«Помсьціць за ўсё дыктатарскі рэжым менавіта па тых — сталінскіх — мэтадычках»
Завочныя суды над «беглымі» — гэта толькі пачатак, яны ня выклікалі таго прапагандысцкага эфэкту, на які, відавочна, разьлічвала ўлада. А што можа быць далей, разважае ў сваім блогу на Радыё Св*бода Віктар Багдзевіч.
Хоць выракі Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну па-лукашэнкаўску суворыя (па 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці), выгляд пустых крэслаў замест саміх асуджаных — ня надта застрашвальны прыклад, які здольны быў бы выклікаць жах і трымценьне ў асяродзьдзі тых, хто апынуўся па-за межамі дасягальнасьці карнай машыны рэжыму.
Іншая справа, калі б асуджаныя якім-небудзь неймаверным чынам неўзабаве паўсталі «жыўцом» перад тварам бязьлітаснай беларускай Фэміды. Вось гэта, сапраўды, магло б стаць трыюмфам помсты і задушэньня волі да супраціву. І ня варта лічыць, што такія сцэнары нерэальныя і што яны не распрацоўваюцца ў нетрах спэцслужбаў.
Часам можна пачуць ад тых, хто пасьпеў уцячы ад рэпрэсій: «Ну ня будуць жа яны нас высочваць, падпільноўваць недзе ў Вільні, Варшаве ці Тбілісі і перавозіць потым у багажніку дыпляматычнай машыны?».
А чаму, уласна, ня будуць — і падпільноўваць, і выкрадаць, і спрабаваць прымусова, нелегальным шляхам вярнуць на радзіму? Менавіта гэтаму іх вучылі ў школах КДБ — між іншым, на старых савецкіх узорах выкраданьняў і забойстваў, якія лічыліся гонарам і доблесьцю савецкіх спэцслужбаў. Школа, мэтодыкі, досьвед — усё ў працы лукашэнкавых спэцслужбаў засталося без істотных зьменаў. Пытаньне ў цане, якую гатовы плаціць рэжым за такія «спэцапэрацыі». Рэсурсы ў Лукашэнкі далёка ня тыя, якія мелі ў сваім распараджэньні ГПУ ці НКВД часоў Сталіна. Але на пару-тройку знакавых асобаў знойдуцца. Тым больш што, каб атрымаць адпаведны псыхалягічны эфэкт, выклікаць страх і паралізаваць волю, болей і ня трэба.
Зьвярнуў бы тут увагу на выказваньне Лукашэнкі 3 чэрвеня 2022 года, сёньня амаль забытае, ды і па гарачых сьлядах нямногія надалі яму вялікае значэньне. Гэта быў адказ на пытаньне пра тое, ці зьбіраецца рэжым прымусова вяртаць на радзіму найбольш небясьпечных для сябе «беглых», ці ёсьць у беларускіх сілавікоў такія магчымасьці. Лукашэнка адказваў коратка, няпэўна, хутчэй намёкамі. Але зь ягоных слоў, адрасаваных прапагандысту, які задаў пытаньне, было зразумела, што такія апэрацыі рыхтуюцца і будуць праводзіцца:
«Зараз, напэўна, не да месца, калі ўжо абсалютна сумленна. Настане час — паглядзіш... Ніхто ім не даруе, што яны вырабляюць з нашай краінай і з нашымі людзьмі. Я ім гэтага дараваць не магу».
Адказ быў эмацыйны, з агнём у вачах. Лукашэнка не сказаў амаль нічога канкрэтнага, але было відавочна: пытаньне тут толькі ў тым, калі і з кім гэта адбудзецца.
Пятля Пратасевіча
Як вядома, першы зь «беглых», каго рэжым паспрабаваў вярнуць прымусова яшчэ ў траўні 2021 года, — Раман Пратасевіч. Спэцапэрацыя з прымусовай пасадкай у менскім аэрапорце ірляндзкага «Боінга», у якую было ўкладзена шмат сіл і сродкаў, задумвалася, відавочна, як дэманстрацыя ўсяму сьвету ўсёмагутнасьці Лукашэнкавых спэцслужбаў. Магчымыя наступствы ня надта пралічвалі (а можа, і зусім не пралічвалі). Паказальны суд над мацёрым тэрарыстам з вынясеньнем суворага прысуду мог бы стаць апатэозам помсты, грознай засьцярогай усім «беглым». Але ня стаў. Прынамсі, пакуль.
І ня толькі таму, што Пратасевіч, як выявілася, не такі ўжо непрымірымы вораг і вельмі нават здольны да супрацы з органамі. Катастрафічнай аказалася эканамічная цана гэтай спэцапэрацыі. Закрытае неба над Беларусьсю, вынішчэньне цэлай галіны нацыянальнай эканомікі, якая дагэтуль стабільна прыносіла ў бюджэт сотні мільёнаў даляраў штогод — непрапарцыйна высокі цэньнік за аднаго блогера. Тым больш што плаціць па рахунку даводзіцца і цяпер, і невядома, калі ўся гэта гісторыя скончыцца. Усё, што можна было вытрасьці з Пратасевіча, даўно вытрасена — болей палітычных дывідэндаў атрымаць з гэтай гісторыі немагчыма.
І можна меркаваць, што Лукашэнка быў зусім шчырым, калі казаў 9 жніўня 2021 года: «Слухайце, я сёньня ня рады, што ён апынуўся ў Беларусі. Мне было б прасьцей, каб ён быў у Польшчы ці Літве. Бо гэта яны яго замовілі».
Беларускія ўлады якіх толькі вудаў не закідвалі, спрабуючы адблякаваць беларускае неба і вярнуць да жыцьця нацыянальнага авіяперавозчыка — кампанію «Белавія». Апошнім часам апэлююць нават да беларускіх эмігрантаў. Вось што піша 28 сьнежня 2022 рупар афіцыйнай прапаганды «СБ.Беларусь Сегодня»:
«Напярэдадні Новага года і Раства простыя нармальныя беларусы выйшлі ў сацыяльныя сеткі з заклікам вярнуць прамыя авіярэйсы ў Беларусь. З розных куткоў Эўропы — Славакіі, Баўгарыі, Гішпаніі, Фінляндыі, Сэрбіі, Эстоніі — чуюцца галасы зь верай у калядны цуд і надзеяй на магчымасьць сустрэцца з роднымі і блізкімі бяз штучна створаных цяжкасьцяў».
Такім чынам, наступнае «прымусовае вяртаньне» будзе праводзіцца яўна не на ўзор апэрацыі з Пратасевічам. Цану маніпуляцый зь бясьпекай міжнародных авіярэйсаў рэжым Лукашэнкі ўсьвядоміў.
Але існуе і мноства іншых, даўно апрабаваных савецкім ГПУ-НКВД-КДБ спосабаў. Згадайма некаторыя.
«Савецкія жанчыны такога сподняга ня носяць»
Спэцапэрацыя ў справе завабліваньня ў СССР Барыса Савінкава была для савецкіх спэцслужбаў прадметам гонару на працягу ўсіх сямі дзесяцігодзьдзяў існаваньня савецкай улады. Пра яе здымалі фільмы і пісалі кнігі. Яркага і энэргічнага лідэра антысавецкага супраціву завабілі ў Савецкі Саюз, спакусіўшы прыдумкамі пра нібыта створаную тут антыбальшавіцкую арганізацыю, якая гатова распачаць паўстаньне і чакае толькі яго, свайго незаменнага лідэра. Схільны да хваласьпеваў і перапоўнены палітычнымі амбіцыямі Савінкаў паверыў. Тым больш што на ВЧК працавала, як стала вядома пазьней, значная частка ягонага рэвалюцыйнага атачэньня (уключна, магчыма, зь ягонай каханкай).
Уначы 15 жніўня 1924 года недзе пад Ракавам Савінкаў разам са сваёй каханкай Любоўю Дзікгоф і ейным мужам нелегальна перайшлі польска-савецкую мяжу праз клапатліва створанае ГПУ «вакно». Дабраліся да Менску. Уладкавалі іх адразу на нібыта кансьпіратыўную кватэру, якая аказалася кватэрай аднаго з галоўных беларускіх чэкістаў Ёсіфа Апанскага. Арыштавалі на наступны дзень.
Жонка Апанскага (і па сумяшчальніцтве сакрэтны агент) Валянціна, якая праводзіла асабісты надгляд Любові Дзікгоф, убачыўшы ніжнюю бялізну арыштаванай, усклікнула: «Як вы маглі надзець гэта, ідучы ў СССР? Вас жа тут любая жанчына вылічыць!»
На што Дзікгоф адказала: «Я выбрала самае кепскае, што ў мяне было».
Трымалі Савінкава ў турме, але ў даволі дзіўных для Лубянкі ўмовах. Яму было дазволена жыць у камфортнай камэры (у якой былі гатэльная мэбля і нават дыван) з каханкай, пісаць і публікавацца, наладжваць прэсавыя канфэрэнцыі, атрымліваць эмігранцкія газэты і нават наведваць пад аховай маскоўскія тэатры і рэстараны. (Міжволі згадваюцца паралелі з тым, у якіх умовах зьняволеньня знаходзіцца Пратасевіч). «Чэкісты» імкнуліся атрымаць ад арышту Савінкава максімальную прапагандысцкую выгаду. Ён павінен быў выдаць усіх паплечнікаў, цалкам прызнаць сваю віну, пакаяцца, адрачыся ад барацьбы з бальшавізмам і заклікаць да гэтага ж сваіх замежных паплечнікаў.
Улады атрымалі ўсё што хацелі. На судзе Савінкаў ва ўсім прызнаўся, пакаяўся, заклікаў паплечнікаў спыніць барацьбу і назваў сваю антыбальшавіцкую дзейнасьць «памылкай і ачмурэньнем». Тым ня менш 29 жніўня 1924 года Вярхоўны суд асудзіў яго на расстрэл. Праўда, улічваючы, што асуджаны «цалкам прызнаў віну і гатовы загладзіць яе перад савецкай уладай», расстрэл неўзабаве замянілі на 10 гадоў турмы. Савінкаў, відавочна, чакаў абяцанага яму вызваленьня, і нават зьвяртаўся з адпаведнай прэтэнзіяй да Дзяржынскага: маўляў, патлумачце, чаму мяне дагэтуль трымаюць у турме, не даюць працаваць на савецкую ўладу? Дзяржынскі пісьмова не адказаў, загадаўшы вусна перадаць, што пра волю Савінкаў загаварыў зарана.
Разьвязка надышла неўзабаве. Паводле афіцыйнай вэрсіі, 7 траўня 1925 года, знаходзячыся пасьля прагулкі ў памяшканьні, дзе не было кратаў, Барыс Савінкаў выкінуўся з вакна пятага паверха. Вэрсія пра самазабойства была шырока распаўсюджана савецкім друкам.
Савінкаў на свабодзе быў абсалютна не патрэбен савецкай уладзе. Усё, што ён ведаў, зь яго ўжо было выцягнута. У выніку апэрацыі спэцслужбаў «Сіндыкат-2», дзякуючы ў тым ліку інфармацыі, атрыманай ад Савінкава, была выяўлена і арыштавана большая частка «савінкаўцаў», якія вялі падпольную дзейнасьць на тэрыторыі СССР. «Народны саюз абароны радзімы і свабоды» быў канчаткова разгромлены. Тысячы людзей трапілі пад рэпрэсіі.
Паляваньне на генэралаў
Генэрал Аляксандар Куцепаў, манархіст і кіраўнік антысавецкага Расейскага агульнавоінскага саюза, пра лёс Савінкава добра ведаў і ніякіх ілюзій адносна мэтадаў дзейнасьці ГПУ ня меў. Сам быў прыхільнікам актыўных дзеяньняў супраць савецкага рэжыму, у тым ліку тэрарыстычных актаў: па-іншаму адолець бальшавіцкага монстра не лічыў магчымым. З прычыны чаго і стаў адной з галоўных мішэняў для ГПУ. На той час апарат спэцслужбаў у сталінскім СССР разросься да вялізных маштабаў, а іхная стратэгія ў дачыненьні да лідэраў антысавецкага супраціву зводзілася да адной простай схемы: «Калі выбавіць з-за мяжы ня ўдасца — выкрасьці і даставіць сілай».
Генэрала Куцепава выкралі сярод белага дня 26 студзеня 1930 года ў цэнтры Парыжа, на рагу вуліц Удзіно і Русэле. Здарылася гэта так. На вуліцы Куцепава спыніў паліцыянт (як пазьней выявілася, пераапрануты францускі камуніст, агент ГПУ). Як толькі генэрал спыніўся, з аўтамабіля, які стаяў побач, выскачылі двое мужчын і паспрабавалі запхнуць яго ў машыну. У машыне генэрал аказаў жорсткі супраціў: аднаго нападніка адолеў і ўжо пачаў даваць рады другому. У гэты момант у бойку ўмяшаўся ілжэпаліцыянт, ударыўшы Куцепава нажом у сьпіну.
Паводле іншай вэрсіі, генэрала ўдалося схапіць, і агенты ГПУ ўжо перапраўлялі яго на савецкім параходзе з Марсэля ў Новарасійск. Але па дарозе ён памёр ад сардэчнага прыступу з прычыны занадта вялікай дозы морфію, уведзенай пры выкраданьні.
У кожным разе, узорна выканаць загад Масквы агенты ГПУ ня здолелі: у сутарэньні Лубянкі генэрал Куцепаў ня трапіў і выкарыстаць яго, як Савінкава, у прапагандысцкіх мэтах не ўдалося.
Забіўшы Куцепава, сталінскія спэцслужбы пачалі паляваньне на ягонага пераемніка на пасадзе кіраўніка Расейскага агульнавоінскага саюза, генэрала Яўгенія Мілера. Пад канец 30-х гадоў белы рух ужо быў густа нашпігаваны агентамі НКВД. У ліку завэрбаваных быў і генэрал Мікалай Скоблін, які стаў ключавой фігурай спэцапэрацыі і якога НКВД пасьля ліквідацыі Мілера плянаваў прасунуць на пасаду кіраўніка саюза, каб канчаткова зьнішчыць увесь рух.
22 верасьня 1937 года Скоблін угаварыў Мілера на сустрэчу нібыта зь нямецкімі дыпляматамі (насамрэч гэта былі агенты НКВД). Накіроўваючыся на сустрэчу, асьцярожны Мілер пакінуў на стале запіску:
«У мяне сёньня а 12.30 спатканьне з генэралам Скобліным на рагу вуліц Жасмэн і Рафэ. Ён павінен адвезьці мяне на спатканьне з германскім афіцэрам, вайсковым аташэ пры лімітрофных дзяржавах, Штроманам і з Вэрнэрам, які прыкамандзіраваны да нямецкай амбасады. Абодва добра размаўляюць па-расейску. Спатканьне ладзіцца па ініцыятыве Скобліна. Магчыма, гэта пастка, а таму на ўсялякі выпадак пакідаю гэту запіску».
Сябе генэрал Мілер гэтай запіскай не ўратаваў, а вось Скобліну адпомсьціў. Таму давялося ратавацца ўцёкамі, і ён загінуў неўзабаве пасьля выкрыцьця — хутчэй за ўсё, ад рук НКВД.
А выкрадзены генэрал Мілер быў дастаўлены ў СССР на цеплаходзе «Мария Ульянова» і кінуты ў турму НКВД на Лубянцы пад імем Пятра Іванова. Час быў ужо зусім ня той, што пры арышце і «распрацоўцы» Савінкава. Адмысловай камэры з дыванамі, канапамі і палюбоўніцай генэрал Мілер ня меў. Што праўда, і сам ён на допытах у любові да бальшавікоў ня кляўся і літасьці не прасіў. У архівах захаваліся некалькі яго лістоў да наркома Яжова — з просьбамі дазволіць інкогніта наведаць праваслаўны храм ці хоць бы перадаць Эвангельле і дазволіць карыстацца паперай і пяром. Ніякага адказу на свае просьбы вязень не атрымаў. Быў расстраляны ў сутарэньнях унутранай турмы НКВД 11 траўня 1939 года.
* * *
...Сёньняшнія палкоўнікі і генэралы, якія кіруюць беларускімі спэцслужбамі, выхаваныя па падручніках, у якіх апэрацыі па ліквідацыі Савінкава, Куцепава, Мілера разглядаюцца як узоры для перайманьня і навучаньня. Той досьвед у Беларусі сёньня запатрабаваны. І можа быць выкарыстаны ў любы момант.
Праўда, тады, у 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя, бальшавіцкаму рэжыму супрацьстаялі рэальныя, а не прыдуманыя ворагі, якія сапраўды вялі з камунізмам зацятую ўзброеную барацьбу. Гэта вам не мітычны «мяцеж» — з букетамі наперавес, з разуваньнем перад тым, як стаць на лаўку, і са спадзяваньнем на тое, што дыктатар аддасьць уладу ў выніку выбараў і маршаў-карнавалаў. Але помсьціць за ўсё гэта дыктатарскі рэжым у Беларусі менавіта па тых — сталінскіх — мэтадычках.