Час перастаў быць мірным? У ваенкаматы выклікаюць тых, хто меў статус «нягодных у мірны час»

Хлопцаў, якія маюць статус «нягодны ў мірны час», тэрмінова выклікаюць у ваенкамат для пераагляду. Хоць да планавай працэдуры ў аднаго з іх яшчэ больш за год. «Люстэрка» разбіралася, у чым справа.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

«Прыйшло ўказанне зверху»

Віктару 20 гадоў, ён жыве ў невялікім горадзе Віцебскай вобласці. У 2021 годзе хлопец атрымаў статус «не прыдатны ў мірны час», але пераагляд мусіць адбывацца кожныя тры гады. Па раскладзе пайсці ў ваенкамат ён павінен восенню 2024-га, але ў войску вырашылі інакш.

— У лютым змянілі спіс хвароб, якія дазваляюць прызнаваць непрыдатным. І калі ў пачатку траўня мне патэлефанавалі з ваенкамата для ўдакладнення звестак, яны папярэдзілі, што пасля гэтых зменаў я магу лічыцца прыдатным. І спыталі, ці не хачу я прыйсці да іх, бо «чым раней адслужыш, тым лепш», — цытуе Віктар супрацоўнікаў ваенкамата. — Я сказаў, што лепш пачакаю. Раптам яшчэ нешта знойдуць, каб зноў лічыцца нягодным. Тады я думаў, што ўсё ў парадку, у мяне ёсць паўтара года, каб знайсці прычыну і не служыць. Але ў сярэдзіне траўня мне зноў патэлефанавалі і сказалі тэрмінова прыйсці. Маўляў, адмовіцца ад датэрміновага пераагляду нельга.

Прычыну такой спешкі Віктару не патлумачылі — спаслаліся на загад зверху і змены ў спісе хвароб. Позву маладому чалавеку таксама не даслалі. Але хлопец усё ж вырашыў пайсці ў ваенкамат. Позву атрымаў ужо на месцы. І цяпер медыкі будуць вырашаць: прыдатны ён да войска ці не.

— Мне далі накіраванне ў паліклініку, я прайшоў некалькі лекараў. А потым сказалі легчы ў бальніцу, каб пацвердзіць дыягназ, — распавядае ён. — Я не разумею гэтай сістэмы: калі ў мяне быў дыягназ і я ўжо лічыўся непрыдатным, навошта мне цяпер класціся ў бальніцу, калі яны лічаць мяне прыдатным? Заблытана неяк. Прычым у мяне псарыяз, і лекары на медаглядзе нават не ведалі, што са мной рабіць, куды пісаць, здаровы я наогул ці не. У ваенкамаце таксама не ведаюць, што рабіць з маім накіраваннем у бальніцу.

— Але я не разумею, чаму нельга дачакацца восені 2024 года? Чаму трэба тэрмінова ўсё гэта рабіць? Мне ніяк не тлумачаць, — абураецца Віктар. — Я наогул у шоку. Спакойна сабе жыў, ні пра што не перажываў. А тут рэзка ўсе планы абрываюцца. Толькі пачалося нармальнае жыццё, знайшоў добрую працу. А цяпер мяне хочуць выдраць з усяго гэтага на паўтара года.

Падобная сітуацыя адбылася з 21-гадовым Андрэем. Малады чалавек жыве ў адным з раённых гарадоў Віцебскай вобласці і гэтак жа, як і Віктар, не гарыць вялікім жаданнем служыць.

— Мне патэлефанавалі з ваенкамата і сказалі прыйсці для праходжання медкамісіі. Але я не прыдатны ў мірны час, а пераагляд толькі ўвосень, так напісана ў ваенніку. Я пра гэта сказаў, на што мне адказалі: «Прыйшло ўказанне звыш правесці раней», — распавядае ён. — Сябры і сваякі мне сказалі, што я не абавязаны з'яўляцца па званку, таму нікуды не пайшоў. А на званок з гэтага нумара вырашыў больш не падымаць, ён нават не пазначаны на сайце ваенкамата.

Пасля гэтага Андрэю даслалі позву на месца працы. На медагляд ён пакуль не хадзіў, бо знаходзіцца на бальнічным. Але іншага выйсця для сябе не бачыць.

— Я не разумею, навошта мяне завуць цяпер. Прама напісана: я не прыдатны ў мірны час. Атрымліваецца, цяпер ужо нямірны? — іранізуе ён. — Да таго ж у ваенкамаце мне сказалі, што мая хвароба не патрапіла пад карэкціроўку (у Андрэя праблемы з сасудамі, яму складана доўга хадзіць. — Рэд.), з ёй усё гэтак жа не бяруць. Навошта тады клікаць? Ды і ўсё роўна ёсць асцярога, што забяруць у войска. Ці мала што лекар напіша.

Абодва суразмоўцы распавялі, што ведаюць яшчэ некалькі падобных выпадкаў. Напрыклад, на пераагляд па тэлефоне выклікалі знаёмага Віктара. Малады чалавек з Мінска і таксама не прыдатны ў мірны час. У ваенкамат ён пакуль ісці не збіраецца — чакае павестку. У Андрэя такіх знаёмых няма, але ён кажа, што гісторыі пра тэрміновы медагляд людзей, якія не прыдатныя ў мірны час, ён таксама чуў не раз.

Што кажуць у ваенкамаце?

Чытачка «Люстэрка», хлопца якой гэтак жа тэрмінова выклікалі на пераагляд, патэлефанавала ў вайсковы камісарыят Віцебскай вобласці з пытаннем, у чым прычына. Запіс размовы яна перадала ў рэдакцыю.

— Хлопца выклікаюць тэрмінова на пераагляд, хоць наогул ён павінен ісці толькі ў наступным годзе, бо не прыдатны ў мірны час. Можаце падказаць, чаму такая тэрміновасць?

— Не магу сказаць, чаму такая тэрміновасць. Выклікаюць жа яго не ў абласны камісарыят, а ў гарадскі.

— Проста ў гарадскім нічога толкам не тлумачаць, трэба прыйсці, і ўсё. А што, чаму — ніхто не кажа.

— А вы баіцеся, што ён пойдзе ў войска?

— Ну не хацелася б. Ён быў не прыдатны, а цяпер, атрымліваецца, можа пайсці служыць восенню. Былі планы. Незразумела наогул, наколькі законна вось так выклікаць.

— Патлумачыць я вам не магу, бо ў мяне няма асабістай справы прызыўніка, нічога. Гэта толькі спецыялісты, якія прызначаюць, [змогуць сказаць]. Але я не думаю, што ўсё гэта неправамерна.

— Проста яго выклікаюць амаль на год раней, хоць наогул ён быў не прыдатны ў мірны час. Тэлефануюць і тэрмінова кажуць прыйсці, а потым позву на працу дасылаюць. Незразумела, чаму так раптоўна і менавіта цяпер?

— Не магу падказаць, бо кожны індывідуальна будзе, у мяне такіх звестак няма.

— То-бок, гэта ўсё ў індывідуальным парадку вырашаецца, пераглядаюць справу чалавека і выклікаюць?

— Вельмі магчыма. Працуе камісія лекараў, і яны, магчыма, праводзяць даабследаванне. Тут я падказаць не магу.

Пераклад «НЧ»