Паміж Нікарагуа і Аманам. Беларусь і іншыя аўтсайдары Сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы

У Беларусі незалежныя медыя разгромленыя, і здаецца, што горш быць не можа. Але згодна з абноўленым рэйтынгам краін свету па індэксу свабоды прэсы, Беларусь займае толькі 157-е месца са 180-ці. Паглядзім, як справы ў нашых суседзяў — па мапе і па рэйтынгу.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

У дзень свабоды прэсы, што традыцыйна адзначаецца ў свеце 3 траўня, быў абноўлены індэкс свабоды прэсы (Worldwide Press Freedom Index), які штогод абнаўляецца арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» («Reporters without Borders»). У рэйтынгу прадстаўленыя 180 краін. Беларусь у ім займае пачэснае 157-е месца. Для нашай краіны гэтая лічба ўжо стала традыцыйнай — за апошняе 10-годдзе Беларусь займала яго 5 разоў, што адпавядае дзяржаўнай палітыцы стабільнасці. Найлепшы за апошнія 10 гадоў вынік быў дасягнуты ў 2019-м і, як не дзіўна, у 2020-м (бо быў агучаны занадта рана, да вырашальных падзеяў) — тады Беларусь узнялася ажно на 153-е месца.

Узначальвае сусветны рэйтынг свабоды прэсы Нарвегія. У самым нізе, як можна здагадацца, Паўночная Карэя.

Інфаграфіка "Рэпарцёраў без межаў"

Інфаграфіка "Рэпарцёраў без межаў"

Беларусь і Расія традыцыйна застаюцца адзінымі прадстаўніцамі еўрапейскага кантынэнту сярод краінаў з найгоршым паказчыкам індэксу свабоды прэсы. Сярод краінаў, з якімі мы мяжуем, толькі Расія цягнецца ў хвасце спісу, прычым, ажно на 164-м месцы. Нашмат ніжэй, чым Беларусь.

Што да іншых суседзяў па мапе, найлепшым паказчыкам у Сусветным рэйтынгу свабоды прэсы можа ганарыцца Літва. Гэтая краіна займае ажно 7-е месца ў свеце сярод найлепшых для свабодных медыя — паміж Нідэрландамі і Эстоніяй.

Ёсць куды імкнуцца Латвіі — яна на 16-м месцы. Польшча знаходзіцца ў спісе значна ніжэй — на 57-м, яшчэ ніжэй, на 79-м, Украіна.


Аднак вернемся да ніжэйшай часткі спісу, у якой, сярод іншых 30 краін з найгоршым рэйтынгам, змяшчаецца Беларусь.

Пакістан

Пратэсты ў Пакістане. Фота з сайта pakistantoday.com.pk 

Пратэсты ў Пакістане. Фота з сайта pakistantoday.com.pk 

У мінулым годзе Беларусь узначальвала трыццатку краін з найгоршай сітуацыяй у плане свабоды слова. Гэтым разам 150-е месца сярод 180-ці займае Пакістан (нагадаем, нашая краіна — на 157-м).

Канстытуцыя Пакістана гарантуе свабоду слова свабоду друку, але на практыцы ўрад наклаў значныя абмежаванні на гэтыя правы, асабліва ў апошнія гады.

У Пакістане існуе некалькі законаў і пастаноў, якія абмяжоўваюць свабоду слова. Крымінальны кодэкс Пакістана прадугледжвае крымінальную адказнасць за паклёп, блюзнерства і распальванне нянавісці.

Законы гэтай мусульманскай краіны аб блюзнерстве часта выкарыстоўваюцца для таго, каб пакараць крытыкаў ураду. Парушэнне гэтых законаў можа прывесці да турэмнага зняволення ці нават да смяротнага пакарання.

У дадатак да гэтых законаў урад таксама прыняў сур’ёзныя меры па кантролю над СМІ і абмежаванні доступу да інфармацыі. Журналісты сутыкаюцца з пераследам, запалохваннем і гвалтам за асвятленне далікатных тэм, такіх як парушэнні правоў чалавека, карупцыя і рэлігійны экстрэмізм.

У той час як платформы сацыяльных сетак далі людзям магчымасць выказваць сваё меркаванне, урад Пакістана таксама выкарыстаў іх для маніторынгу і цэнзуры кантэнту.

