Чаму мы спадзяваліся на паразу Эрдагана?

Учора Рэджэп Тайіп Эрдаган, які кіруе Турцыяй больш за 20 гадоў, з мінімальным адрывам перамог на прэзідэнцкіх выбарах, абышоўшы кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі. Усё гэта выглядае амаль як трыумф дэмакратыі, асабліва для беларусаў, якія не звыклі да элегантных палітычных манеўраў. Але не будзем падманвацца.

Фота Reuters

Фота Reuters

Узгадаем асноўныя аспекты крытыкі на адрас урада Эрдагана з боку дэмакратычнай супольнасці.

Рэпрэсіі супраць курдаў

Курдскае пытанне ў Турцыі было даўнім прадметам канфлікту, яшчэ да прыходу да ўлады Рэджэпа Тайіпа Эрдагана. Курды — этнічная група з асаблівай мовай і культурай — складаюць значную частку насельніцтва ў Турцыі, а таксама ў Іране, Іраку і Сірыі. У Турцыі яны гістарычна сутыкаліся з дыскрымінацыяй і абмежаваннем сваіх культурных правоў, у тым ліку з забаронай на выкарыстанне курдскай мовы. Некаторыя курдскія групы, такія як Рабочая партыя Курдыстана (РПК), з 1980-х гадоў вядуць баявую кампанію супраць турэцкай дзяржавы, дамагаючыся большай аўтаноміі ці незалежнасці.

Пры кіраванні Эрдагана падыход да курдскага пытання змяніўся. На пачатку 2010-х урад ініцыяваў мірны працэс з РПК, які прадугледжваў некаторыя саступкі ў адносінах да культурных правоў.

Аднак у 2015 годзе мірны працэс быў перапынены, адбылася сур’ёзная эскалацыя канфлікту. Пасля зрываў мірнага працэсу мелі месца інтэнсіўныя баявыя дзеянні супраць РПК на пераважна курдскім паўднёвым усходзе Турцыі. Гэтыя аперацыі прывялі да шматлікіх ахвяр сярод цывільнага насельніцтва і вымушанага перасялення людзей.

Фота Depositphotos

Фота Depositphotos

Многія з сяброў і прыхільнікаў пракурдскай Народна-дэмакратычнай партыі (ДПН) былі арыштаваныя па палітычных матывах і прыцягнутыя да адказнасці па абвінавачаннях у тэрарызме.

Таксама вядомыя выпадкі рэпрэсій супраць курдскай мовы і культуры. Актывісты і журналісты, якія асвятляюць курдскае пытанне або крытыкуюць падыход урада, сутыкаліся з пераследам.

Турэцкія вайскоўцы правялі некалькі трансгранічных аперацый у Іраку і Сірыі, скіраваных супраць РПК і яе філіялаў.


У 2016-м правёў чысткі і масавыя арышты ў краіне

Пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі 15 ліпеня 2016 года ўрад аб'явіў надзвычайнае становішча, якое працягнулася да ліпеня 2018 года. У гэты перыяд Эрдаган і яго адміністрацыя ініцыявалі шырокамаштабную чыстку, скіраваную на знішчэнне любых магчымых унутраных пагроз.

Салдаты, якія распачалі спробу ваеннага перавароту, здаюцца на мосце праз Басфор у Стамбуле. Фота Getty Images

Салдаты, якія распачалі спробу ваеннага перавароту, здаюцца на мосце праз Басфор у Стамбуле. Фота Getty Images


Урад Эрдагана сцвярджаў, што пераварот быў арганізаваны рухам, які ўзначальвае Фетхулах Гюлен, турэцкі прапаведнік, які пражывае ў Злучаных Штатах. Турэцкі ўрад лічыць, што Гюлен і яго паслядоўнікі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пранікалі ў розныя дзяржаўныя ўстановы з мэтай звяржэння ўрада. Гюлен катэгарычна адмаўляў сваё дачыненне да спробы дзяржаўнага перавароту.

Чысткі былі скіраваныя супраць канкрэтных асоб і груп, што падазраюцца ў сувязях з рухам Гюлена. Яны закранулі мноства сектараў:

Вайскоўцы: Каля паловы ўсіх генералаў і адміралаў турэцкіх узброеных сіл былі звольненыя альбо затрыманыя.

Судовая ўлада: Тысячы суддзяў і пракурораў былі звольненыя за меркаваныя сувязі з рухам Гюлена. Гэта быў значны працэнт ад агульнай колькасці суддзяў і пракурораў у Турцыі.

