласную, ні расійскую, ні чыюсьці яшчэ. Гэта быў адказ Лукашэнку.

На тым саміце быў яшчэ такі эпізод. «Пул першага» даў выступленне Такаева з загалоўкам «Ядзерная зброя адна на дваіх». А далей была сцэнка: пасля выступлення казахскага прэзідэнта Лукашэнка і Пуцін паціснулі адзін аднаму рукі, але пад трыбункай расійскага кіраўніка. Яны паціснулі рукі пад шыльдачкай з надпісам «Пуцін». І тое, што «Пул першага» гэта даў, азначае, што яны або не зразумелі, што зрабілі, або зрабілі выгляд, што не зразумелі.

Бо, па-сутнасці, гэта прызнанне таго, што мы несамастойная дзяржава. Хоць Такаеў гэта зрабіў і досыць далікатна і па-ўсходняму тонка, прагучала гэта так: вы падначаленыя Масквы, у вас адна культура і мова, усё агульнае. То, напэўна, можна дапусціць, што ў вас і прэзідэнт адзін.

І тут у прэс-службы Лукашэнкі хапіла розуму ўсё гэта праілюстраваць адпаведным кадрам пра адно прозвішча на дваіх.

Тут варта яшчэ дадаць адзін момант. Гэты дэмарш Такаева, які яго ніхто не абавязваў рабіць, здарыўся пасля саміту ў кітайскім Сіані, куды Сі Цзіньпін запрасіў лідараў Цэнтральнай Азіі. І дзе той жа Такаеў адзначыў сваё 70-годдзе — не на радзіме, і не ў Маскве.

І я не выключаю, што гэта стала рэхам саміту ў Сіані. Гэта прывітанне ад таварыша Сі. Не брутальнае, не тое, што я вам забараняю размяшчаць ядзерную зброю. Кітайцы так не робяць. Але, тым не менш, гэта такое пасланне: «Мы незадаволеныя гэтым. І наш саюзнік, не толькі ваш, такім чынам гэта фармулюе».

А Лукашэнку, між іншым, у Сіань ніхто не запрашаў. Асобна прымалі, так. Але запрасіць на размовы геапалітычныя — гэта не пра яго.

— У панядзелак на сустрэчы з кіраўніцай Цэнтрабанка Расіі Набіулінай Лукашэнка абмеркаваў мэтазгоднасць увядзення адзінай валюты, у каторы раз зазначыўшы, што для гэтага не прыйшоў час. І менавіта гэты момант шырока тыражаваўся ў прэсе. Навошта ўздымаць пытанне, для вырашэння якога нібыта яшчэ не склаліся ўмовы? Што гэта за гульня?

— Гэта такая гульня ў кошкі-мышкі. Гульня вельмі смелай мышкі. У расійцаў, тым не менш, ёсць далёкасяжныя планы. Мы памятаем агучаныя ў 2021 годзе намеры Крамля наконт Беларусі. Мы памятаем пра так званыя дарожныя мапы, пра 31-ю з іх, якая абмяркоўвалася яшчэ ў 2019 годзе.

Тут як у Васіля Быкава — «а бомба чакала сваёй пары». Вось і гэтая «бомба» чакае недзе ў расійскіх архівах, як нейкі крок, які Крамлю хацелася б у нейкі момант зрабіць.

А Лукашэнка з імі гуляе. З аднаго боку, нібыта дае пас — маўляў, мы ж не адмаўляем, не кажам, што гэтага ніколі не будзе. А з іншага, кажа, што цяпер гэта нясвоечасова. Але вы ўжо цяпер зрабіце нам насустрач колькі лішніх крокаў. А там або шах, або ішак, як кажуць.

І так, менавіта цяпер гэта мела розгалас. Тое, што ён зрабіў такі чарговы пас. Зрэшты, гэтым разам яму трапілася не тая суразмоўца, якая б надта хацела яму падыгрываць. Я звярнуў увагу, як яна рэагавала на словы пра ворагаў, што не прызнаюць велічы Расіі. Абсалютна халодна, твар — як маска. Нават не ўсміхнулася краем вуснаў.

— Але наколькі бяспечныя такія паводзіны ў сённяшніх умовах? Ці не захоча Масква хоць нейкай лакальнай перамогі тут, у Беларусі?

— Тут сітуацыя тая ж, як з адпраўкай войска на вайну. Зразумела, што за гэта ад Расіі нешта можна і атрымаць. Але можна пры гэтым і згубіць уладу. Ужо не фігуральна, а рэальна, калі на тваім месцы ў рэзідэнцыі будзе сядзець іншы чалавек.

Можа, рускі генерал, можа, намеснік Пуціна. А ты паедзеш у родную Александрыю ці ўвогуле развітаешся з гэтым светам. Пераход на расійскі рубель — гэта фактычна тое самае, толькі ў растэрміноўку і ў эканоміцы. Чаму Лукашэнка не пагаджаецца на расійскі рубель? Таму ж, чаму ён не пагаджаецца на прамы ўдзел у вайне. Бо гэта азначае для яго страту ўлады, ён робіцца проста нікім.