Фрыдман: Лукашэнку не абавязкова паміраць, каб знікнуць са старонак замежных СМІ
Заходнюю прэсу Лукашэнка не цікавіць, за выключэннем стану яго здароўя. А вось параўнанні з Музеем васкавых фігур мадам Цюссо ды муміяй карысталіся попытам. Што паказала гісторыя са «знікненнем» Лукашэнкі на пяць дзён?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Заходняя прэса пісала пра “знікненне” Лукашэнкі, пісала досыць шмат і на розных узроўнях. Спачатку тэму падняла бульварная прэса, затым яе падхапілі сур’ёзныя выданні. Разважалі пра сутнасць беларускага рэжыму, пра магчымыя сцэнары развіцця падзей у выпадку, калі Лукашэнка абваліцца, разважалі на тэму, хто можа прыйсці на месца Лукашэнкі. Людзі з лукашэнкаўскай намеклатуры ўвогуле ўпершыню з’явіліся ў заходняй прэсе, бо ніхто іх не ведаў; так, з’явіліся публікацыі пра Качанаву, пра Церцеля, пра пабудову беларускай сістэмы і ролі Лукашэнкі ў ёй.
Што да крыніцаў інфармацыі, то заходнія публікацыі асабліва не цікавыя, бо таму, хто сочыць за беларускім кантэкстам, усё напісанае вядома. Першапачаткова ў заходняй прэсе з’явілася версія атручання Лукашэнкі, якую вылучыў Балкунец, — яна вельмі спадабалася брытанскай бульварнай прэсе; пра “дыягназ” Латушкі таксама пісалі, выказванні Ціханоўскай пра планы перахапіць уладу пасля таго, як памрэ Лукашэнка, таксама былі. Астатнія крыніцы — гэта выказванні розных беларускіх палітолагаў і публікацыі з расійскай прэсы. Так што нейкіх надзвычайных цікавых крыніцаў, таго, што не агучвалася ў Беларусі, у заходняй прэсе не было.
Гэта паказвае, што заходні бок не мае ўласных крыніцаў унутры Беларусі, не было ніякіх спасылак на інфармацыю заходніх разведак — гэта ўвогуле адсутнічала. Калі на Захадзе на ўзроўні спецслужбаў і ідзе нейкі аналіз таго, што адбываецца ў вышэйшых эшалонах беларускай улады, то ніякіх звестак пра гэта ў прэсу не трапляе.
Заходнія публікацыі былі павярхоўныя, паколькі ў іх не было нічога новага, заходняя прэса проста транслявала вядомыя факты з беларускага кантэксту. Таксама праводзіліся гістарычныя паралелі: што адбываецца з краінай, калі “знікае” ці памірае чалавек, які 20–30 гадоў знаходзіўся ва ўладзе.
Гэтая гісторыя паказала яшчэ раз, як Захад успрымае Лукашэнку. Лукашэнку сёння, каб патрапіць на старонкі замежнага друку, сенсацыйных заяваў мала. Падчас сустрэчы з дэпутатамі АДКБ ён зрабіў жа заяву, што ўкраінскі контрнаступ — гэта фейк, дэзінфармацыя, але яна нікога не зацікавіла. У Расіі гэты ясловы падхапілі, ва Украіне нават рэакцыі не было, у Беларусі абмяркоўвалі. Так ці інакш, Лукашэнка чалавек з атачэння Пуціна, такі сенсацыйны флёр, які, здаецца, заходняя прэса мусіла была падхапіць і распаўсюдзіць. Не. Трэба, каб з’явіліся чуткі пра “знікненне” Лукашэнкі, што яго больш няма, тады пра яго пачынаюць пісаць. А вось яго заявы сур’ёзна не ўспрымаюцца. Для самога Лукашэнкі гэта абсалютна непрыемны фактар.
Ні заявы беларускага прадстаўніка ў ААН пра тое, што нічога не робіцца дзеля размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, ні пагрозы афіцыйнага Мінска адклікаць заяўку на ўступленне ў Раду Еўропы не прыносяць карысці.
— Значыць, Лукашэнку не абавязкова паміраць, каб знікнуць са старонак заходняй прэсы.
— На дадзены момант для Лукашэнкі ўсё выглядае дрэнна: цікавасці да яго няма. За выключэннем стану яго здароўя. А вось параўнанні з Музеем васкавых фігур мадам Цюссо, муміяй карысталіся попытам.