Быў непрыдатны да службы — раптам стаў «прыдатны». Як цяпер не трапіць у войска?

У Беларусі пачалі цягаць у ваенкаматы нават людзей, якія «не прыдатныя для службы ў мірны час». Гэта звязана са зменамі патрабаванняў да здароўя прызыўнікоў. Але на фоне вайны ва Украіне многія беларусы хацелі б «адкасіць» ад службы ў войску. Эксперт у галіне мерапрыемстваў па прызыве распавядае, дзе прызыўнікам шукаць дапамогі і што варта рабіць самім.

_belarus_vajna_vaenny_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Яшчэ ёсць дзе пракансультавацца

Улетку 2022 года прайшла хваля затрыманняў супрацоўнікаў сэрвісаў, якія суправаджалі прызыўніка ў працэсе пошуку адтэрміновак, а потым рэжым Лукашэнкі спыніў іх дзейнасць. Эксперт у галіне мерапрыемстваў па прызыве Антон (імя зменена) распавёў, што мэта тых затрыманняў супрацоўнікаў сэрвісаў была адна — «у беларускім стылі спыніць функцыянаванне» службаў дапамогі прызыўнікам.

Цяпер, распавядае ён, службы дапамогі працуюць, але па прынцыпе «сарафаннага радыё» і прымаюць аплату крыптавалютай, пішуць «Белнавіны».

Паслугі «падпольных» службаў дапамогі прызыўнікам даражэйшыя за паслугі іх папярэднікаў, але і больш дзейсныя, распавядае Антон. Такія службы ўжо не абмяжоўваюцца строга законнымі метадамі. Яны ўжо не марнуюць час на тых, каму хочацца проста нешта ўдакладніць бясплатна, і на тых, у здольнасцях і рашучасці каго не ўпэўнены. Са слоў суразмоўцы, службы дапамогі прызыўнікам пакуль толькі збіраюцца вярнуцца да адкрытай працы.


Фота павесткі па Вайберы — не павестка

У адрозненне ад Расіі, у Беларусі адзінае належнае апавяшчэнне грамадзяніна аб неабходнасці яўкі ў ваенкамат — гэта падпісаная асабіста грамадзянінам павестка. SMS, тэлефонная размова, фота павесткі з незнаёмага акаўнта ў мэсэнджары і нават асабістае паведамленне «ВКонтакте» ад намесніка начальніка аддзела прызыву (было і такое, распавядае Антон) — гэта не павестка.

Таму няма сэнсу не прымаць званкоў з незнаёмых нумароў, кажа суразмоўца. Можна памаўчаць у слухаўку ці нават пагадзіцца, але пакуль няма асабіста падпісанай павесткі — «вы ў доміку».

У той жа час такія званкі або іншыя спосабы паведаміць пра павестку — сігнал, што раней ці пазней яе ўручаць належным чынам, упэўнены Антон.


Што рабіць? Рыхтавацца загадзя

Прызыўнікам з адтэрміноўкай з мэтай адукацыі або па сямейных абставінах суразмоўца раіць пры «любым зародку паталогіі» ісці да лекара і дакументальна фіксаваць гэта, але ні ў якім разе не прызнавацца, што гэта для ваенкамата. Гісторыю хваробы трэба развіваць, «капаць на мазгі» лекарам.

«Пры любым наведванні лекара з мэтай выявіць непрызыўны дыягназ вы павінны паводзіць сябе як пацыент, які мае скаргі і хоча ліквідаваць іх праз пастаноўку дыягназу і лячэнне», — падказвае Антон.

Ёсць некаторыя «варыянты апошняй надзеі»: аперацыі па паляпшэнні здароўя накшталт выраўноўвання насавой перагародкі або выпраўлення варыкацеле дадуць некаторую адтэрміноўку, але органы па прызыве просяць лекараў запытваць у ваенкамата дазвол на такія аперацыі для прызыўнікоў.

Звычайная хвароба дасць адтэрміноўку ў пяць працоўных дзён пасля закрыцця бальнічнага, а лазерная карэкцыя зроку ўжо зусім не дае адтэрміновак. Лепш рыхтавацца загадзя, рэзюмуе суразмоўца.

Антон лічыць, што дапамагчы можна любому прызыўніку на любым этапе, але не кожны здольны рэалізаваць тое, што прапануюць службы дапамогі. Гаворка нават не пра варыянты накшталт «зламаць руку» або «парэзаць вены» — такога не прапаноўваюць, «лепш ужо ў войска схадзіць», смяецца суразмоўца.

Калі б існавалі лёгкія і надзейныя спосабы пазбегнуць прызыву, яны б не выдаваліся — інакш перасталі б быць надзейнымі і лёгкімі, тлумачыць Антон. Ёсць хіба што адзін «просты» варыянт — з'ехаць за мяжу ў краіну, якая дакладна не выдасць беларускаму ваенкамату, але ў такія краіны патрэбна віза.

Бязвізавая Грузія раней выдавала ў Беларусь ухілістаў, але Антон сумняецца, што Грузія стане рабіць гэта цяпер.