Эксперт: Школа ўсё больш і больш выкарыстоўвае аўтарытарныя метады навучання і выхавання

Выкладчык, у мінулым палітвязень Сяргей Альшэўскі — пра прысуды кіраўніку рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўгену Лівянту і яго сям'і, а таксама пра тое, як могуць бацькі супрацьстаяць ідэалогіі ў школах.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

У Мінску вынесены прысуд педагогу, кіраўніку рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўгену Лівянту — тры гады «хатняй хіміі». Таксама па тры гады «хатняй хіміі» далі дачцэ Лівянта Ганне і яго зяцю Мікіту Дразду.

Жонка педагога Юлія, дачка Галіна і калега па «100 балаў» Аляксей Іваноў прысуджаныя да двух з паловай гадоў «абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».

— Я рады, што Яўген Лівянт на ўмоўнай свабодзе, але ў той жа час настаўнік, які дае вынікі, у якога тысячы паспяховых кейсаў, за кратамі ў кайданках, — гэта нейкі жах, — падзяліўся з «Салідарнасцю» Сяргей Альшэўскі. — З аднаго боку, ты радуешся, з другога — разумееш, што гэта сюррэалізм. Чаму мы радуемся?

У мяне ў каментарах у сацсетцы быў жарт, што Лівянта прысудзілі да трох гадоў «хіміі», хоць ён рэпетытар па фізіцы і матэматыцы. То-бок, вы проста ўявіце, у такіх умовах беларусы радуюцца, жартуюць. Гэта новая нерэальная рэальнасць, якая ўсведамленню не паддаецца.

Я не ведаю, якія ўмовы на «хатняй хіміі», і ці зможа ён ажыццяўляць сваю дзейнасць. Ведаю гісторыю з іншай сферы, калі адзін з беларускіх венчурных інвестараў атрымаў «хатнюю хімію» і развівае сваю аграсядзібу. Але чалавек усё роўна адбывае пакаранне.

Дзякуй Богу, што Лівянт не за кратамі і можа быць адносна свабодным і карысным сваім блізкім і родным.

— Як вы ацэньваеце вынікі гэтага навучальнага года для школьнікаў? Што думаеце пра рост прапаганды і ідэалогіі ў школах?

— На мой погляд, дзеці ў чарговы раз пражылі чарговы непатрэбны стрэс — гэта цэнтралізаваны іспыт. З ідэалогіяй, мяркуючы па колькасці вакансій намеснікаў дырэктараў школ па ідэалагічнай і выхаваўчай працы, усё добра — ніхто не хоча туды ісці.

Але ёсць адна вялікая праблема. Школа ўсё больш і больш выкарыстоўвае аўтарытарныя метады навучання і выхавання, на жаль, пры гэтым забывае, што пры аўтарытарным метадзе ў адукацыйным працэсе дзеці вырастаюць малагаваркімі, агрэсіўнымі і канфліктнымі. Аўтарытэтных настаўнікаў, якія маглі падрыхтаваць таленавітых дзяцей, становіцца ўсё менш і менш, і гэта прыводзіць да негатыўных наступстваў.

Школы праяўляюць абыякавасць да таго, што адбываецца, спрабуючы адгароджвацца, але яны павінны разумець, што прадукт абыякавасці — гэта азлобленыя дзеці. Моцна мяняюцца падыходы да адукацыі, і гэтыя змены, на мой погляд, у перспектыве 5-10 гадоў дадуць негатыўныя наступствы. Будуць канфліктныя і азлобленыя дзеці, і з гэтым трэба будзе нешта рабіць.

— Вы нядаўна пісалі пра тое, што ў шэрагу школ класныя кіраўнікі раз на месяц будуць правяраць тэлефоны сваіх вучняў, глядзець сацсеткі. Наколькі гэта масавая з'ява?

— У Мінску было пацверджанне з некалькіх устаноў адукацыі. Па вобласці пацверджанняў не атрымалі. Але практычна ўсе ўстановы адукацыі на сваіх сайтах размясцілі палажэнні аб забароне выкарыстання мабільных тэлефонаў.

Калі прааналізаваць гэтыя палажэнні, то вельмі часта сустракаецца тэзіс аб тым, што ў дзіцяці могуць выключыць тэлефон на нявызначаны тэрмін за парушэнне правілаў карыстання. Гэта адбываецца з 2020-га года.

Я не ведаю, як гэтаму супрацьстаяць, таму што відавочна, што гэта незаконна, але відавочна, што, калі сёння студэнты юрфака БДУ запісваюць «пакаянныя» відэа на фоне лагатыпаў факультэта, то разумееш, што гэта новая нерэальная рэальнасць. Як тут шукаць логіку і здаровы сэнс?

— Як думаеце, якіх мэт дамагаецца сістэма адукацыі, забараняючы вучням у школе карыстацца мабільнымі тэлефонамі?

— У гэтым для мяне і крыецца пытанне. Але адназначна, што гэта не адукацыйная мэта. Зразумела, што ўстановы адукацыі іншай мэты не могуць дасягаць, але ім ставяць яе. Кантроль за тым, што дзеці праглядаюць, пра што яны размаўляюць са сваімі бацькамі. Тут мноства можа быць гіпотэз. Але можа ўсё аказацца так, што гэта проста вар'яцкая ідэя.

У 2014 годзе, калі працаваў у Інстытуце адукацыі, я праводзіў семінары па тэме «Школа ў кантакце з вучнямі» на прадмет таго, што настаўнікам трэба ўзаемадзейнічаць з навучэнцамі ў сацсетках. Калі мае зносіны з дзіцем у той прасторы, дзе ён ёсць, гэта ўсталёўвае давер. А цяпер яны робяць усё, каб забіць гэты давер.

Вы проста ўявіце: дзяўчынка напісала ў тэлефоне хлопчыку, што яна яго любіць, і гэта становіцца бачным. Успомніце, што адбывалася з вамі альбо з вашымі аднагодкамі, калі забіралі такога роду запіску ў класе, і настаўнік, які выяўляў непрафесіяналізм, зачытваў гэта ўслых перад класам, А цяпер перанясіце гэта на дзяцей. Нездарма ж гарантавана канстытуцыйнае права на асабістае жыццё, на таямніцу карэспандэнцыі. І вось базавыя каштоўнасці бурацца — што будзе з гэтымі людзьмі?

Калі б было зразумела, якую мэту мае Мінадукацыі, спускаючы гэтыя дакументы, стала б прасцей шукаць спосабы супрацьстаяць гэтаму.

У мяне толькі адно бачанне, як супрацьстаяць: бацькі павінны стаць аўтарытэтамі для сваіх дзяцей і надаваць ім больш часу і ўвагі, каб маглі супрацьстаяць супярэчнасцям, якія негатыўна на іх уплываюць цяпер.

— У нядаўнім звароце да бацькоў Святлана Ціханоўская прыводзіць прыклад: ёй напісаў бацька ліцэіста, які распавёў, што дзяцей з «фізмата» зазываюць у «патрыятычныя» класы. «Іх завабліваюць туды вялікай колькасцю фізкультуры, бясплатным басейнам, абяцаюць паблажкі пры паступленні і распавядаюць, як гэта выдатна — быць патрыётам. Вось толькі ў іх патрыятызме паняцце «Радзіма» падмяняюць на «Лукашэнку». І калі бацькі своечасова не ўмяшаюцца, з дзяцей зробяць будучых прапагандыстаў і сілавікоў».

На думку Ціханоўскай, бацькі могуць не пускаць дзяцей на ідэалагічныя ўрокі, экскурсіі і мерапрыемствы, асабліва ў выходныя дні, а настаўнікі могуць адмаўляцца праводзіць такія мерапрыемствы або негалосна сабатаваць іх.

Як вы лічыце, наколькі гэта рэальна ў цяперашняй сістэме?

— А наколькі рэальна ў цяперашняй сістэме выйсці ў цэнтр Мінска з жоўта-сінімі стужачкамі ў валасах і проста прайсціся? Ці магчыма такое, што хтосьці будзе старацца супрацьстаяць і будзе старацца не адпускаць дзяцей на ідэалагічныя мерапрыемствы? Вядома, магчыма. Але калі стаіць мэта татальнага прамывання мазгоў, то яе дасягненне будуць кантраляваць, і ўсіх, хто гэта сабатуе, будуць умоўнымі «СОПамі» палохаць паводле класікі.

Таму  аснова — інстытут бацькоўства. Гэта пункт апоры, які можа дапамагчы дзіцяці захаваць здаровай сваю псіхіку і навучыць разумець, што такое добра і што такое дрэнна.

— Гэта значыць, атрымліваецца, калі бацькі зробяць дома дзіцяці прышчэпку ад прапаганды, то яно, прысутнічаючы на ідэалагічных мерапрыемствах, зможа аддзяліць зерне ад жыціцы?

— Абсалютна дакладна. У цяперашняй сітуацыі супярэчнасці палягаюць у тым, што не дапускаецца магчымасці бачыць тое, што адбываецца інакш, выказваць сваё меркаванне. У старэйшым узросце ўзрастае колькасць гэтых супярэчнасцяў, якім дзіця можа супрацьстаяць і рэагаваць на іх.

Інстытут бацькоўства, размовы, прышчэпка супраць прапаганды — гэта, на мой погляд, пакуль адзіны спосаб супрацьстаяць гэтаму, таму што мэтаў мы не ведаем. Гэта можа быць дзеянне дзеля дзеяння, каб забяспечыць сваю бяспеку ва ўтульным крэсле, і няма мэты кантролю, зачысткі.

Адзін з беларускіх псіхолагаў прывёў прыклад: чалавек не можа жыць у вадзе, але дзіця можна навучыць плаваць, і ў выпадку патопу, паводкі ён зможа выжыць.

Мы разумеем, што пакуль не паводка, але хваляванне ў моры адукацыі адбываецца сур'ёзнае, і калі дзіця не зможа навучыцца плаваць, то гэта ўсё накрые яго.