Праз 9 месяцаў рэжым плануе новы цырк з выбарамі. Як рыхтуюцца фальсіфікацыі

Магчымасці фальсіфікацыі выбараў у Беларусі шматступеньчатыя і прадуманыя да дробязей. Базавых асноў для фальсіфікацыі некалькі.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Схема атрымліваецца наступная.
Па-першае, падлік галасоў на ўчастку ажыццяўляецца так, каб назіральнікі не бачылі бюлетэняў, піша «Наша Н*ва».
Па-другое, людзей агітуюць і змушаюць да датэрміновага галасавання, пры гэтым ніхто не кантралюе скрынь у яго дні. Гэта дае неабмежаваныя магчымасці для ўкідаў і падмены бюлетэняў. Нават калі нейкая камісія ўпрэцца і палічыць галасы сумленна, падмененыя бюлетэні датэрміновага галасавання дазволяць сказіць вынік на карысць патрэбнага кандыдата.
Па-трэцяе, бюлетэні не захоўваюцца пасля выбараў, а спальваюцца. Гэта робіць немагчымым перападлік галасоў.
Па-чацвёртае, старшынямі і сакратарамі камісій прызначаюць выключна лаяльных і звязаных з сістэмай людзей. Даходзіць да таго, што выбаркамам кіраваў тытунёвы магнат Тапузідзіс — адзіны прыватнік, каму на той час было дазволена выпускаць цыгарэты.
Па-пятае, вынікі галасавання па ўчастках нідзе не вывешваюцца і не публікуюцца. Нават калі ўсе камісіі па нейкай акрузе палічаць галасы сумленна, раённы, абласны ці рэспубліканскі выбаркам можа абвесціць іншы, загадзя вызначаны вынік, і ніхто не зможа даказаць адваротнае.
Па-шостае, выбаркамы рэгіструюць кандыдатаў адвольна, па ўказаннях Адміністрацыі прэзідэнта. Яскравым прыкладам была нерэгістрацыя ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі, які сабраў найбольшую колькасць подпісаў за сваё вылучэнне, і рэгістрацыя кандыдатаў-спойлераў Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня, якія наўрад ці былі здольныя сабраць патрэбныя 100 тысяч у сапраўднасці.
Па-сёмае, было ўведзена ліцэнзаванне сацыялагічнай дзейнасці, і незалежныя ад дзяржавы саццэнтры вымушаны спыніць апытанні на палітычныя тэмы. Немагчыма праверыць вынікі выбараў, супаставіўшы іх з вынікамі сацапытанняў. Тыя «вынікі сацыялагічных апытанняў», якія публікуюць падкантрольныя лукашыстам цэнтры, гэта лічбы, напісаныя ў Адміністрацыі прэзідэнта ў якасці ўстановачных.
Па-восьмае, нават пры крайне абмежаваных магчымасцях назіраць назіральнікаў часта не рэгіструюць або арыштоўваюць на ўчастках.
Па-дзявятае, выбаркамы фарміруюцца, як правіла, з супрацоўнікаў, залежных ад начальніка той самай установы, што ўзначальвае гэты выбаркам. У адрозненне ад іншых краін, у Беларусі нават тыя адсеяныя сітам выбаркамаў кандыдаты не маюць права паслаць сваіх прадстаўнікоў у выбаркам.
Па-дзясятае, кожны член камісіі лічыць сваю частку стоса, не бачачы агульнай карціны (ці ствараючы для сябе абарончую ілюзію, што ён не разумее агульнай карціны). Агульную карціну пры жаданні можа ўбачыць толькі старшыня камісіі, але яна яму не патрэбна — у яго могуць загадзя быць лічбы, якія трэба напісаць у пратакол.
Па-адзінаццатае, татальны кантроль над СМІ, стварэнне апарата прапаганды і, фактычна, прыватызацыя сілавых структур.
Пераконванне людзей, што ўдзельнічаць у выбарчых камісіях бяспечна і карысна для кар'еры, можа сведчыць, што ахвотных рабіць гэта ўсё ж не так і шмат. Фальсіфікацыя выбараў і ўзурпацыя ўлады могуць разглядацца як крымінальнае злачынства.
«Апроч таго, да выбараў у адносінах камісій будуць прыняты максімальныя меры бяспекі, а новыя асабістыя даныя давядзецца шукаць са свечкаю», — супакойваюць будучых удзельнікаў камісій.
А мы са свайго боку папярэджваем сябраў выбарчых камісій аб крымінальнай адказнасці за фальсіфікацыю выбараў любога ўзроўню.