Лепш быць «замежным агентам» у РФ, чым «экстрэмістам» у Беларусі

Большасць абвешчаных у Расіі «замежнымі агентамі» — журналісты і прадстаўнікі медыя. Зрэшты, называцца «замежнымі агентамі» ў РФ нязручна, але больш бяспечна, чым стаць «экстрэмістам» у Беларусі. Бо толькі 18% замежных агентаў у РФ — крымінальна пераследуюцца.

Фота «Коммерсантъ»

Фота «Коммерсантъ»

Журналісты і прадстаўнікі медыя сталі самай вялікай прафесійнай групай у Адзіным рэестры «замежных агентаў», які вядзе Міністэрства юстыцыі Расіі, піша «Вёрстка».

У спісе ведамства, які налічвае 274 чалавекі, 112 з'яўляюцца журналістамі — гэта больш за 40% ад агульнай колькасці «замежных агентаў».

Другая па колькасці група «замежных агентаў» — гэта палітычныя і грамадзянскія актывісты. Іх у рэестры налічваецца 33 чалавекі. Самая значная частка з іх — актывісты руху па назіранні за выбарамі «Голас»: іх на сённяшні дзень у рэестры 10 чалавек.

У 2022 годзе, як адзначае выданне, рэзка вырасла колькасць «замежных агентаў» – дзеячаў мастацтва, сярод якіх музыканты, акцёры, мастакі і пісьменнікі. У цяперашні час іх у спісе Мінюста РФ 26 чалавек. Яшчэ 25 «замежных агентаў» — апазіцыйныя палітыкі, у тым ліку былыя дэпутаты Дзярждумы і лідары палітычных рухаў.

У рэестры Мінюста таксама ёсць «замежныя агенты»-блогеры (18 чалавек), праваабаронцы (13 чалавек), палітолагі (12 чалавек). Акрамя гэтага, «замежнымі агентамі» ў Расіі прызнаныя 12 навукоўцаў, дзевяць юрыстаў, дзевяць прадпрымальнікаў, два вайсковыя эксперты і два рэлігійныя дзеячы.

Адметна, што ў 2022 годзе расійскія суды аштрафавалі «замежных агентаў» на 228,6 млн рублёў — гэта ў 60 разоў больш, чым у 2021-м.


Раней «Коммерсант» са спасылкай на справаздачу Мінюста РФ у Дзярждуме пісаў, што ў 2022 годзе рэкордна павялічылася колькасць фізічных і юрыдычных асоб, якія папоўнілі Адзіны рэестр «замежных агентаў» — ведамства ўнесла ў яго 188 пазіцый, тады як годам раней у спіс «замежныя агенты» было дададзена 108 фізічных асоб і арганізацый.

Паводле ведамства, у мінулым годзе Роскомнадзор склаў 156 пратаколаў аб парушэнні статусу «замежнага агента», што стала падставай для накладання судамі штрафаў на асобы і арганізацыі, прызнаныя «замежнымі агентамі».

У 2022 годзе сума штрафаў, прызначаных расейскімі судамі ў дачыненні да «замежных агентаў», вырасла ў 60 разоў — да 228,6 млн рублёў супраць 3,8 млн рублёў у 2021 годзе.


Нагадаем, закон аб «замежных агентах» у Расіі з'явіўся ў 2012 годзе. Ён дазволіў Мінюсту РФ прызнаваць НКА «замежнымі агентамі», калі яны атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы і займаюцца палітычнай дзейнасцю. Пасля дадалася магчымасць прызнаваць такімі агентамі СМІ і фізічных асоб.

З 1 снежня 2022 года ў Расіі ўвайшоў у дзеянне закон «Аб кантролі за дзейнасцю асоб, якія знаходзяцца пад замежным уплывам». Акрамя адзінага рэестра «замежныя агенты», у Расіі з'явіўся рэестр тых, хто «афіляваны» з «агентамі». Імі будуць прызнаваць фізічных асоб, якія былі або з'яўляюцца ў цяперашні час удзельнікамі арганізацыі-«замежнага агента». На іх распаўсюджваюцца абмежаванні, устаноўленыя для «замежных агентаў».

«Вёрстка» падлічыла, што 38 грамадзян (18%), прызнаных у Расіі «замежнымі агентамі», знаходзяцца пад крымінальным пераследам. Гэта звесткі на пачатак снежня 2022 года. Як адзначае выданне, крымінальная справа заведзеная на кожнага пятага грамадзяніна РФ, які знаходзіцца ў гэтым статусе. Амаль кожны сёмы «замежны агент» знаходзіцца ў вышуку, у СІЗА ці пад іншай мерай стрымання.

Самы папулярны для пераследаў «замежных агентаў» артыкул — за распаўсюд «фэйкаў» аб дзеяннях расійскага войска.

У беларускім спісе «грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», або так званым «Спісе экстрэмістаў», — цяпер 2800 чалавек. І гэта на 9 мільёнаў беларусаў. Толькі за красавік 2023-га, паводле праваабаронцаў, беларускі «Спіс экстрэмістаў» павялічыўся амаль на 120 чалавек.


Паводле "Вёрстка", Настоящее время"