Дзяржаўная служба і навуковыя колы: больш за 100 000 служачых дзяржаўнага сектара, у тым ліку настаўнікі і выкладчыкі ўніверсітэтаў, былі звольненыя або адхіленыя ад пасады. Універсітэты, звязаныя з рухам Гюлена, былі зачыненыя.

Медыя: СМІ, звязаныя з рухам Гюлена, былі зачыненыя, а многія журналісты арыштаваныя.

Бізнесоўцы: Некалькі кампаній, меркавана звязаных з рухам Гюлена, былі захопленыя дзяржавай.

Праваабарончыя групы і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Еўрапейскі Саюз і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, выказалі сур'ёзную заклапочанасць наконт маштабаў і характару чыстак. Рэпрэсіі былі скіраваныя не толькі на тых, хто мог быць датычны да спробы дзяржаўнага перавароту, але і на крытыкаў урада Эрдагана. Таксама вядомыя выпадкі катаванняў і іншых відах жорсткага абыходжання з затрыманымі.

На пачатку 2021 года ўрад Эрдагана заявіў, што больш за паўмільёна чалавек былі арыштаваныя па абвінавачанні ў спробе дзяржаўнага перавароту.

У 2017-м змяніў пад сябе канстытуцыю

У 2017-м Эрдаган і яго кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця (ПСР) прапанавалі ўнесці істотныя змены ў Канстытуцыю Турцыі. Пакет канстытуцыйных рэформаў быў скіраваны на пераўтварэнне парламенцкай сістэмы Турцыі ў прэзідэнцкую сістэму — прэзідэнту надавалася значна больш паўнамоцтваў. Змены былі вынесеныя на рэферэндум 16 красавіка 2017 г. і ў канчатковым выніку адобраныя з невялікім адрывам.

Найбольш прыкметнай зменай стала канцэнтрацыя значных паўнамоцтваў у руках прэзідэнта. Раней прэзідэнт выконваў у асноўным цырыманіяльную ролю з абмежаванымі выканаўчымі паўнамоцтвамі, а прэм'ер-міністр выконваў функцыі кіраўніка ўрада.

Прэзідэнт, ён жа Эрдаган, атрымаў права выдаваць указы, якія маюць сілу закона, прызначаць і звальняць міністраў без ухвалення парламента, распускаць парламент і аб'яўляць датэрміновыя выбары. Прэзідэнт таксама атрымаў шырокія паўнамоцтвы па назначэнні суддзяў і пракурораў, а таксама высокапастаўленых чыноўнікаў.

Да таго ж канстытуцыйныя змены адмянілі ранейшае абмежаванне на два тэрміны для прэзідэнтаў. Прэзідэнт таксама атрымаў права назначаць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары адначасова.

Паўнамоцтвы турэцкага парламента былі значна скарочаныя ў адпаведнасці з новай сістэмай. Парламент захаваў заканадаўчыя функцыі, але яго кантроль над выканаўчай уладай быў істотна зменшаны. Прэзідэнт атрымаў права выдаваць указы па пытаннях, якія раней уваходзілі ў кампетэнцыю парламента.

Таксама канстытуцыйныя папраўкі ўнеслі змены ў судовую сістэму, стварыўшы пагрозы незалежнасці судовай улады.

А яшчэ канстытуцыйныя змены надалі прэзідэнту права аб'яўляць надзвычайнае становішча. У час надзвычайнага становішча прэзідэнт мае права выдаваць указы, якія маюць сілу закона і абмяжоўваюць пэўныя правы і свабоды.

Гэтыя канстытуцыйныя змены былі сустрэтыя сур'ёзнай крытыкай унутры краіны і за мяжой. Рэформы сканцэнтравалі празмерную ўладу ў руках прэзідэнта, падарвалі сістэму стрымак і проціваг і парушылі дэмакратычныя прынцыпы.

Рэпрэсіі супраць журналістаў, абмежаванне свабоды слова

Турцыя ў гэтым годзе заняла 165-е месца рэйтынга свабоды прэсы са 180-ці, апынуўшыся ажно на 8 пазіцый ніжэй за Беларусь.

Урад Эрдагана выкарыстоўвае розныя метады кантролю над медыйным ландшафтам, у тым ліку цэнзуру, як адкрытую, так і прыхаваную, а таксама выкарыстанне прававых механізмаў для пераследу журналістаў, СМІ і платформ сацыяльных сетак.

Закон аб барацьбе з тэрарызмам у гэтай краіне таксама выкарыстоўваецца для судовага пераследу журналістаў і актывістаў. Адпаведны закон у Турцыі вельмі шырока трактуе «тэрарыстычную прапаганду», з яго дапамогай крыміналізуецца амаль любая крытыка ўрада.

Таксама надзвычай шырока ў Турцыі трактуецца і спрыяе крыміналізацыі антыўрадавых выказванняў закон аб нацыянальнай бяспецы.

Да таго ж у Турцыі заблакіраваны доступ да тысяч вэб-сайтаў, уключаючы платформы Twitter і YouTube. Урад адсочвае анлайн-актыўнасць і арыштоўвае людзей за выказванне меркаванняў у сацыяльных сетках.

У апошнія гады многія незалежныя турэцкія СМІ сутыкнуліся з надзвычайным ціскам. Урад захапіў кантроль над некалькімі медыякампаніямі, у тым ліку газетамі, тэлеканаламі і радыёстанцыямі, і кінуў за краты журналістаў за крытычныя публікацыі.

У выніку многія журналісты і працаўнікі СМІ былі вымушаныя звярнуцца да самацэнзуры, а некаторыя пакінулі краіну, ратуючыся ад пераследу. Тыя, хто застаецца, сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі і рызыкамі.

У нас заўсёды былі праблемы са свабодай прэсай, але пры Эрдагане стала яшчэ горш: за 30 гадоў журналісцкага досведу цяперашнюю сітуацыю я магу параўнаць толькі з перыядам пасля перавароту 1980 года, — каментавала ў 2020 годзе выданню The Insider сітуацыю са свабодай прэсы ў краіне турэцкая журналістка Бану Гювэн. — Але нават тады апазіцыйныя газеты працягвалі існаваць. А зараз урад прыняў закон, скіраваны на абмежаванне свабоды слова і на лічбавых платформах таксама. У маёй краіне існуюць усе віды цэнзурных інструментаў. Закрыццё СМІ, забарона на трансляцыі, блакіроўка вэб-сайтаў, пакаранне журналістаў усімі магчымымі спосабамі. Урад пагражаў і ўладальнікам СМІ, так што зараз засталіся ўсяго 2-3 апазіцыйныя тэлеканалы.

Знішчэнне незалежнасці судовай сістэмы

Незалежнасць судовай улады з'яўляецца найважнейшай апорай дэмакратычнага грамадства.

Урад Эрдагана ўдзельнічаў у прызначэнні і прасоўванні па службе суддзяў і пракурораў. У Вышэйшую раду суддзяў і пракурораў былі ўнесеныя змены, якія ўзмацнілі ўплыў урада на судовую сістэму.

Як адзначалася вышэй, пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе ўрад Эрдагана правёў масавыя чысткі ў судовай сістэме, у выніку якіх былі звольненыя і арыштаваныя тысячы суддзяў і пракурораў.

Таксама ўрад Эрдагана абвінавачваюць у аказанні палітычнага ціску на судовую сістэму, асабліва ў гучных справах. Крытыкі сцвярджаюць, што гэтае ўмяшанне падрывае бесстароннасць і незалежнасць судовай улады, падрываючы давер грамадства да прававой сістэмы.

Суддзі і пракуроры, якія выносілі рашэнні супраць урада або разглядалі справы, звязаныя з палітычнымі пытаннямі, сутыкнуліся з арыштамі, судовым пераследам і звальненнямі.

Заля суда ў Турцыі. Фота Hbrma.com

Заля суда ў Турцыі. Фота Hbrma.com

Адзін з галоўных саюзнікаў Пуціна

Нягледзячы на складаныя стасункі і пастаўку байрактараў Украіне, Эрдаган застаецца важным саюзнікам кіраўніка дзяржавы-тэрарыста. Для Расіі, якая аказалася ізаляванай ад Захаду пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Турцыя з'яўляецца вакном у свет. 

У адносінах да вайны ва Украіне ўрад Эрдагана дэманструе цуды дыпламатыі. Турцыя, якая з'яўляецца сябрам NATO, не ўвяла ніякіх санкцый супраць Масквы і да гэтага часу падтрымлівае адносіны з ёю, адначасова пастаўляючы зброю Украіне.

Паколькі худы мір лепш добрай вайны, Пуцін падтрымаў Эрдагана на выбарах 2023. 

Эрдаган побач з беспілотнікам Bayraktar

Эрдаган побач з беспілотнікам Bayraktar