Дзяцей у школах прымушаюць глядзець прапагандысцкі фільм

Загад аб праглядзе фільма «Убойная пасылка» прыйшоў зверху. Настаўнікаў абавязваюць дасылаць фота ў знак пацвярджэння, паведамляе «Н*ша Н*ва».

posylka.jpg

На класных гадзінах у сярэдніх школах школьнікаў прымушаюць глядзець прапагандысцкі фільм «Убойная пасылка» пра нібыта спробу тэракта на тэрыторыі Беларусі 9 Мая.

Загад аб праглядзе прыйшоў зверху, настаўнікаў абавязваюць дасылаць фота ў знак пацвярджэння.

Фільм быў зняты, імаверна, на замову Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які заявіў, што на 9 Мая ў Мінску рыхтаваліся тэракты. 

«АНТ» паказала, каго затрымалі па гэтым абвінавачанні. Адметна, што ў фільме былі не толькі кадры з допыту моладзі, але і «мастацка-агітацыйны прадакшн» ад журфака.




Сцэнкі, у якіх граюць журфакаўцы, такія: нейкі прыяцель у перапісцы просіць студэнта забраць пасылку, той пагаджаецца; пасля маладых людзей збіраюць у зале журфака на прагляд прапагандысцкага фільма «АНТ» пра тое, як гэта можа быць небяспечна — забіраць невядомыя пасылкі ад знаёмых з-за мяжы, і ён перадумвае.

Галоўную ролю выканаў 18-гадовы Ілья Міронаў. Хлопец з Мінска, вучыцца на 1-м курсе, спецыяльнасць «журналістыка». Ён выпускнік Ліцэя БДУ.

Фільм, як і іншая аналагічная прадукцыя, выкарыстоўваецца для нагнятання варожасці да палітычных праціўнікаў і апраўдання дыктатуры і масавых палітычных рэпрэсій у краіне.


Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінуты базавыя нормы законнасці і маралі.