Так, у 2020 годзе ў Пакістане былі прынятыя новыя правілы для сацыяльных сетак, якія патрабуюць ад такіх кампаній, як Facebook, Twitter і YouTube, выдаляць «незаконны» кантэнт на працягу 24 гадзін.

Гэтыя правілы даюць ураду шырокія паўнамоцтвы у плане цэнзуры кантэнту і парушаюць права грамадзян на свабоду слова.

Як і беларускі рэжым, урад Пакістана таксама выкарыстоўвае ў сваіх мэтах законы аб барацьбе з тэрарызмам. Гэтыя законы выкарыстоўваюцца для здушэння іншадумства і крытыкі прадстаўнікоў пакістанскай улады.

У гэтых жа мэтах урад Пакістана выкарыстоўвае так званыя законы аб кіберзлачыннасці, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за шырокі спектр дзеянняў у Інтэрнэце, што кваліфікуюцца як крытыка ўрада, распаўсюджанне фэйкавых навін і абраза рэлігійных перакананняў.

Журналісты ў Пакістане сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі і рызыкамі. Яны падвяргаюцца пераследу, пагрозам, фізічным нападам і нават забойствам.

Па даных Камітэта абароны журналістаў, Пакістан з'яўляецца адной з самых небяспечных краін у свеце для журналістаў: з 1992 года ў гэтай краіне быў забіты 71 прадстаўнік медыя.

Урад Пакістана забараняе і цэнзуруе навінавыя агенцыі і вэб-сайты, якія прадстаўляюць інфармацыю, што супярэчыць палітыцы ўрада, абмяжоўвае доступ да незалежнай інфармацыі і арыштоўвае журналістаў па абвінавачаннях у падбухторванні да мецяжу і тэрарызму.

Нягледзячы на гэтыя абставіны, многія незалежныя пакістанскія СМІ застаюцца актыўнымі і адыгрываюць важную ролю ў павышэнні дасведчанасці грамадства ў галіне парушэння правоў чалавека, карупцыі і рэлігійнага экстрэмізму.

Турцыя

Фота Marco Longari/AFP/Getty Images 

Фота Marco Longari/AFP/Getty Images 

Турцыя ў гэтым годзе заняла 165-е месца рэйтынга свабоды прэсы са 180-ці.

У апошнія гады ўрад Эрдагана зрабіў шматлікія крокі для падаўлення іншадумства і крытыкі.

Закон аб барацьбе з тэрарызмам у гэтай краіне таксама выкарыстоўваецца для судовага пераследу журналістаў і актывістаў. Адпаведны закон у Турцыі вельмі шырока трактуе «тэрарыстычную прапаганду», з яго дапамогай крыміналізуецца амаль любая крытыка ўрада.

Таксама надзвычай шырока ў Турцыі трактуецца і спрыяе крыміналізацыі антыўрадавых выказванняў закон аб нацыянальнай бяспецы.

Да таго ж сярод законаў, што абмяжоўваюць свабоду слова ў Турцыі, варта вылучыць закон супраць ППК. Гэты закон скіраваны на прыгнечанне дзейнасці Працощнай Партыі Курдыстана (ППК). Ён выкарыстоўваецца для крыміналізацыі выказванняў, што ўтрымліваюць крытыку палітыкі ўрада Турцыі ў дачыненні да курдаў.

Таксама ў Турцыі заблакіраваны доступ да тысяч вэб-сайтаў, уключаючы платформы Twitter і YouTube. Урад адсочвае анлайн-актыўнасць і арыштоўвае людзей за выказванне меркаванняў у сацыяльных сетках.

У апошнія гады многія незалежныя турэцкія СМІ сутыкнуліся з надзвычайным ціскам. Урад захапіў кантроль над некалькімі медыякампаніямі, у тым ліку газетамі, тэлеканаламі і радыёстанцыямі, і кінуў за краты журналістаў за крытычныя публікацыі.

У выніку многія журналісты і працаўнікі СМІ былі вымушаныя звярнуцца да самацэнзуры, а некаторыя пакінулі краіну, ратуючыся ад пераследу. Тыя, хто застаецца, сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі і рызыкамі.

