Эрдаган перамагае на выбарах у Турцыі

«Пераможцам гэтых выбараў стаў увесь турэцкі народ», — заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган пасля сённяшняй меркаванай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах з 52% галасоў у другім туры супраць кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі Кемаля Кылычдараглу.

Фота AFP

Фота AFP


Вышэйшая выбарчая камісія пакуль не абвясціла канчатковыя вынікі, але, паводле апошніх звестак, Рэджэп Таіп Эрдаган набірае каля 53% галасоў. Такія лічбы былі агучаныя пасля ўскрыцця 75% скрыняў для галасавання. Ягоны супернік Кемаль Кылычдараглу набраў 47,9% галасоў. Такім чынам, Эрдаган замацоўвае за сабой уладу яшчэ на 5 гадоў, да 2028 года.
У другім туры выбараў прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі за галасы выбаршчыкаў змагаліся дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган, які мае імідж папуліста-клерыкала, і кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі кемаліст Кемаль Кылычдараглу.
У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог набраць неабходныя для перамогі 50% галасоў. За дзейнага прэзідэнта прагаласавалі 49,35% выбаршчыкаў, за апазіцыянера — 45%.
Эрдаган выступіў перад сваімі прыхільнікамі яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў, заявіўшы, што народ Турцыі на найбліжэйшыя пяць гадоў перадаў адказнасць за кіраванне краінай яму і ягонай адміністрацыі. 
Ён таксама назваў вынікі выбараў святам дэмакратыі і заявіў, што «пераможцам гэтых выбараў стаў увесь турэцкі народ».
Прыхільнікі Эрдагана выйшлі на вуліцы, размахваючы сцягамі Турцыі і партыі Эрдагана ПСР.

Фота Reuters

Фота Reuters

Лідары некаторых краін паспяшаліся павіншаваць Эрдагана з перамогай на выбарах яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў. Сярод тых, хто павіншаваў загадзя — прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і эмір Катара.
Рэджэп Эрдаган кіруе краінай — як прэм'ер-міністр ці прэзідэнт — ужо больш за 20 гадоў.