Журналістыка — не злачынства. Нават ва ўмовах рэпрэсій незалежныя медыя працуюць для людзей

У Сусветны дзень свабоды прэсы ў Беларусі за кратамі застаюцца 33 журналісты, і ў гэтым плане дзяржава ідзе на рэкорд. Што такое «свабода слова» ў несвабоднай краіне?

Нават ва ўмовах ціску на свабоду слова беларусы чытаюць незалежную прэсу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Нават ва ўмовах ціску на свабоду слова беларусы чытаюць незалежную прэсу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


«Свабода слова і незалежнасць журналістыкі з'яўляюцца найлепшай абаронай нашай дэмакратыі і процідзеяннем дэзінфармацыі. У гэты World Press Freedom Day я заклікаю вызваліць усіх журналістаў, незаконна пасаджаных за тое, што яны проста выконваюць сваю працу. Журналістыка — не злачынства». Гэтыя словы належаць міністру замежных спраў Латвіі Эдгарсу Рынкевічу, і сказаныя яны 3 траўня — у дзень, калі міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала чарговы штогадовы рэйтынг свабоды слова.

Сама Латвія ў гэтым спісе са 180 краін знаходзіцца на 16-м радку, узначальвае рэйтынг Нарвегія, замыкае — Паўночная Карэя. Беларусь займае 157 пазіцыю, апярэджваючы Расію на 7 пунктаў. З усіх постсавецкіх краін становішча са свабодай прэсы, на думку экспертаў «Рэпарцёраў без межаў», лепш за ўсё ў Літве — яна на 7 месцы спісу.

«Свабода слова была "выпаленая напалмам" яшчэ да вайны»

Карэспандэнтка выдання «Новая газета. Еўропа» Ірына Халіп лічыць, што ў Беларусі за год з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў плане ціску на свабоду слова не змянілася нічога, бо, паводле яе слоў, свабода слова была знішчана задоўга да пачатку 24 лютага 2022 года.

«Апошнія рэшткі нейкай незалежнай журналістыкі былі знішчаныя дзесьці летам 2021 года — я маю на ўвазе арышт галоўнай рэдактаркі незалежнага інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Ірыны Леўшынай і разгром гэтага агенцтва. А за тры месяцы да таго здарыўся арышт журналістаў TUT.BY — і таксама знішчэнне ўсяго медыя. І гэта былі апошнія рэсурсы, якія можна было назваць незалежнымі», — адзначыла Ірына Халіп у размове з карэспандэнтам «Голаса Амерыкі». Усе астатнія СМІ, якія не спрабавалі балансаваць на мяжы аб'ектыўнасці, а заўсёды выказваліся суб'ектыўна, былі разгромленыя задоўга да гэтага. «Таму можна сказаць, што ў Беларусі нічога не змянілася, тут свабода слова была "выпаленая напалмам" яшчэ да вайны», — канстатуе яна.


Шматгадовая супрацоўніца «Новай газеты», сведчыць, што і яна, і многія яе калегі яшчэ год таму спадзяваліся на змены да лепшага — на хуткае заканчэнне вайны або на падзенне расійскага і беларускага рэжымаў. «Але ні таго, ні другога не здарылася, і цяпер відаць, што ўся гэтая гісторыя, на жаль, надоўга. Для мяне ўсё, што адбывалася з "Новай газетай" цягам мінулага года, — гэта, бадай, найбольш яскравая ілюстрацыя таго, як знішчаецца свабода слова ў Расіі і таксама канчаткова. Было ўвогуле дзіўна, што "Новая газета" праіснавала так доўга. Але, як справядліва заўважыў Дзмітрый Муратаў, галоўным СМІ ў Расіі для грамадзян стаў VPN», — адзначыла журналістка.

Доўгі час лічылася, што Беларусь апярэджвае Расію ў плане наступу на правы і свабоды грамадзян. Ці не памяняліся цяпер месцамі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна?

«Беларускі рэжым разумее, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, скажам прама, не з'яўляюцца мэтавай аўдыторыяй расійскіх рэсурсаў і не цікавяцца тым, што пішуць у Расіі, — адзначае Ірына Халіп. — Сапраўды, гэтак жа, як і расійцы не надта цікавяцца беларускімі сайтамі. Таму я лічу, што Беларусь сышла далёка-далёка наперад проста таму, што блакаванне апазіцыйных рэсурсаў Беларусі пачалося яшчэ ў 2018 годзе, яшчэ пяць гадоў таму. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь быў заблакаваны самы папулярны грамадска-палітычны рэсурс "Charter97", і тут жа ён быў заблакаваны і ў Расіі. Звычайна Раскамнагляд і Міністэрства інфармацыі Беларусі свае базы не аб'ядноўваюць, у адрозненне ад сілавых ведамстваў. Кожны мае свой спіс таго, што заблакаваць», — расказвае Халіп і прыводзіць прыклад, што Facebook і Instagram у Беларусі, у адрозненне ад Расіі, працуюць без VPN. Але, на яе думку, гэта зусім не азначае, што становішча спраў у Беларусі хоць трохі лепшае.

«Да гэтага часу працягваюцца арышты і затрыманні нашых калег»

Старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец адзначае, што ў краіне вельмі складана падзяліць такія з'явы, як вайна і працяг рэпрэсій. «Відавочна тое, што большасць незалежных медыя з Беларусі вымушаныя былі выехаць, як і расійскія СМІ, каб працягваць працаваць ужо з-за мяжы. Вядома, сёй-той яшчэ застаецца ў Беларусі, але ўмовы іх працы вельмі абмежаваныя», — адзначыў Бастунец.

Прэса, якая засталася ў Беларусі, вымушаная ўводзіць самацэнзуру, што з'яўляецца следствам цэнзуры дзяржаўнай. «Да гэтага часу працягваюцца арышты і затрыманні нашых калег. Цяпер за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца 33 журналісты, і, на жаль, гэтая лічба не змяншаецца. Кантэнт дзяржаўных медыя, без усялякіх перабольшанняў, стаў яшчэ больш развязаным, часта выкарыстоўваецца "мова варожасці", а таксама ў яшчэ больш жорсткай і чалавеканенавісніцкай форме паўтараюцца наратывы, якія ідуць з боку Расіі», — апісвае сітуацыю старшыня БАЖ.


Адказваючы на пытанне, як змянілася колькасна аўдыторыя беларускіх СМІ, ён адзначае, што праблема, на яго погляд, не толькі ў тым, што многія з іх блакуюцца на тэрыторыі Беларусі і доступ да іх без VPN немагчымы, бо розныя выданні прывучыліся працаваць на розных платформах, у сацыяльных сетках, праз YouTube. «Праблема ў тым, што 15 незалежных медыя, уключаючы "Беларускую асацыяцыю журналістаў", прызнаныя "экстрэмісцкімі фарміраваннямі" ў краіне, а гэта значыць, што нават інтэрв'ю, дадзенае гэтым выданням, або спасылка на іх у сацсетках, або проста падпіска на іх можа прыраўноўвацца да "садзейнічання дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання", што цягне за сабой крымінальную адказнасць да 7 гадоў пазбаўлення волі. Безумоўна, гэта ўплывае на аўдыторыю, але, як паказваюць апытанні, нават у такіх умовах незалежныя медыя карыстаюцца даверам у 30% беларусаў», — падсумоўвае Андрэй Бастунец.