Расія ці Масковія? У Літве прапануюць змяніць назву РФ на літоўскай мове
Камітэт па пытаннях будучыні ў Сейме Літвы плануе дыскусію аб тым, ці мае сэнс змяніць назву «Расія» на «Масковія» на літоўскай мове, паведаміў старшыня камітэта Раймундас Лапата.

Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на выданне Verslo zinios.
Старшыня камітэта заявіў, што падчас развязанай РФ вайны супраць Украіны варта паставіць пытанне, ці не ўспрымаецца скажона гістарычная роля Расіі — як і сама назва краіны.
«Мы называем Расію Расіяй, таму што так Расія ў першую чаргу называе сябе. Гледзячы з гістарычнага пункту гледжання Вялікага Княства Літоўскага, мы будзем шукаць больш прымальную і дакладную ацэнку гістарычнай ролі гэтай краіны для Літвы і Захаду, чым замацаваны ў свядомасці заходнікаў вялікарускі наратыў. Адпаведна, будзем удакладняць, як правільней будзе назваць краіну, якую мы традыцыйна называем Расіяй: ці то Расія, ці то Масковія, ці то неяк яшчэ», — заявіў ён.
Камітэт заслухае гісторыкаў і правядзе дыскусію па пытанні перайменавання Расіі. У Вялікім Княстве Літоўскім, якое існавала з сярэдзіны XIII стагоддзя па 1795 год, Расію называлі Масковіяй.
Нагадаем, раней дэпутаты Літвы звярнуліся ў Дзяржаўную камісію па мове з просьбай змяніць цяперашні літоўскі варыянт назвы Калінінграда (Kaliningradаs) на Каралявучус. У абгрунтаванні было пазначана, што цяперашняя назва з'явілася падчас СССР, а ў кантэксце вайны ва Украіне трэба перагледзець назвы і адмовіцца ад тых, якія чужыя літоўскай мове.
Нагадаем, сёлета ў сакавіку аналагічнае пытанне разгледзеў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Пад петыцыяй з прапановай афіцыйна перайменаваць Расію ў Масковію падпісалася больш за 25 тысяч чалавек.Уладзімір Зяленскі пераадрасаваў пытанне да ўрада.