У нас заўсёды былі праблемы са свабодай прэсай, але пры Эрдагане стала яшчэ горш: за 30 гадоў журналісцкага досведу цяперашнюю сітуацыю я магу параўнаць толькі з перыядам пасля перавароту 1980 года, — каментавала ў 2020 годзе выданню The Insider сітуацыю са свабодай прэсы ў краіне турэцкая журналістка Бану Гювэн. — Але нават тады апазіцыйныя газеты працягвалі існаваць. А зараз урад прыняў закон, скіраваны на абмежаванне свабоды слова і на лічбавых платформах таксама. У маёй краіне існуюць усе віды цэнзурных інструментаў. Закрыццё СМІ, забарона на трансляцыі, блакіроўка вэб-сайтаў, пакаранне журналістаў усімі магчымымі спосабамі. Урад пагражаў і ўладальнікам СМІ, так што зараз засталіся ўсяго 2-3 апазіцыйныя тэлеканалы.

Я жыву і працую ў Германіі, але ўсё роўна сутыкаюся з прыгнётамі ў сеціве: любы апазіцыйны артыкул, заява, якую вы цытуеце, ці інцыдэнт, пра які вы пішаце, як і любая спроба крытыкі прэзідэнта могуць быць выкарыстаныя супраць вас. Усё, што можа не спадабацца ўраду, пагражае пераследам і турмой. Многіх журналістаў арыштоўваюць за іх працу. Апошнія прыклады — Барыш Пехліван, Хулью Кылынч, Мурат Агірэл, Мюесэр Йылдыз. Першыя трое расследавалі смерць афіцэра разведкі ў Лівіі і яго схаванае пахаванне. Мюесэр Йылдыз нібыта мела зносіны з вайсковым чыноўнікам для атрымання канфідэнцыйнай інфармацыі аб аперацыі ў Лівіі (насамрэч пра Лівію яна ніколі не пісала). Сапраўдная прычына арыштаў у тым, што ўсе яны былі крытычна настроеныя ў адносінах да ўрада або паведамлялі пра навіны апазіцыі. Многія былі асуджаныя за «неасцярожныя» твіты. Усе журналісты, якія не падпарадкоўваюцца ўраду, баяцца судовага пераследу ці турэмнага зняволення, — распавяла журналістка.

Кітай

Пратэсты ў Пекіне. Фота bbc.com

Пратэсты ў Пекіне. Фота bbc.com

Кітай у 2023 годзе скаціўся ажно на перадапошняе месца ў Сусветным рэйтынгу свабоды прэсы, саступіўшы толькі Паўночнай Карэі.

Кітайскі ўрад здзяйсняе жорсткі кантроль над СМІ, інтэрнэт-прасторай і публічным дыскурсам, а таксама строга кантралюе ўсе формы выказванняў і, як вядома, жорстка карае тых, хто яго крытыкуе.

У Кітаі выкарыстоўваецца шырокая сістэма цэнзуры, вядомая як «Вялікі брандмаўэр». Яна блакуе доступ да мноства вэб-сайтаў і цэнзуруе крытычны кантэнт.


Таксама ўрад гэтай краіны прыняў шэраг законаў і пастаноў, якія абмяжоўваюць свабоду слова, у тым ліку законы супраць «падрыўной дзейнасці», «сепаратызму» і «пагрозы нацыянальнай бяспецы». Апошні закон быў прыняты ў 2020 годзе і мноства разоў быў выкарыстаны супраць актывістаў і журналістаў.

Закон аб кібербяспецы, прыняты ў 2016 годзе, патрабуе ад пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг адсочваць дзеянні карыстальнікаў і паведамляць пра іх, а таксама дае ўраду шырокія паўнамоцтвы па кантролі анлайн-кантэнту. Закон выкарыстоўваўся для блакавання доступу да вэб-сайтаў і платформаў сацыяльных сетак, а таксама для пакарання тых, хто выказвае крытычныя меркаванні.

Таксама крыважэрлым у Кітаі з’яўляецца закон аб дзяржаўнай таямніцы. Ён таксама выкарыстоўваўся для пакарання журналістаў і актывістаў, якія асвятляюць далікатныя пытанні або выкрываюць карупцыю і парушэнні правоў чалавека.

А закон аб барацьбе з тэрарызмам, прыняты ў 2015 годзе, выкарыстоўваецца супраць журналістаў і актывістаў, што паведамляюць аб стаўленні ўрада да этнічных і рэлігійных меншасцяў.

Кітайскія журналісты і актывісты, якія выступаюць супраць урада або асвятляюць вострыя пытанні, падвяргаюцца ціску, запалохванню і арыштам. Паводле ацэнак праваабарончых арганізацый, у Кітаі тысячы палітычных зняволеных, многія з якіх былі затрыманыя за выказванне крытычных меркаванняў.