«Ніколі не бачыў рознарабочых з такой высокай зарплатай». Як праходзяць ваенныя зборы на Гомельшчыне

У пачатку красавіка Мінабароны абвясціла аб праверцы баявой гатоўнасці беларускай арміі. Адразу пасля гэтага беларусаў актыўна пачалі прызываць на зборы, якія ў сярэднім доўжацца да 35 дзён. «Штодзень» паглядзеў на ўсё, што адбываецца, вачыма ўлад і рэальна прызваных ваеннаабавязаных.

Гомельскі ваенкам Крываносаў стаў для беларусаў мемам

Гомельскі ваенкам Крываносаў стаў для беларусаў мемам


На Гомельшчыне за апошні час праходзілі праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, дзе падчас збораў вайскоўцы запасу разам з «тэрміноўцамі» і афіцэрамі ўдзельнічалі ў баявой узгодненасці. Праводзіліся раптоўныя праверкі (ацэньвалі гатоўнасць і здольнасць асабовага складу да аператыўнага рэагавання), вучэнні і трэніроўкі з прыцягненнем памежнікаў, унутраных войскаў і спецпадраздзяленняў МНС.

Не трэба быць ваенным чалавекам, каб разумець, з чаго раптам такая спешка і актыўнасць. Да таго ж ужо некалькі месяцаў вядуцца актыўныя размовы пра тое, што памежжа Гомельшчыны павінна быць узята пад асаблівы вайсковы кантроль. Побач — Украіна. І там вайна.

Акурат цяпер праходзяць камандна-штабныя вучэнні пад кіраўніцтвам намеснікаў старшынь Гомельскага абласнога і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. Як паведамляе Мінабароны, «адпрацоўваюць фарміраванне тэрытарыяльных войскаў і падрыхтоўку іх да выканання пастаўленых задач». І гэта нібыта ўжо фінальны этап вучэбных збораў ваеннаабавязаных, які ў Гомелі, Мазырскім раёне і Ленінскім раёне Мінска працягнецца да 2 чэрвеня.


Афіцыйна: «З вамі ў нашых узброеных сіл усё атрымаецца!»

Са стварэннем карціны таго, што адбываецца па той бок рэальнасці, праблем не было. Мабыць, самы яркі вайсковы прадстаўнік Гомельшчыны — легендарны ваенкам-ябацька Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў. Той самы аматар флэшмобаў у падтрымку Лукашэнкі, які пасля ўдзелу ў праграме «Маркаў» на АНТ выдаў фразу «Я — ябацька. Ты, я, мы — бацька» і літаральна разляцеўся на мемы, а потым стаў аўтарам яшчэ некалькіх прапагандысцкіх відэа і флэшмобаў.

Акурат тады, калі ў Гомельскай вобласці стартавалі актыўныя ваенныя зборы (у красавіку Рэд.), у інтэрнэт трапіла відэа, на якім Крываносаў вітае і гаворыць з ваеннаабавязанымі, якія прыбылі на ваенныя зборы.

У прынцыпе пасля прагляду гэтага відэа ўсе настроі і атмасфера збораў становяцца зразумелымі.

— Віншую з атрыманнем статусу вайскоўца Рэспублікі Беларусь! — гучна гаворыць Крываносаў.

— Ура! Ура! Ура! — відавочна нестраявым голасам выдаюць прысутныя ў спартыўнай форме і з заплечнікамі наперавес маладыя мужчыны.

— Магчыма, калі вы служылі, не ўсе часткі былі ўкамплектаваны. Сёння, калі ажыццяўляецца праверка, часткі павінны ўкамплектавацца на 100% асабовым складам як мірнага, так і ваеннага часу, — гаворыць Крываносаў «прызыўнікам» ужо на агульным сходзе ў актавай зале. — Таму вы ідзяце на тыя ж самыя пасады. У свае родныя пенаты.

Далей на відэа зноў кадры з пляца.

— Аднавіце ўсе практычныя навыкі ў ваеннай справе. І разам з вамі ў нашых узброеных сіл усё атрымаецца! Я правільна кажу, таварышы вайскоўцы? — з запалам выдае Крываносаў.

