Англійскую мову брэсцкім дзецям выкладае злачынца, якога шукае ФБР
На сайце Федэральнага Бюро Расследаванняў Эван Ньюман знаходіцца ў спісе злачынцаў з пазнакай «most wanted». Таксама адзначаецца, што яго «варта лічыць узброеным і небяспечным». Але гэта не перашкаджае Ньюману выкладаць дзецям англійскую ў берасцейскай прыватнай школе замежных моваў.
Як чалавек з вышуку ФБР апынуўся ў Беларусі
У студзені 2021 года грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі Эван Ньюман удзельнічаў у штурме Капітолія, падчас чаго ўдарыў паліцэйскага і выкарыстоўваў металічную барыкаду, каб збіваць іншых афіцэраў. Трапіўшы у спіс самых небяспечных злачынцаў на радзіме, ён папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.
Беларускія ўлады паспяшаліся адразу ж зрабіць цэлы спецыяльны рэпартаж у прапагандысцкай праграме «Галоўны эфір», дзе паспрабавалі падаць гэтую гісторыю як цудоўнае выратаванне пацярпелага амерыканца ў самай дэмакратычнай краіне свету — Беларусі. Рэпартаж выйшаў з гучнай назвай «Гудбай, Амерыка».
«Яны (супрацоўнікі ФБР — заўв. рэд.) дадалі мой фотаздымак у спіс злачынцаў, якіх трэба знайсці як мага хутчэй, з просьбай аб дапамозе грамадства, каб ідэнтыфікаваць мяне. Я ведаў, што мяне адразу апазнаюць, таму адразу ж з’ехаў», — прызнаваўся Эван Ньюман у інтэрв’ю карэспандэнту «Галоўнага эфіра».
«Мяне абвінавачваюць паводле шасці справаў, і я думаю, што ўсе яны з’яўляюцца крымінальнымі злачынствамі. Крымінальныя злачынствы — гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачанне, яно азначае, што вы ўчынілі камусьці альбо чамусьці шкоду», — дадаваў Ньюман.
У сакавіку 2021 года Эван Ньюман паляцеў са Злучаных Штатаў у Італію — гэтую паездку ён аформіў як камандзіроўку, так параіў зрабіць адвакат. З падарожжа Ньюман не вярнуўся. 13 сакавіка ён дабраўся да ўкраінскага Жытоміра, дзе неўзабаве, як прызнаецца сам, апынуўся пад наглядам СБУ.
«Я не вырашаўся папрасіць прытулку, пакуль СБУ не пачало пераследаваць мяне ва Украіне. Гэта жудасна, гэта палітычны пераслед!» — заявіў Ньюман у прапагандысцкім эфіры.
«Я ведаў, што Беларусь супраціўляецца Захаду, да таго ж вашая краіна была бліжэй, чым Расія. Для мяне гэта быў найлепшы шанц», — абгрунтаваў амерыканец свой прыезд у Беларусь.
Палітычны прытулак Ньюман атрымаў пад успышкі камер праўладных журналістаў. У Беларусі няма дамовы аб экстрадыцыі з ЗША.
Чым яшчэ вядомы Эван Ньюман?
Паводле афіцыйнага паведамлення Міністэрства юстыцыі ЗША, 49-гадоваму Эвану Ньюману прад’яўленыя абвінавачанні паводле 14 эпізодаў, сярод якіх удзел у фізічным гвалце ў будынку або на тэрыторыі з абмежаваным доступам, грамадскія беспарадкі, напад на афіцэраў паліцыі.
Згодна з заявай міністэрства, Ньюман абражаў супрацоўнікаў паліцыі. На відэазапісе, знятым ля Капітолія, чутна, як Эван Ньюман крычаў, што афіцэры будуць «захопленыя» натоўпам і заяўляў: «Я гатовы памерці, а вы?». У афіцыйным акце абвінавачання паведамляецца, што Ньюман адмовіўся ад загаду сысці ад барыкады. Ён сказаў афіцэру: «Ты не можаш указваць мне, што рабіць, кавалак лайна». Таксама ў адрас паліцэйскіх ён выкрыкваў: «Вы становіцеся на калені перад Антыфай, таму што вы маленькія выблядкі».
У паведамленні Міністэрства Юстыцыі адзначаецца: «Каля 13:57, паводле дакументаў, Ньюман схапіў рукой металічную барыкаду і штурхнуў яе ў супрацоўнікаў паліцыі Капітолія і сталічнага ўпраўлення паліцыі. Ударыўшы афіцэраў барыкадай, а таксама кулаком, Ньюман, да якога далучыліся іншыя, разбурыў барыкаду. Затым ён выкарыстоўваў барыкаду як таран, кінуўшыся на афіцэраў».
Тады Эван быў асуджаны па абвінавачанні ў незаконным захоўванні марыхуаны. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 30 сутак арышту і трох гадоў зняволення ўмоўна. Цікава, ці ведае Ньюман, якое пакаранне за падобнае злачынства прадугледжана ў краіне, дзе ён знайшоў прытулак?
Сёння Эван Ньюман выкладае ў прыватнай школе
Тое, што Эван Ньюман уладкоўвае жыццё ў Брэсце — даўно не сакрэт. Нават інтэрв’ю для «Галоўнага эфіру» было знятае на берасцейскіх вуліцах.
У Брэсце Ньюман шукаў працу і ў выніку ўладкаваўся ў прыватную школу замежных моваў InternationalLanguageHouse.
International Language House пазіцыянуе Эвана Ньюмана як «носьбіта мовы» і шырока рэкламуе магчымасць заняткаў з ім на афіцыйных старонках у Instagram і Facebook. Праўда, імя «носьбіта мовы» у такіх анонсах чамусьці не пазначаюць. Затое прадстаўнікі прыватнай школы публікуюць шмат ягоных фота, на якіх лёгка пазнаць знакамітага персанажа беларускай прапаганды.
Мы патэлефанавалі ў International Language House па нумары, пазначаным на сайце школы, каб спытаць, хто ж выкладае дзецям англійскую. Адміністратар назвала яго Стывенам і сказала, што прозвішча, на жаль не ведае. Тым не менш удакладніла, што таямнічы Стывен раней жыў у Каліфорніі — як і Эван Ньюман. А зараз жыве ў Беларусі, «таму што яму тут падабаецца». Крыніца «Новага Часу» паведамляе, што ў Берасці Эван Ньюман прадстаўляецца новым знаёмым менавіта як Стывен.
Школа замежных моваў International Language House працуе ў Брэсце з 2002 года. На афіцыйным сайце пазначана, што ILH — адзіная школа ў Брэсцкім рэгіёне, якая атрымала акрэдытацыю Брытанскай Нацыянальнай Асацыяцыі «English UK».
«English UK» — гэта асацыяцыя акрэдытаваных цэнтраў англійскай мовы ў Вялікабрытаніі, што супрацоўнічае з «British Council». Цікава, ці ведаюць замежныя партнёры берасцейскай школы, каго яна прыцягвае да супрацоўніцтва ў якасці «носьбіта мовы»?