«Калі спартоўцы падзяляюць пазіцыю ўладаў, ім не месца ў сусветнай супольнасці»

У мінулым яна лёгкаатлетка, бронзавая прызёрка Алімпіяды-2012, чэмпіёнка свету і Еўропы ў патройным скачку. Сёння ж Вольга Саладуха — дэпутатка Вярхоўнай рады Украіны, абраная ў парламент ад партыі «Слуга народа». У эмацыйным інтэрв'ю «Люстэрку» яна расказала, чаму атлетам нельга маўчаць, калі ідзе вайна.

Бах, Данецк, Лукашэнка

— У сярэдзіне снежня мінулага года НАК США выступіў за вяртанне беларусаў і расіян на міжнародную арэну пад нейтральным сцягам. Перад гэтым не раз на гэтую тэму неадназначна выказваўся прэзідэнт МАК Томас Бах. Што думаеце?

— Бах — вялікі дыпламат. Кіраўнік МАК не хоча ствараць прэцэдэнты. Калі цяпер адкрыта дапусціць расіян да стартаў, то мы ўбачым падчас турніраў шэраг скандалаў. Ва Украіне льецца кроў. На сёння загінула 189 спартоўцаў. Больш за тры тысячы пайшлі ваяваць, абараняючы нашую краіну. Сутыкнуць у лоб украінцаў і расіян — можа быць залішняя агрэсія. Таму МАК хоча перакласці адказнасць на федэрацыі. І мы бачым, што некаторыя, дзе ёсць расійскі ўплыў, як бокс, шахматы, дазваляюць расіянам і беларусам выступаць у тым ці іншым статусе.

Што да заяваў амерыканскага боку, то іх можна растлумачыць лабіяваннем расійскіх інтарэсаў. Вядома, усе хочуць удзельнічаць у кваліфікацыйных спаборніцтвах, каб адабрацца на Алімпіяду-2024. Але ўсё роўна было дзіўна пачуць такія словы ад НАК ЗША.

Логіку ў заявах можна шукаць і ў жаданні пашырыць аўдыторыю, кантрактах, асабістых сімпатыях і г.д. Гэта насамрэч не так ужо і важна. Важныя не столькі матывы, колькі канкрэтныя дзеянні!

— Што збіраецеся рабіць, каб бан захаваўся?

— Вярхоўная рада Украіны і МЗС краіны напісалі лісты партнёрам, дзе далі выразна зразумець: не можа быць ніякага допуску расіян да заканчэння вайны і аднаўлення спартыўнай інфраструктуры Украіны. Каля 150 аб’ектаў пацярпелі або знішчаныя. Апошні прыклад — лядовая арэна ў Дружкоўцы ў Данецкай вобласці. Я сама родам з Данецка… У 2014 годзе давялося пераехаць у Кіеў. Я ведаю, што прыносіць «рускі свет».

Таксама мы ініцыявалі персанальныя санкцыі супраць спартоўцаў, якія падтрымліваюць вайну. Звярнуліся і да іншых дзяржаваў наконт увядзення такога пакарання. У першым спісе 56 спартоўцаў. Будзем яго пашыраць у рамках працы спецыяльнай камісіі, якую я ўзначальваю. Персанальныя санкцыі будуць біць канкрэтна па чалавеку, яго кішэні і будучыні. Хто выбраў вайну, таму не месца ў спорце пажыццёва!

— Вашая пазіцыя па беларусах чымсьці адрозніваецца?

— Так. Адзінкі расіян выступілі супраць вайны. А тыя, хто супраць рэжыму Лукашэнкі і вайны, цалкам могуць спаборнічаць пад нейтральным сцягам. У вас ёсць Антываенная дэкларацыя, якую распрацаваў БФСС. Яе падпісаў шэраг беларускіх спартоўцаў. Мы памятаем тых, хто пацярпеў праз рэпрэсіі. Некаторыя з’ехалі з Беларусі і хочуць працягваць выступаць пад нейтральным сцягам. На ўмовах Украіны гэтых атлетаў можна дапускаць. Чаму на нашых умовах? Афіцыйны Мінск мае дачыненне да вайны. З беларускай тэрыторыі ва Украіну ляцяць ракеты, там размешчаныя расійскія вайсковыя базы, і абодва дыктатары гавораць пра сумесную групоўку войскаў. Калі б тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўвалася ў якасці плацдарма, то напэўна не было б трагедыі ў Бучы і такога крывавага наступу на Кіеў.

Калі спартоўцы падзяляюць пазіцыю ўладаў нават сваім маўчаннем, то ім не месца ў сусветнай супольнасці. Для тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і вайну, мы таксама будзем дамагацца персанальных санкцый. Спіс такіх атлетаў і функцыянераў будзе пастаянна расці.

— Але ўсё ж вы ставіцеся сёння да беларусаў лепш, чым да расіян?