На што закліканыя на зборы пад камічныя дырыжорскія ўзмахі рук Крываносава адказваюць «Так! Так! Так!». Пры гэтым відаць, як многія ў страі з цяжкасцю стрымліваюць смех ад маразму таго, што адбываецца.

— Дзякуй, малайцы, — дае ацэнку задаволены Крываносаў.

Далей пад марш «Развітанне славянкі» строем усіх адпраўляюць у аўтобусы, якія вязуць ваеннаабавязаных да месца правядзення збораў.

Хтосьці з прызваных на камеру паказальна на развітанне махае рукой, а следам гэтак жа паказальна чэсць аддае Крываносаў.

Мы ні ў якім разе не хочам пакрыўдзіць палкоўніка Крываносава, але, гледзячы відэа, з цяжкасцю верым, што сам ён у выпадку чаго змог бы выканаць хоць адзін ваенны нарматыў.

Мы правялі невялікі фактчэкінг. Высветлілася, што відэа было запісана і размешчана спецыяльна для публікацыі справаздачнага матэрыялу для мясцовага СМІ «Гомельскія ведамасці».

Там распавядалася, што на зборы з’явіліся абсалютна ўсе ваеннаабавязаныя, што развозілі іх у камфартабельных аўтобусах, што павесткі былі ўручаны ў тэрмін, што многія «прызыўнікі» сапраўды рады таму, што адпраўляюцца на зборы, і лічаць гэта сваім ганаровым абавязкам.

Крываносаў на мітынгу «ябацькаў» у Гомелі

Крываносаў на мітынгу «ябацькаў» у Гомелі


Рэальна: «Трохі пагуляецеся ў вайнушку»

Усё было б весела, калі б не так сумна. «Штодзень» пагаварыў з гомельцам, які пабываў на зборах і падзяліўся пра іх сваімі ўражаннямі. Спойлер: атмасфера на відэа з Крываносавым моцна адрозніваецца ад рэальных падзей.

— Даўно не жыву з бацькамі. Але павестку чамусьці даслалі бацьку. Прытым у пятніцу. З’явіцца ж трэба было ўжо ў панядзелак. Арыгінальна. Па-першае, гэта парушэнне тэрмінаў (павестку павінны даслаць не менш чым за 10 дзён да пачатку збораўРэд.), па-другое, у мяне новая праца. І сысці адтуль на 35 дзён — вельмі сур’ёзная праблема.

У графе «мэта» былі пералічаны стандартныя, напэўна, пункты: «мабілізацыя, мабілізацыйныя зборы, спецыяльныя зборы». Але падкрэслена з гэтага нічога не было. То-бок я толкам і не разумеў, навошта мяне выклікаюць, — распавядае наш суразмоўца. Свае імя і прозвішча па прычынах бяспекі ён просіць не называць.

— З’явіцца трэба было а 7 раніцы. Адтуль адразу і забралі. Спрабаваў высветліць, што, куды, навошта? Сказалі: «Тэрабарона, трохі пагуляеце ў вайнушку». Падкрэслілі, дарэчы, што гэта ніяк не звязана з вайной ва Украіне. Калі прывезлі, адразу ж сказалі здаць тэлефоны. Мы пачалі абурацца. Але хутка панапісалі родным і здалі тэлефоны. Потым іх выдавалі.

Па словах суразмоўцы, у аўтобусе было 30 чалавек. Узрост «прызваных» — ад 20 да 50 гадоў.

— Адукацыя ва ўсіх таксама розная. Хто пасля ПТВ, хто з дзвюма вышкамі. Па здароўі — таксама. У некаторых хранічныя захворванні. Але гэта нікога асабліва не хвалявала. Проста ўсіх грэблі, ды і ўсё. Дарэчы, калі ўжо раззнаёміліся, высветлілася, што некаторым павестка на працу прыйшла, некаторых ледзь не з ложка забралі, камусьці сказалі з’явіцца для зверкі звестак, а гэта былі зборы. Забралі, без рэчаў і папярэджанняў родных. Здзек, — распавядае суразмоўца.

Па яго словах, у казарме, у якой размясцілі ваеннаабавязанных, было 70 чалавек.

