У Гомелі завялі крымінальную справу на прадпрымальніка, які агітаваў за Лукашэнку
Агітаваў за Лукашэнку, хадзіў на праўладныя мітынгі, а цяпер — аказаўся пад следствам. І гэта — ужо не першы раз. І зноў за тое ж самае! У адной з сацыяльных сетак з'явіўся відэаролік, запісаны дырэктарам Гомельскага ПСУП «Лінія зносу».
Паказальную гісторыю пра тое, як адзін з найбольш заўзятых прыхільнікаў беларускага дыктатара можа пазбавіцца не толькі свайго бізнесу, але і свабоды, распавядае «Фл*гшток».
У дачыненні да Юрыя Суліма была распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 424 «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», што пацягнула цяжкія наступствы. Цяпер яму паградае да 10 гадоў зняволення.
Свой відэазварот дырэктар і ўладальнік гомельскага прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў «Лінія зносу» Юрый Сулім адрасуе асабіста Лукашэнку. Ён распавядае, як агітаваў за кіраўніка Беларусі падчас выбарчай кампаніі 2020 года і як разам са сваімі работнікамі наведваў прарэжымныя мітынгі: «Цалкам падтрымліваю палітыку нашай дзяржавы. Прымаў удзел у вашай падтрымцы са сваім працоўным калектывам на выступленні 16 жніўня 2020 года».
З дакументаў, прадстаўленых у відэароліку, вынікае, што ПСУП «Лінія зносу» пералічвала сродкі ў выбарчы фонд Лукашэнкі і нават распрацавала ў яго падтрымку свой агітацыйны плакат.
Аднак, нягледзячы на адданасць рэжыму, пасля выбараў у дачыненні да кампаніі і яе кіраўніцтва 10 лістапада 2022 года была заведзена крымінальная справа.
«З 1 лістапада 2022 года вытворчасць цалкам спынена. Нам ставяць у віну захаванне адходаў, хоць мы выкарыстоўвалі бітую цэглу для будаўніцтва ўласнай вытворчасці», — сказаў Юрый Сулім
У пастанове аб завядзенні крымінальнай справы сказана, што восенню 2015 года на зямельным участку ў Бабовіцкім сельсавеце, які належыць ПСУП «Лінія зносу», былі закапаны будаўнічыя адходы. Следчыя ўгледзелі ў гэтым парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства і ацанілі нанесеную шкоду ў 15 858 базавых велічынь (на сёння — 586,7 тысячы рублёў).
Кіраўнік ПСУП «Лінія зносу», у сваю чаргу, указвае на тое, што выкарыстанне будаўнічых адходаў для падсыпкі зямельнага ўчастка варта расцэньваць як другаснае выкарыстанне, а не захаванне.
І адметна, што такая інтэрпрэтацыя прыродаахоўнага заканадаўства ўжо аднойчы спрацоўвала.
У лютым 2010 года фірма выйграла тэндар на знос старых будынкаў у цэнтры Гомеля. Будаўнічыя адходы пазней былі выкарыстаны для падсыпкі гомельскіх дарог. Дазвол на гэта ад мясцовых улад быў атрыманы. Аднак пасля гэтага прайшла праверка Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, па выніках якой было заяўлена, што падсыпку пад дарогу трэба было рэгістраваць як аб'ект па выкарыстанні адходаў. У выніку ПСУП «Лінія зносу» выставілі прэтэнзіі амаль на 2,5 мільёны долараў.
10 гадоў таму ў дачыненні да дырэктара прадпрыемства таксама была заведзена крымінальная справа, аднак пракуратура ўстала на бок ПСУП «Лінія зносу», і справа была закрыта.