Ці стане Расія «Масковіяй»? Зяленскі даручыў прапрацаваць гэта пытанне

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разгледзеў петыцыю, у якой прапануецца афіцыйна перайменаваць Расію ў Масковію. Пад гэтай ідэяй падпісалася больш за 25 тысяч чалавек.

076d9d5f_b19_0.png

Зварот да прэзідэнта Украіны аб перайменаванні Расіі ў Масковію набраў больш за 25 тысяч галасоў. Уладзімір Зяленскі пераадрасаваў пытанне да ўрада.

На сайце прэзідэнта Украіны ў лістападзе 2022 года была размешчаная петыцыя аб перайменаванні «расіі» ў «масковію», тэрмін «расійскі» памяняць на «маскоўскі» «расійскай федэрацыі» — у «маскоўскую федэрацыю» (у тэксце звароту менавіта такое напісанне, з малой літары. — Заўвага рэд.). Петыцыю размясціла Валерыя Шахворастава 22 лістапада 2022 года.

Як адзначае аўтарка петыцыі, гэта назва ўжывалася ў еўрапейскіх і ў некаторых азіяцкіх мовах. На многіх гістарычных картах XVI-XIX стст., якія вырабляліся ў Еўропе да і пасля перайменавання Маскоўскага царства ва Расійскую імперыю, таксама фігуруе гэта назва. Фактычна, Расія існуе толькі 301 год — з 22 кастрычніка 1721 года, калі маскоўскі цар Пётр I абвясціў Маскоўскае царства Расійскай імперыяй.

Зварот сабраў больш за 25 тысяч подпісаў, і, паводле законаў Украіны, прэзідэнт Зяленскі павінен быў на яго адрэагаваць.


І вось цяпер адказ Уладзіміра Зяленскага быў апублікаваны (Офіційно перейменувати назву "росія" на "московія". Замінити термін "російський" на "московський", "російська федерація" на "московська федерація") . Прэзідэнт Украіны нагадаў, што пытанне аб геаграфічных назвах рэгулюецца заканадаўствам і ў цэлым належыць адносіцца да кампетэнцыі ўрада, акрамя таго, назвы краін і рэгіёнаў замацаваны ў дакументах ААН. Кіраўнік Украіны заявіў, што звярнуўся да прэм'ер-міністра Дзяніса Шмыгаля з просьбай разам з навуковымі ўстановамі прапрацаваць гэтае пытанне.

"Узнятае ў петыцыі пытанне патрабуе дбайнай прапрацоўкі як у плоскасці гісторыка-культурнага кантэксту, так і ўлічваючы магчымыя міжнародна-прававыя наступствы. З улікам названага я звярнуўся да прэм'ер-міністра Украіны з просьбай пра яго комплексную прапрацоўку, у прыватнасці з прыцягненнем навуковых устаноў, і інфармаванне мяне і аўтара петыцыі наконт вынікаў", — гаворыцца ў адказе Зяленскага.

Перадгісторыя

Зрэшты, тэма перайменавання даўно закраналася і ўкраінскімі палітыкамі, аўтарка петыцыі толькі аформіла гэтыя ідэі ў зварот.

— Усё пачалося з таго, што міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у чарговы раз прысвоіў сваёй дзяржаве назву «Русь», —  нагадваеНаталля Лебедзь. — І нават раней. Усё пачалося з таго, што далёкія продкі Лаўрова бессаромна рабавалі бліжэйшыя дзяржавы. І забіралі ў іх усё, што маглі: чалавечыя жыцці, зямлі, імёны... калі б у тыя часы існавалі ўнітазы, яны не пагрэбавалі б імі таксама…

Украінскія чыноўнікі адказалі Лаўрову прыкладна так: каб у далейшым пазбегнуць спрэчак аб тым, чыя Русь, яго дзяржаву варта называць Масковіяй. Так будзе сумленна, справядліва і зразумела. Таму што Пуцін, Лаўроў і Расія — гэта нешта адно, а Украіна — зусім іншае.

Словам, Украіна — не Расія. І Русь — не Масковія.

Так, міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба напісаў у Твітары: "Міністр Лаўроў заблукаў у трох соснах расійскай гісторыі. Да XVIII стагоддзя яго дзяржава мела адну назву: Масковія. У X стагоддзі хрысцілі Русь у Кіеве, а не Масковію. Каб красці чужую гісторыю, шмат розуму не трэба. Не толькі расійскі газ, але і прапаганда — самыя брудныя ў свеце".

А пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца творча развіў меркаванне Кулебы і прапанаваў некаторыя геаграфічныя навацыі. Кісліца адзначыў, што падтрымлівае вяртанне Расіі гістарычнай назвы "Масковія" на заканадаўчым узроўні ва Украіне — і спаслаўся на досвед найменняў дзяржаў у іншых народаў.

"Возьмем Magyarország: Венгрыя на ўкраінскай, Hungary на англійскай, Ungarn на нямецкай, Węgry на польскай. Österreich — Austria на англійскай, Rakúsko на славацкай... Адным словам, хто як хоча, так і называе. Дак што нам — Кабінету Міністраў, Вярхоўнай Радзе — перашкаджае вярнуць Масковіі яе гістарычную назву? Цяперашняя ўсё роўна скрадзеная", — напісаў сталы прадстаўнік пра ААН. І тут жа прапанаваў галасаванне сваім чытачам у Твітары: згаджаюцца яны з гэтым ці не, — і 98% там адзначылі, што згаджаюцца з такой навацыяй.


Адказ Зяленскага і саму петыцыю ўжо пракаментавалі ў сваіх тэлеграм-каналах афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік ЛДПР Леанід Слуцкі. Каментары складаюцца ў асноўным з абразаў на адрас Уладзіміра Зяленскага ў прыватнасці і Украіны наогул, а Марыя Захарава палічыла петыцыю «яшчэ адным сведчаннем спробы стварэння з Украіны "антыРасіі"».

Паводле petition.president.gov.ua, «Медуза», korrespondent.net, cpc.com.ua