— Безумоўна. Расія абрала і падтрымлівае свайго лідара. А Лукашэнка нелегітымны, ён узурпаваў уладу. Я выразна падзяляю беларускую ўладу і народ. Удзячная беларускім спартоўцам, якія заклікалі сваіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць у вайне. Гэта было магутнае відэа.

Баязлівасць, прапаганда, разруха

— З Беларусі можна нярэдка пачуць: па-першае, спартоўцы ні ў чым не вінаватыя, яны не займаюцца палітыкай, а па-другое, ад іх нічога не залежыць, як лічыць Арына Сабаленка.

— Маўчаць і пераконваць сябе, што словы ні на што не паўплываюць — не пазіцыя. Спорт — гэта ж і пра fair play, так? Пра якую ж справядлівасць можна гаварыць, калі ў першыя тыдні вайны многія ўкраінскія спартоўцы сядзелі ў бамбасховішчы і вымушаныя былі прапускаць трэніроўкі, спаборніцтвы? Нашыя атлеты цяпер змагаюцца за будучыню краіны, узяўшы ў рукі зброю. Я ўжо сказала, колькі чалавек, на жаль, загінула… Голас спартоўцаў важны. Гэта лідары грамадскай думкі. Маральныя аўтарытэты для навакольных. А сваім маўчаннем інэртныя асобы проста падыгрываюць прапагандзе.

Прасцей сказаць, што спорт па-за палітыкай, чым разабрацца, што адбываецца. Прасцей схавацца за абстрактнымі фразамі, чым адкрыць і пачытаць навіны, паглядзець відэа. Раней называлі ўкраінцаў сваімі братамі, сёстрамі, а цяпер нічога не робяць, калі гінуць людзі.

Ведаю, што сотні беларускіх спартоўцаў падпісаліся за Лукашэнку. Але не чула, каб пасля пачатку вайны хтосьці з іх адклікаў свой подпіс і падпісаў Антываенную дэкларацыю. Для мяне гэта проста баязлівасць. Спорт — гэта пра мір і сумленныя спаборніцтвы. І тым спартоўцам, якія абралі палітыку і вайну, тут не месца!

— Магчыма, яны б хацелі выказацца ў падтрымку Украіны, але баяцца наступстваў.

— Так цяпер гавораць і некаторыя расіяне: выйдзем пратэставаць — пасадзяць на 15 гадоў. Мы з вамі, але маўчым. Зразумела, што ёсць ваеннаабавязаныя. Плюс у Расіі і Беларусі заўсёды была жорсткая прапаганда. Але многія сядзяць, і ўсіх усё задавальняе. Як той жа Цімашчук, які спакойна працуе ў Расіі. Затое іншыя з’язджаюць, дапамагаюць УСУ, данацяць, выходзяць на антываенныя акцыі ў Еўропе, расказваюць праўду. Кожны робіць выбар. Судзіць трэба не за перакананні, а за ўчынкі. Паўтаруся: элітным спартоўцам пры жаданні няцяжка разабрацца ў тым, што адбываецца. Яны не жывуць у інфармацыйным вакууме — камунікуюць з прадстаўнікамі іншых краін, нядаўна выступалі за мяжой. Можна супаставіць факты, прааналізаваць. І жаданне нешта зарабіць, не страціць даброты не здымае адказнасці.

— Акрамя Цімашчука вы расчараваліся ў кімсьці з украінскіх спартоўцаў?

— Хутчэй, у тых людзях з роднай Данецкай вобласці, хто нарадзіўся ў незалежнай краіне, потым восем гадоў жыў у так званай ДНР пад расійскай акупацыяй, а цяпер ваюе супраць Украіны. Мала таго, што прапаганда ім цалкам прамыла мазгі. На тых тэрыторыях за ўвесь час не было развіцця — адна разруха. Адкрыцця якога-небудзь прыпынку грамадскага транспарту чакалі паўгода, і падзея падавалася як свята. Але ўсё ж такі шмат маіх землякоў з Данбаса са зброяй у руках абараняюць нас ад «рускага міру».

— Вы знаёмыя з лёгкаатлеткай Мірончык-Івановай, якая не хавае сімпатый да Лукашэнкі?

— Так, мы перасякаліся на зборах, трэніраваліся, разам выступалі, хоць яна больш скакала ў даўжыню, а я патройны. Анастасія даўно блізкая да Лукашэнкі. Нават ганарылася тым, што часта свяцілася каля яго. Для яе Беларусь — гэта і ёсць Лукашэнка. Мабыць, жаданне быць бліжэй да кармушкі тлумачыць тое, што яна працягвае падтрымліваць рэжым да канца.

Медалі, дэпутацтва, перамога

— Чаму вы вырашылі супрацоўнічаць з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці? Бо да беларусаў ва Украіне сёння, мякка кажучы, неадназначнае стаўленне.

