Топ-10 фільмаў Джэймса Сьцюарта, актора, на якога хацеў быць падобным Том Хэнкс
У гісторыі кінематографу не шмат імёнаў, якія зьзяюць так яскрава, як Джэймс Сьцюарт. Давайце даведаемся пра знакавыя ролі, якія сфармавалі кар'еру вялікага актора. Сёньня сьвет адзначае 115-ю гадавіну з дня народзінаў легенды.
Знакаміты Том Хэнкс аднойчы прызнаўся ў сваім імкненьні пераймаць кранальную сапраўднасьць Джэймса Сьцюарта на экране. Лепшыя фільмы Сьцюарта, акрамя дэманстрацыі яго акторскага майстэрства, часта закранаюць вечныя тэмы, актуальныя як ніколі сёньня. Яго стужкі сталі вечнай клясыкай і працягваюць захапляць, нібы толькі выйшлі на экраны.
Нумар 10. Гісторыя Глена Мілера (The Glenn Miller Story). 1954
Дамо крыху джазу ў нашым сьпісе. Джэймс Сьцюарт у ролі знакамітага музыкі, які амаль усё жыцьцё шукаў адрознае, сваё, фірмовае гучаньне. І ўрэшце знайшоў. Вы дакладна падчас прагляду некалькі разоў падумаеце: а вось гэтую мэлёдыю я ведаю, і гэтую, няўжо і гэтую ён прыдумаў?
Натхняльная і пранікнёная гісторыя Глена Мілера — чалавека, у якога амаль ніхто ня верыў, апроч самога сябе. Верагодна, кожны музыка і ў Беларусі зараз можа задаць сабе пытаньне, ці не марна ён спрабуе скласьці ноты ў чароўную пасьлядоўнасьць, ці спатрэбіцца гэта камусьці?
Энтані Ман паставіў стужку зь відавочнай любоўю да Глена.
Нумар 9. Крама за вуглом (The Shop Around the Corner). 1940
Гэтая стужка стала натхненьнем для стваральнікаў іншай прыгожай гісторыі — фільма «Вам ліст» з Томам Хэнксам і Мэг Раян у 1999 годзе. Арыгінал калядных прыгодаў выйшаў з удзелам Джэймса Сьцюарта і Маргарэт Салаван. Што цікава, самому Тому Хэнксу ўсё жыцьцё жадалася быць падобным да Сьцюарта, быць у нейкай ступені такім самым акторам «усёй Амэрыкі», якім быў Джэймс. Гэта, у прынцыпе, у яго атрымалася.
Стужка Эрнста Любіча паказвае двух супрацоўнікаў унівэрсальнай крамы ў Будапэшце, якія маюць колкія адносіны на працы. У вольны час яны пішуць лісты таямнічым людзям, зь якімі ўсталёўваюцца фантастычныя блізкія стасункі. Мы ўжо разумеем, што яны лістуюцца між сабою. Але ў жыцьці — гэта стане вядома далёка не адразу.
Нумар 8. Харві (Harvey). 1950
Захапляльным падарожжам у вобразны сусьвет зьяўляецца фільм Генры Костэра. «Харві» пераносіць нас у сьвет, дзе нябачны трус вышынёй з чалавека — лепшы сябар галоўнага героя. Верагодна, іншы актор давёў бы сітуацыю на экране да абсурду, але Джэймс Сьцюарт уносіць праўдзівасьць у дзеяньні і мысьленьне свайго героя.
Вельмі ўражвае ў стужцы дасьледаваньне тонкай мяжы паміж розумам і вар'яцтвам. Гледачы стануць сьведкамі фантастычнай гісторыі, якая завалодае імі на ўвесь час прагляду.
Ніколі ня позна завесьці сабе ўяўнага сябра. Ці ў вас ужо такі ёсьць?
Нумар 7. Вяроўка (Rope). 1948
Улюбёны актор Альфрэда Хічкока — Джэймс Сьцюарт. Фільм распавядае пра двух маладых людзей, якія вырашаюцца на ідэальнае забойства. Хічкок выкарыстоўвае дасюль невядомую рэч — доўгія дублі і адмысловы мантаж, якія ствараюць ілюзію, што ўвесь фільм — гэта адзін бесперапынны кадр.
Больш за тое, дзеяньне фільма адбываецца ў рэжыме рэальнага часу, што дадае гісторыі напружанасьці. Уявіце сабе, стужка ідзе ўсяго 80 хвілінаў, і ў герояў на ўсё ёсьць роўна гэтыя хвіліны. Гэта ня тая гісторыя з баевікамі, калі супергерой пяць хвілінаў спрабуе спыніць бомбу, якая павінна выбухнуць за хвіліну.
Ці атрымаецца зьдзейсьніць забойства, і ці прыйдзе пакараньне ў такім выпадку? У нас і ў герояў ёсьць вельмі мала часу, каб адказаць на гэтыя пытаньні.
Нумар 6. Містэр Сьміт едзе ў Вашынгтон (Mr. Smith Goes to Washington). 1939
Стужка Фрэнка Капры з непараўнальным Джэймсам Сьцюартам зьяўляецца яскравым прыкладам правільнага палітычнага кіно. Джэймс грае наіўнага і ідэалістычнага маладога чалавека, які раптам апынуўся ў звышцынічным і жорсткім сьвеце палітыкі Вашынгтона.
Герой Сьцюарта пераўтвараецца са сьціплага правінцыйнага чалавека ў нястомнага змагара за справядлівасьць. Мы ўбачым, што нават разбэшчаная і шмат у чым прадажная дэмакратыя можа быць тым самым мэханізмам, дзякуючы якому магчыма пранесьці праз выпрабаваньні свае высокія ідэалы і прынцыпы. Стужка стала ўзьлётам для кар’еры актора. Як і яго герой на экране, Джэймс Сьцюарт скарыў кінематограф.
Нумар 5. Чалавек, які застрэліў Лібэрці Вэланса (The Man Who Shot Liberty Valance). 1962
Вялікі вэстэрн ад бацькі-заснавальніка, рэжысэра Джона Форда. Разам зь імяніньнікам Джэймсам Сьцюартам на экране яго кампаньёнам зьяўляецца легендарны Джон Уэйн.
Ад першых кадраў да захапляльнай кульмінацыі фільм раскручвае незвычайную гісторыю пра закон, парадак і праўду. Джэймс Сьцюарт грае ролю адваката, які ўзброены падручнікамі па заканадаўству. Ён трапляе ў змрочны сьвет, дзе куля працуе хутчэй за літару закона. Яго калега — ветэран і маўклівы каўбой з жорсткімі праявамі характару ў выкананьні Джона Ўэйна.
Гэты вэстэрн пазбаўлены бясконцых перастрэлак, ён хутчэй скіроўвае гледачоў на роздум пра празьмерную гераізацыю перыяду Дзікага Захаду.
Нумар 4. Галавакружэньне (Vertigo). 1958
Яшчэ адна галоўная роля для Джэймса Сьцюарта. Ён грае дэтэктыва, які жадае ўрэшце адпачыць ад ранейшай працы і нічога-не-рабіць на пэнсіі. Аднак раптоўнае тэлефанаваньне ад даўняга сябра, які просіць прасачыць за сваёй жонкай, у якой нібы ёсьць суіцыдальныя схільнасьці — перашкаджае заслужанаму адпачынку.
Калісьці даўно галоўны герой не выратаваў кампаньёна на высокім гмаху. З тых часоў ён пакутуе на галавакружэньне нават стоячы на крэсьле.
Гэтая акалічнасьць яшчэ згуляе зь ім у небясьпечна-сьмяротную гульню. Паспрабуйце разам зь ім не заблытацца ў тым, што адбываецца на экране. Можна нарвацца і на параною. Ідэальны фільм для вечаровага прагляду.
Нумар 3. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940
Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт, які атрымаў першую ўзнагароду Оскар за сваё выкананьне.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камэдый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Нумар 2. Вакно ўва двор (Rear Window). 1954
Калі так сталася, што вы яшчэ не пачыналі глядзець іншыя фільмы Альфрэда Хічкока, гэта — нашая галоўная рэкамендацыя. Найлепшы твор у жыцьці рэжысэра з бліскучымі Джэймсам Сьцюартам і Грэйс Келі ў галоўных ролях.
Як вы думаеце, чым будзе займацца знакаміты фатограф, чыя паездка ў даль-далячынь накрылася праз нечакана зламаную нагу? Ён усё адно працягне назіраць за тым, што адбываецца вакол, у нашым выпадку, праз вакно — ў кватэрах дома насупраць. Заўважаючы рэчы вакол, ён часам прапускае пяшчоту пад носам, якую прапаноўвае гераіня Грэйс Келі.
Як вы думаеце, што можа адбыцца ў стужцы Альфрэда Хічкока? Забойства! Аднак сьведкаў няма, ёсьць толькі ўяўленьне галоўных герояў. Ці было яно ўвогуле перад іх носам, ці проста знаходжаньне ў чатырох сьценах непазьбежна будзе ўплываць на псіхіку?
Нумар 1. Гэта цудоўнае жыцьцё (It's a Wonderful Life). 1946
Яшчэ адным цудам зьяўляецца гэтая стужка. Пасьля вайны відавочна лунаў запыт на нешта, што здолее падараваць надзею для ўсяго чалавецтва. Фрэнк Капра зьняў шэдэўр кінематографу. У галоўнай ролі — супэрзорка Джэймс Сьцюарт, які грае чалавека, што зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам. Вы можаце заўважыць — такі сабе пачатак для фільма на Раство.
У гэтую ж сэкунду дзеяньне фільма спыняецца, і мы прысутнічаем на нарадзе анёлаў, дзе яны дзівяцца, што ж прывяло чалавека на самы край яго існаваньня. Яны перамотваюць жыцьцё патэнцыйнага самагубцы назад, каб разабрацца. Дзе тыя шляхі, якія вядуць у прорву.
Па вэрсіі амэрыканскага істытута кіно — гэтая стужка самая натхняльная ў гісторыі. Калі вайна і дыктатура падкашваюць вашае жыцьцё – гэта яшчэ не канец. Нам, безумоўна, неабходна натхненьне ў гэтыя часы.
Прыемнага прагляду!
Нашыя іншыя падборкі глядзіце тут.