Скандал з фальсіфікацыямі на Цэнтралізаваным экзамене ў Беларусі

У панядзелак, 29 траўня, адзінаццацікласнікам прыйшлі вынікі ЦЭ па беларускай і рускай мовах. Праўда, да лічбаў у выпускнікоў і іх бацькоў ёсць вялікія пытанні: яны сцвярджаюць, што вынікі палічылі няправільна. Афіцыйных каментароў пра гэта няма ні ад РІКВ, ні ад Міністэрства адукацыі.

imgl0339__1__logo_1.jpg

Як расказалі чытачы «Люстэрка», пытанняў да вынікаў экзамену аказалася шмат. Яны падзяліліся з намі прыкладамі няслушных падлікаў.
Так, адна з абітурыентак здавала экзамен па рускай мове. Усяго ў тэсце было 40 пытанняў, на 37 з якіх дзяўчына адказала правільна і яшчэ на адно — часткова правільна. Але, мяркуючы са звестак у асабістым кабінеце, яе працу ацанілі на 82 балы.
Яшчэ адна выпускніца здавала беларускую мову. У 40 пытаннях яна зрабіла дзве памылкі і яшчэ на два адказала часткова правільна. Такі вынік РІКВ ацаніў у 74 балы.
А ў трэцяй адзінаццацікласніцы наогул не было памылак: у асабістым кабінеце 39 правільных адказаў, а на адно пытанне дзяўчына адказала часткова. Праўда, няпоўны адказ каштаваў ёй 8 балаў — у выніку яна атрымала 92.
— У кагосьці наогул вынікі 101 і 103 балы (скрыншоты асабістага кабінета ёсць у распараджэнні рэдакцыі. — Заўв. рэд.). Ці, напрыклад, у кагосьці 0,0000000000074 бала або нават нуль. Як такое магчыма?! Усе ў шоку, — абураецца наш чытач.
— Калі не будзе пераліку, многія нават не паступяць праз РІКВ, — абмяркоўваюць школьнікі ў чатах. Многія хлопцы ўжо жартуюць, што гатовыя служыць: «Ну, у войска заўсёды можна. Спадзяюся, сустрэнемся ў адной роце, мужыкі».
Пасля атрымання адказаў засмучаныя школьнікі і іх бацькі атакавалі гарачую лінію Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ).
— Нам адказваюць, што адбыўся збой і балы пералічаць. Абяцалі зрабіць гэта ўжо да сённяшняга вечара, — перадаюць па чатах выпускнікі.
Аператыўна датэлефанавацца да аператара гарачай лініі РІКВ мы не змаглі, у інстытуце не здымалі трубку. Таксама аператыўна атрымаць каментар не ўдалося і ў Міністэрстве адукацыі. Як толькі мы атрымаем каментар, адразу ж абновім навіну.
Як павінныя лічыць балы на ЦЭ? За кожнае правільна ці часткова правільна выкананае заданне выпускніку налічваюцца 1 ці 2 першасныя балы (у залежнасці ад тыпу задання). Затым сума першасных балаў абітурыента пераводзіцца ў тэставы бал. Гэта робіцца з дапамогай спецыяльнай формулы, якую РІКВ не публікуе.
У 2022 годзе першасныя і тэставыя балы ЦТ па рускай і беларускай мовах суадносіліся такім чынам, табліцы за 2023 год пакуль няма.
Нагадаем, ЦЭ ў Беларусі праходзіць першы год. Кожны выпускнік-2023 здаваў два цэнтралізаваныя экзамены. Адзін абавязковы — па рускай ці беларускай мове. Другі прадмет — на выбар. Заданні адаптавалі да базавага ўзроўню школьнай праграмы.
Балы ЦЭ ў асабістым кабінеце правільныя, пераліку не будзе. Пра гэта паведаміў дырэктар РІКВ Юрый Міксюк
Кіраўнік РІКВ назваў "фейкавымі" скрыны, якія з'явіліся ў Сеткі з вынікамі вышэй за 100 балаў за тэст або дробавымі значэннямі. Аднак ён паабяцаў, што сістэма будзе яшчэ раз праверана.
— Тэхнічны стан сістэмы адлюстравання вынікаў ЦЭ на сайце РІКВ будзе яшчэ раз правераны, — сказаў Юрый Міксюк.