«Вы там зусім ачмурэлі?!». Школьнікі і бацькі — пра фальсіфікацыі на Цэнтралізаваным экзамене
Уступная кампанія-2023 падкідвае сюрпрызы ўжо на старце. Апублікаваныя на тры дні пазней абяцанага вынікі непрыемна здзівілі многіх: за адну-дзве памылкі школьнікі гублялі 15-20 балаў. Абураныя адзінаццацікласнікі разам з бацькамі цэлы дзень абрывалі тэлефоны Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ). А некаторыя нават прыехалі да будынка і патрабавалі сустрэчы з дырэктарам.
«Л*стэрка» пагаварыла з выпускнікамі, выпускніцамі і
іх бацькамі пра тое, як раптоўнае змяненне ў падліках РІКВ адаб'ецца на
паступленні ў ВНУ.
«У нас нахабна забіраюць велізарную колькасць балаў»
Вынікі ЦЭ для многіх сталі нечаканымі ў параўнанні з рэпетыцыйнымі тэстамі, якія яны здавалі як падрыхтоўку да новага віду выпрабаванняў. Пра гэта распавядае і Вольга (усе імёны зменены). Дзяўчына родам з Віцебска, апошні этап рэпетыцыйнага тэсціравання яна напісала на 85 балаў (былі тры часткова правільныя і два няправільныя адказы).
— Сёння мы даведаліся пра вынікі. Паглядзела — усё правільна,
толькі два часткова правільныя адказы. І тут карцінка пачала разбурацца. Таму што
за 78 першасных балаў з 80 раней давалі 95 тэставых, а цяпер — 86, — тлумачыць
яна. — Сказаць, што я незадаволеная вынікамі, значыць, не сказаць нічога. Я
рада, што напісала тэст добра, але ў шоку з-за балаў. Мае аднакласнікі таксама.
Выходзіць, што набраць 97 або 99 балаў немагчыма: адно часткова правільнае пытанне ў частцы «А», за якое раней здымалі бал ці два, цяпер каштуе 8 балаў. Гэта
значыць, ты альбо пішаш на 100, альбо адразу на 92 з мінімальнай памылкай.
Дзяўчына спрабавала датэлефанавацца на гарачую лінію РІКВ,
але не змагла: было занадта шмат жадаючых. З-за супярэчлівай інфармацыі (камусьці казалі, што пералічаць, камусьці — што не, сам РІКВ таксама доўга не мог
вызначыцца, ці будзе пераправяраць вынікі) Вольга ўжо не верыць, што ўсё можа
памяняцца.
— Практыка паказвае, што ўлады не прызнаюць сваіх памылак, — кажа яна. — Балы сёлета чакана ўпадуць. Але я хачу паступаць не ў Беларусі, а
гэта значыць, што для мяне авантуры РІКВ мяняюць многае. Абурае і тое, што
такія змены ўвялі не на апошнім РТ, а толькі пасля іспыту. Усё, што мы можам
зрабіць — накіраваць афіцыйны электронны зварот і падпісаць петыцыю. Як вынік,
у многіх год і больш падрыхтоўкі ідуць кату пад хвост, таму што РІКВ захацелася
эксперыментаў.
Мінчанка Ангеліна да здачы беларускай мовы рыхтавалася ўвесь
год і разлічвала на вынік вышэйшы за 90 балаў (трэці этап РТ яна напісала на 85).
— Сёння раніцай мне прыйшло смс з вынікам: 78 балаў. У мяне
адразу ж здарыўся прыступ істэрыкі, — успамінае яна. — Я расплакалася і
патэлефанавала маме і бабулі. Іх рэакцыя была спакойнай: яны абедзве мяне
супакоілі і сказалі, што гэта яшчэ не канец, наперадзе другія ЦЭ і ЦТ. Але
асабіста я ўжо ні ў чым не ўпэўнена.
Аднакласніцы і сяброўкі Ангеліны атрымалі падобныя вынікі.
Дзяўчына кажа, што ў паловы класа першасны бал супаў з тэставым, хоць раней
падобнага не здаралася.
— Усе плакалі, абураліся, тэлефанавалі ў РІКВ. Спачатку нам паведамлялі, што адбылася памылка і пералік ужо ідзе, але праз пару гадзін з'явілася афіцыйная заява аб тым, што ўсе балы падлічаны правільна, — распавядае выпускніца. — Тады мы цалкам упалі ў адчай. Я хацела паступіць на бюджэт у МДЛУ на перакладчыцкі факультэт, але цяпер сумняваюся, што патраплю нават на платнай аснове. Калі толькі на настаўніка ісці. Вельмі крыўдна. Столькі планаў, столькі надзей, увесь год на нервах, а ў выніку атрымліваеш гэта. Усе цяпер упэўнены ў тым, што раз так ацанілі першы ЦЭ, на добрыя вынікі наступнага экзамену і ЦТ разлічваць не варта.
Адзінаццацікласнік Павел з Пінска вынікамі таксама
незадаволены, хоць і рэагуе на сітуацыю менш эмацыйна. Вынік школьніка — 74 балы.
— Калі глядзець па табліцы пераводу першаснага бала ў
тэставы, якая выкарыстоўвалася на ўсіх этапах РТ 2022-2023, у мяне павінна было
быць 87. Не скажу, што для мяне гэта крытычна, але пэўная крыўда прысутнічае, —
разважае ён. — Цяпер я наогул не ведаю, які прахадны бал будзе сёлета на маю
спецыяльнасць. Уладальнікі дыплома на рэспубліканскай алімпіядзе могуць
паступаць без экзаменаў на тыя спецыяльнасці, для якіх прадмет алімпіяды
з'яўляецца профільным. У мяне гэта геаграфія. І з улікам таго, што дыпломаў на алімпіядзе 17, а бюджэтных месцаў на тую спецыяльнасць, куды хачу паступаць, усяго 18,
то наогул невядома, колькі месцаў застанецца і які будзе конкурс.
Абураюцца школьнікі і тым, што аб змене метадаў падліку РІКВ
паведаміў толькі ў панядзелак. Таму шмат хто проста не быў гатовы да вынікаў, упэўнены
Павел.
— Усё ў шоку. Мне цяпер найбольш крыўдна і сумна назіраць за
тымі, каго вынікі прама канкрэтна знервавалі і хто вельмі складана гэта
перажывае. Таму адназначны дызлайк РІКВ, — заяўляе ён. — Варта было
папярэдзіць пра змены загадзя, а ў ідэале правесці хаця б адзін этап РТ у гэтым
навучальным годзе з гэтай сістэмай пераводу балаў.
Ірына з Віцебскай вобласці адзначае:
заданні на ЦЭ здаліся нескладанымі, пытанні выклікалі толькі два з іх (менавіта
гэтыя пытанні ў дзяўчыны і аказаліся часткова вернымі).
— Рэпетыцыйны ЦЭ я напісала на 92, прыкладна такі вынік і
чакала. Якое ж было маё здзіўленне, калі пры двух часткова правільных заданнях і
першасных балах 78 з 80 я ўбачыла выніковы 86! — абураецца яна. — Нават не
паверыла спачатку. Потым наступіла стадыя гневу: маўляў, вы там зусім ачмурэлі?
Вядома, я чакала пераліку ад РІКВ. Як можа адна памылка каштаваць 14 балаў? І
вось, здаецца, дасягнула мэты, за год будзе дзясятка (у атэстат ставяць 10, калі
набіраеш больш за 82 балы), але па гонары б'е вельмі моцна. Гэта не мае балы. У
мяне проста іх скралі.
Бацькі Ірыны ўспрынялі вынікі ЦЭ без асаблівага абурэння: у
атэстат пойдзе 10, а ва ўніверсітэт дзяўчына разлічвае паступіць з дапамогай
дыплома ўніверсітэцкай алімпіяды.
— Але калі б яго не было, у мяне і ў іх была б істэрыка, —
упэўнена яна. — Мала таго, што далі менш, чым ты заслужыла, дык яшчэ і
«стобальнікаў» у разы больш, чым раней. І цягацца з імі складана, таму што балы
ідуць так: 100, 92, 86, 82. Восем балаў — эта вельмі шмат. А чатырнаццаць — тым
больш.
Калі толькі ўбачыла вынікі, было нават смешна, успамінае
выпускніца. Але тлумачыць гэта шокам і нявер'ем у тое, што лічбы сапраўды
будуць такімі.
— Але здзіўленне прайшло і змянілася злосцю: у нас нахабна
забіраюць велізарную колькасць балаў. Хтосьці мяняе мэту з БДУ на педагагічны,
хтосьці ўжо напявае «Добры дзень, неба ў аблоках», — апісвае яна настрой сярод
абітурыентаў. — У маёй аднакласніцы істэрыка: яна залатая медалістка, у яе
сярэдні бал атэстата 9,8, усе яе РТ і тэсты вышэйшыя за 90 балаў. Ну не магла яна
напісаць на 78!
Абураная вынікамі і мама адзінаццацікласніка Таццяна з
Ляхавічаў. Яе сын тройчы здаваў рэпетыцыйны тэст па рускай, і ўсе тры вынікі былі вышэйшымі за 70. Але сённяшні вынік выклікаў шмат пытанняў.
— Ён атрымаў 52, гадавая адзнака 9 балаў. Але цяжка
паверыць, што дзіця стала значна дурнейшым больш чым на 20 балаў, — разважае
яна. — І ўжо зусім нерэальна, што РІКВ прызнае памылковы падлік або збой
сістэмы.
Сын жанчыны планаваў паступаць у БНТУ. Настрой у яго
прыгнечаны, сама Таццяна абураная і засмучаная. Прычым, мяркуючы па бацькоўскім чаце, дадае яна, падобныя настроі ва ўсіх.
— Мінус 20 балаў, вядома, упэўненасці не дадаюць. А гэта ж
толькі адзін з чатырох складнікаў. Страшна ўявіць, што будзе па матэматыцы, —
кажа чытачка. — Ніякага даверу да падліку балаў, адно суцэльнае бяссілле.
Відавочна, што адбыўся нейкі збой, але ж ні за што не прызнаюцца ж.
Як разлічваюцца балы і ў чым праблема сёлета
За кожнае правільна ці часткова дакладна выкананае заданне выпускніку налічваюцца 1 або 2 першасныя балы (у залежнасці ад тыпу задання). Затым сума першасных балаў абітурыента пераводзіцца ў тэставы бал. Гэта робіцца з дапамогай адмысловай формулы, якой РІКВ не публікуе.
У 2022 годзе першасныя і тэставыя балы ЦТ па рускай і
беларускай мовах суадносіліся такім чынам, на што і арыентаваліся цяперашнія
абітурыенты. Мяркуючы па іх словах, на рэпетыцыйным ЦЭ балы лічыліся гэтаксама.
Афіцыйнай табліцы за 2023 год пакуль няма, але, як
удакладнілі ў Міністэрстве адукацыі, сістэма падліку сёлета была наступная. Да
75 балаў першасны бал адпавядае тэставаму. То-бок, калі вы набіраеце 63
першасныя балы, то ў сертыфікаце пакажуць столькі ж. А вось калі першапачатковы
вынік будзе вышэйшым, то пры пераводзе дадасца каэфіцыент. Таму ўзрастае значэнне
памылкі для тых, хто рашыў тэст добра. І ўжо за адзін-два няправільныя адказы можна атрымаць толькі 70-80 балаў.
Як распавядалі крыніцы, сярод абітурыентаў
распаўсюджваецца версія, што такую сістэму падлікаў РІКВ абраў таму, што тэсты
сталі лягчэй.
— За кошт гэтага, мабыць, вырашылі панізіць вынікі
ўсіх астатніх. Вельмі крыўдна, і ніякай справядлівасці, — пракаментавала такі
варыянт Ангеліна.