— Мы ведаем не толькі тое, што Беларусь дала сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, але і тое, што вашым грамадзянам не хапіла зусім трохі, каб у 2020-м памяняць Лукашэнку, які захапіў уладу. Сёння ёсць беларускія атрады, якія ваююць на баку Украіны. Полк Каліноўскага, полк «Пагоня», іншыя ініцыятывы. Ім актыўна дапамагае і Фонд салідарнасці. Яго прадстаўнікі не згодныя з рэжымам Лукашэнкі і хочуць бачыць свабодную Беларусь. У гэтым пытанні яны нашыя аднадумцы. Таксама яны прадаюць на аўкцыёнах медалі, каб дапамагаць нашай краіне супрацьстаяць Расіі. Падтрымліваюць украінскіх спартоўцаў, якія пацярпелі ад вайны. Напрыклад, нядаўна мы вырашылі выплачваць стыпендыі 32 маладым атлетам. Ва Украіне ўсё гэта цэняць. Нашае супрацоўніцтва закліканае падтрымліваць кантакты з адэкватнай часткай Беларусі, разам працаваць над санкцыямі, допускам атлетаў.

— Чулі пра «завочныя» суды над выканаўчым дырэктарам БФСС Аляксандрам Апейкіным і былой кіраўніцай Фонду Аляксандрай Герасіменяй?

— Так. Вось што дае ўзурпацыя ўлады. Рэжым Лукашэнкі будзе спрабаваць дабрацца да ўсіх нязгодных спартоўцаў. Ведаю, што 49 футбалістам хочуць забараніць працаваць у Беларусі. І дзе сумесныя дзеянні тых спартоўцаў, хто застаўся ў краіне? Напрыклад, ліст ва УЕФА, публічныя звароты? Зразумела, страх, сем'і. Але яны ёсць ва ўсіх. А маўчанне забівае. Мы, украінцы, ведаем, што такое ўзурпацыя ўлады і як гэтаму можна супрацьстаяць. Страх скоўвае і ўмацоўвае ўладу дыктатараў, а адкрытыя дзеянні зараджаюць іншых і знішчаюць перапалоханых тыранаў. Спалохаўшыся сёння, можна страціць заўтра і ўсё жыццё баяцца таго, хто сам вас баіцца.

— Навошта вы пайшлі ў дэпутаты? Цяжка наўскідку ўспомніць, хто з вядомых спартоўцаў пакінуў пра сябе добрую памяць і ў палітыцы.

— Я разглядаю дэпутацтва як магчымасць нешта палепшыць ва ўкраінскім спорце, папулярызаваць яго, абараняць на міжнароднай арэне. Калі сам прайшоў усе прыступкі, ведаеш, чаго не хапае. Я не саромеюся працы і памылак. У нас з калегамі шмат цікавых праектаў і ідэй, якія да вайны амаль давялі да розуму. Гэта, напрыклад, закон аб мецэнацтве ў спорце, стварэнне электроннага пашпарта спартоўца, прыняцце антыдопінгавага заканадаўства. Спадзяёмся, што пасля вайны ва Украіне запрацуе свая акрэдытаваная лабараторыя антыдопінгавага кантролю — вазіць пробы за мяжу вельмі дорага. Адкрыла і дабрачынны фонд свайго імені, каб праводзіць дзіцячыя спаборніцтвы. Цяпер людзям таксама трэба неяк абстрагавацца. Ва Украіне хапае тых, хто хоча дапамагаць развіваць наш спорт.

Ды і наконт спартоўцаў у палітыцы я не была б такой песімісткай. І ў нас ва Украіне ёсць яркія прыклады. Той жа мэр Кіева Віталь Клічко, які пераабіраўся гарадскім кіраўніком і цяпер кіруе сталіцай. У Грузіі ёсць Каха Каладзэ — ён шмат гадоў у вялікай палітыцы. Гэта, як вы кажаце, наўскідку.

— Вайна згуртавала народ яшчэ больш?

— Вядома, бо мы хочам жыць у свабоднай краіне. Калі б ва Украіне так думалі, маўляў, што я адзін магу, то дзяржавы сёння б не існавала. А з 24 лютага кожны разумее, што здольны зрабіць унёсак: прыгатаваць ежу і аднесці ў тэрабарону, купіць лекі і аказаць першую медыцынскую дапамогу, вывезці старых і дзяцей. На фронце добраахвотнікамі ваююць сотні тысяч людзей розных прафесій і сацыяльнага статусу. Украіна згуртавалася!

Будучыня краіны залежыць ад усіх нас. Таму я хачу звярнуцца да спартоўцаў, іншых беларусаў: уключайцеся, выказвайцеся, дапамагайце нам супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Адседзецца моўчкі не атрымаецца. Вас таксама чакае еўрапейская будучыня, калі выступіце супраць вайны. Мы павінныя супрацьстаяць злу разам. І мы, несумненна, пераможам!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: