Не такі ўжо і незамяняльны. Сяргей Чалы — пра тое, як сістэма адрэагавала на хваробу Лукашэнкі

Ціха-ціха, амаль незаўважна чыноўнікі Лукашэнкі на мінулым тыдні пачалі спробы быць самастойнымі — што праўда, гэта з оперы «можна выкінуць чыноўніка з сістэмы, але сістэму з чыноўніка не выкінеш».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Эканаміст Сяргей Чалы ў свежым выпуску сваёй аўтарскай перадачы працягвае вывучаць рэакцыю чыноўнікаў і дзяржпрэсы на часовае знікненне з радараў беларускага кіраўніка.

— Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, дзяржапарат зусім не застыў у ступары ад часовай недзеяздольнасці Лукашэнкі, — сцвярджае аналітык.

На яго думку, рэакцыя чыноўнікаў і ўласнай прэс-службы вар'іравалася ў дыяпазоне ад тонкага тролінгу да спробаў пазіцыянаваць сябе на выпадак «калі што», піша «Салідарнасць».

— Тэма тролінгу была падхопленая «Пулам першага», які быццам бы нявіннае відэа з'яўлення труса на лужку лукашэнкаўскай рэзідэнцыі суправадзіў двухсэнсоўным каментаром: «Навічок у палацы», — нагадвае Чалы.


І адзначае, што на гэтым прэс-служба не спынілася:

— Той жа «Пул першага» паказаў сваю гатоўнасць да эпохі Лукашэнкі, які страціў голас, прадэманстраваўшы новыя ўзоры «мерча першага» — гэтым разам упершыню без яго цытат.

Эксперт звярнуў увагу і на публікацыю БелТА ў рубрыцы, прысвечанай працоўнаму тыдню Лукашэнкі, што, на яго думку, ужо смешна ў гэтых абставінах. У падзагалоўку Чалы ўбачыў яшчэ адзін няясны намёк на стан здароўя кіраўніка: «Для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы».

— З улікам яго адчайнай кульгавасці, гэта гучыць ужо як поўны здзек.

У адрозненне ад адносна бяскрыўдных падколак, значна больш небяспечнымі з'яўляюцца сігнальныя паводзіны чыноўнікаў, перакананы эканаміст. Бо гэта «стварае ў падданых адчуванне, што акрамя самога Лукашэнкі хтосьці яшчэ здольны выконваць яго спецыфічныя манаршыя абавязкі».

У якасці прыкладу Чалы прыводзіць інспекцыю Мінскай вобласці яе кіраўніком Аляксандрам Турчыным:

— Ён не толькі агледзеў з верталёта свае падведамныя землі, не толькі выявіў там безгаспадарчасць, не толькі загадаў «навесці парадак на зямлі», але яшчэ і даручыў падначаленым старшыням райвыканкамаў зрабіць тое самае.

Аналітык нагадвае, што падобныя інспекцыі да нядаўняга часу былі выключнай прэрагатывай беларускага кіраўніка, які ў свой час запазычыў гэты ўладны рытуал у Пятра Машэрава.

Згадаў Сяргей Чалы і пра выступ прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў гонар Дня сцяга, гімна і герба. Ён не толькі зачытаў віншаванне ад імя Лукашэнкі, але і ўзяў на сябе смеласць ад сябе асабіста звярнуцца да прысутных.


Паводле слоў эксперта, уся соль гэтай падзеі ў тым, што ў гэты дзень штогод праходзіць цырымонія прынясення маладымі грамадзянамі Беларусі клятвы вернасці дзяржаўным сімвалам краіны. Гэта яшчэ адзін рытуал, які аднаасобна вось ужо дзесяць гадоў праводзіў да нядаўняга Лукашэнка — як манарх у сваіх падданых:

— І замена яго на Галоўчанку пагражала сапраўдным падрывам асноў.

Не дзіўна, што БТ выразала гэтую частку спіча прэм'ера з усіх навінавых сюжэтаў, замяніўшы іх пры гэтым зачытваннем ўсё таго ж віншавання ад імя кіраўніка.