Добры цар. Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з «кожнай скаргай» па выніках ЦЭ

Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці праверку арганізацыі цэнтралізаваных экзаменаў. Пра гэта распавёў журналістам па выніках праведзенага кадравага дня кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергяенка, перадае «БелТА».

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo_1.jpg

Сергяенка распавёў, што Лукашэнкам пастаўлена задача «арганізаваць праверку арганізацыі цэнтралізаваных экзаменаў, якія прайшлі ў траўні ва ўсіх сярэдніх навучальных установах нашай краіны, паглыбіцца ў гэты працэс, праверыць, удакладніць, якія вынікі атрыманы».

«Цэнтралізаваны экзамен прайшоў па рускай і беларускай мовах, у ім прынялі ўдзел звыш 53 тысяч старшакласнікаў, з іх каля 900 чалавек паказалі вынік у 100 балаў», — заявіў чыноўнік.

Ён дадаў, што «тым не менш учора сталі паступаць звароты ад дзяцей, бацькоў у першую чаргу з просьбай растлумачыць, чаму такі бал, чаму бал ніжэйшы, чым быў падчас рэпетыцыйнага экзамену, і скаргаў паступае даволі шмат». Ён паабяцаў разабрацца з «кожнай скаргай».

Раней, як паведамляюць прапагандысты, сам Лукашэнка заявіў, што «сістэма правядзення цэнтралізаванага экзамену і падліку балаў павінна быць звычайнай і зразумелай».

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп'ютары. Каму гэта трэба? Як мы паступалі, ведаеш — тройка, добра ведаеш — чацвёрка, вельмі-вельмі добра ведаеш — выдатна. А тут нейкія балы на камп'ютары вылічвалі», — Лукашэнка ўвайшоў у вобраз добрага цара, у якога заўсёды вінаваты дрэнныя баяры.

«Трэба рабіць звычайную, зразумелую сістэму. І на наступным тыдні трэба зноў да гэтага вярнуцца. Сем'і кантралююць паступленне сваіх дзяцей, і гэта натуральна. Але яны не разумеюць, чаго мы хочам ад гэтых дзяцей. І, самае галоўнае, пішуць мне, што цяперашні экзамен «паказаў сваю ідэнтычнасць» з мінулымі двума гадамі, калі яны ў школе здавалі экзамены. Дык навошта мы гэтую катавасію тады зладзілі?» — спытаў Лукашэнка.

На які адрас яму нібыта пішуць бацькі, ён не ўдакладніў.

Між тым Міністэрства адукацыі нагадала, што адзнакі, атрыманыя на цэнтралізаваным экзамене, не падлягаюць перагляду. Як паведамілі расійскаму агенцтву «Sputnik» у прэс-службе ведамства, гэта прадугледжана правіламі атэстацыі, прынятымі ў 2022 годзе ў сувязі з увядзеннем ЦЭ.

Адпаведна, падаць апеляцыю ў сувязі з нязгодай з ацэнкай, атрыманай за экзамен па рускай або беларускай мове, выпускнікі школ не могуць.

«Л*стэрка» знайшло ў леташняй пастанове Мінадукацыі «Аб атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі» згадку пра тое, што вынік ЦЭ не пераглядаецца. Гэта пункт 54: «Перагляду не падлягаюць адзнакі, атрыманыя на выпускных іспытах, цэнтралізаваных іспытах, выніковыя адзнакі, а таксама адзнакі па выніках года па вучэбных прадметах (модулях) па выніках іх вывучэння ў папярэдніх класах, якія ўносяцца ў дакумент аб адукацыі (пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі (пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай)) або ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём)».

Магчымы толькі перагляд «станоўчай адзнакі па выніках навучальнага года па вучэбных прадметах, па якіх праводзіцца цэнтралізаваны экзамен». Для гэтага трэба на працягу двух дзён пасля выстаўлення гадавых адзнак падаваць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі.

Нагадаем, напярэдадні сталі вядомы вынікі першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) па беларускай і рускай мовах, які адбыўся 14 мая. «Моўны» ЦЭ напісалі больш за 53 тысячы выпускнікоў школ. Максімальныя 100 балаў атрымалі 413 вучняў па беларускай мове і 482 чалавекі па рускай мове, што ў разы вышэй, чым раней. Шмат каму незразумелая методыка падліку.

Абураныя адзінаццацікласнікі разам з бацькамі працягваюць абрываць тэлефоны Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ). А некаторыя нават прыязджалі да будынка і патрабавалі сустрэчы з дырэктарам.

У дзяржСМІ сітуацыю ўжо пачалі адпрацоўваць станоўчымі меркаваннямі «з месцаў».