Эрдаган ці Кылычдараглу? У Турцыі праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў

Сёння туркі робяць лёсавызначальны выбар. Праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта, вынік якіх вызначыць будучыню краіны.

Калаж rbc.ua

Калаж rbc.ua

Участкі для галасавання адкрыліся ў 8.00 і будуць працаваць да 17.00. Правам галасаваць валодаюць 64 млн турэцкіх грамадзян.

У другім туры выбараў прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі за галасы выбаршчыкаў змагаюцца дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган, які мае імідж папуліста-клерыкала, і кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі кемаліст Кемаль Кылычдараглу.

У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог набраць неабходныя для перамогі 50% галасоў. За дзейнага прэзідэнта прагаласавалі 49,35% выбаршчыкаў, за апазіцыянера — 45%.

Дасюль не зразумела, хто ў выніку стане пераможцам. Не толькі таму, што сацыялагічныя апытанні вельмі супярэчлівыя ў вызначэнні фаварыта.

У параўнанні з першым турам пазіцыі Рэджэпа быццам умацаваліся. Яшчэ адзін кандыдат, Сінан Аган, які набраў 5% у першым туры, заявіў, што ў другім падтрымае Эрдагана. Па выніках галасавання 4 траўня партыя Эрдагана атрымала ў парламенце амаль палову мандатаў, што псіхалагічна ўплывае на электарат. Відавочна, што з такім раскладам у парламенце Кемалю Кылычдараглу ў выпадку перамогі будзе цяжка рэалізаваць свае абяцанкі.

Але ёсць джокеры і ў апазіцыйнага лагера. Вядучая пракурдская партыя і Зялёныя левыя (яны атрымалі на парламенцкіх выбарах 8 працэнтаў) заклікалі падтрымаць кандыдатуру Кылычдараглу. Праўда, зрабілі яны гэта дастаткова туманна. У іх заяве проста сказана, што Эрдаган — гэта не іх варыянт.

Акрамя таго, акурат да другога тура турэцкая ліра пабіла антырэкорд. Раніцай 28 мая за адзін долар давалі 20 лір. Моцны інфляцыйны трэнд гуляе відавочна на карысць апазіцыі, паколькі ў любой краіне вялікая колькасць выбаршчыкаў часта галасуе эмацыйна, зыходзячы са сваёй актуальнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.

Нарэшце, у гэтых выбараў ёсць дадатковая інтрыга — ці пойдзе апазіцыя на вулічны сцэнарый і якую пазіцыю зойме войска? Дарэчы, варта ўспомніць, што на гэтыя дні ў Турцыі прыпадае гадавіна першага перавароту 1960 года. Быў скінуты і забіты презідэнт Мендэрэс, які перамог на першых свабодных выбарах. Путчысты-вайскоўцы не выбачылі яму спробы пашырэння правоў мусульманскай камуны. Рэджэп Таіп Эрдаган ахвотна праводзіць паралелі паміж тагачаснымі путчыстамі і сучасный апазіцый.

У любым выпадку канчатковая карціна выбараў пачне вымалёўвацца пасля 18:00 па Мінску, калі на ўчастках для галасавання пачнецца падлік галасоў.