— Адчуванне, што з часоў «саўка» нічога не змянілася. Выдалі нейкую старую смярдзючую форму з крывымі стаптанымі берцамі. У казарме ўсё старое, страшэннае, з жалезнымі ложкамі і дзіркамі ў прасцінах. 5 старых унітазаў на ўсіх. Але гэта лепей за жыццё ў намётах, у красавіку. Я, шчыра кажучы, ужо думаў, што жыць у іх давядзецца. Так што маўчаў.

Кармілі ў сталовай. Самая папулярная ежа — размазаная па талерцы каша і малюсенькі кавалак мяса. Часцяком была рыба — невялікі кавалачак хека. Хлеб — з маслам і сырам. Але ежы мала. Заўсёды выходзілі са сталовай галоднымі. За месяц схуднеў на 6 кг. Але многія затаварваліся «бомжпакетамі» і потым даядалі.

Што тычыцца саміх збораў, то я так і не зразумеў, што гэта было. То на складзе нешта перакладалі, то платы будавалі, то пыл з бронетранспарцёраў праціралі. Траншэй не капалі, гранат не кідалі, на стрэльбішча не хадзілі.

Пры гэтым у спецыяльных ведамасцях, па словах нашага суразмоўцы, усе распісваліся так, што нібыта прайшлі тэорыю па ваеннай тэхніцы і выязджалі на палявыя вучэнні. Там жа былі ўпісаны заняткі з назвамі «Падрыхтоўка камандзіраў тэрабароны», «Рамонт, абслугоўванне і зняцце з рамонту тэхнікі».

— Па факце нам проста паказвалі тэхніку на малюнках у навучальным класе. Калі шчыра, я і страляць толкам не ўмею, — гаворыць мужчына. — Мы ўсе чакалі, калі нам пачнуць прамываць мазгі пра вайну ва Украіне.

Дачакаліся. Праз некалькі дзён нам пачалі паказваць прапагандысцкія фільмы, распавядалі пра фашызм ва Украіне, паказвалі тэхніку NATO, якая там стаіць, нейкія недарэчныя беларускія расследаванні пра тое, як і хто хоча захапіць Беларусь…

Самае смешнае: па законе на працы за час маёй адсутнасці мне выплацяць маю сярэднюю зарплату. А пасада ў мяне даволі высокая. Але справа ж у тым, што мая ж бухгалтэрыя вышле пасля гэтага запыт у Мінабароны на кампенсацыю затрачаных на мяне за гэты месяц грошай. І Мінабароны будзе абавязана гэтыя грошы выплаціць. Я ніколі не бачыў яшчэ рознарабочых (а менавіта імі мы і былі на зборах) з такой высокай зарплатай.

Карацей, лічу гэта ўсё традыцыйнай паказухай для справаздачы. Дарэчы, на зборах ад самага пачатку нас часцяком здымалі на відэа. То тэлебачанне дзяржаўнае, то людзі ў форме.


Даведка

Па беларускіх законах заклікаць на зборы могуць усіх ваеннаабавязаных беларусаў. Ваеннаабавязанымі з'яўляюцца ўсе, хто лічыцца ў запасе Узброеных сіл ці іншых воінскіх фарміраванняў. У тым ліку ў запас залічваюць мужчын, прызнаных непрыдатнымі да службы ў мірны час. Беларусам, якія не праходзілі тэрміновай службы ў войску, пры залічэнні ў запас прысвойваецца званне «радавы». Гранічны ўзрост знаходжання ў запасе — 65 гадоў.

Павесткі ваеннаабавязаным, адабраным для праходжання збораў, акрамя праверачных, абавязаны ўручыць не пазней чым за 10 дзён да іх пачатку.

Ухіленне рэзервіста або ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы караецца штрафам, арыштам або папраўчымі работамі да аднаго года. Ухіленне ад збораў шляхам прычынення сабе цялесных калечанняў, сімуляцыі хваробы або падробкі дакументаў караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.


А ў гэты час…

На Гомельшчыне ствараюць яшчэ адзін атрад спецыяльнага прызначэння. «Мы прадугледжваем на працягу бліжэйшага паўгоддзя стварэнне яшчэ аднаго асобнага падраздзялення спецыяльнага прызначэння ў прывязцы да паўднёвага кірунку — у Гомельскай вобласці», — заявіў не так даўно намеснік міністра ўнутраных спраў-камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Па задумцы, галоўнымі задачамі атрада будуць барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійнымі разведвальнымі групамі.