Беларускія «экстрэмісты» — каго МУС лічыць небяспечнымі?

Што такое «спіс экстрэмістаў», хто туды трапіў і што гэта ўсё азначае, разбіралася «Deutsche Welle».

adobestock_84714109_1_1536x864_logo_1.jpeg


МУС Беларусі чарговы раз папоўніла «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», дадаўшы ў яго яшчэ 97 прозвішчаў. Усяго з канца сакавіка, калі дакумент быў апублікаваны ўпершыню, у яго ўжо ўнесены 1881 чалавек. Як патлумачыў «DW» юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка, гаворка ідзе пра асуджаных паводле так званых «пратэсных артыкулаў» Крымінальнага кодэкса, якія ў Беларусі кваліфікуюцца як «экстрэмісцкія».
Уключаюць у спіс як асоб, якія адбываюць пакаранне, так і тых, хто ўжо выйшаў на волю, і нават тых, чыя судзімасць ужо пагашана. Гэта стварае для такіх людзей шэраг складанасцей, у тым ліку асаблівы кантроль за іх фінансавымі аперацыямі і немагчымасць займацца некаторымі відамі дзейнасці.

«Спіс экстрэмістаў» ад МУС Беларусі будзе і далей расці?

Паводле слоў Паўла Сапелкі, Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» быў прыняты ў Беларусі ў 2007 годзе, але ідэя складання «спісу асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» ўзнікла пасля ўнясення ў 2021 годзе паправак у закон, а імёны першых «экстрэмістаў» былі апублікаваны толькі ў сакавіку 2022-га. З тых часоў спіс актыўна і рэгулярна папаўняецца і дасягнуў ужо амаль дзвюх тысяч чалавек.
Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што сёння ў Беларусі пад азначэнне «экстрэмісцкіх» трапляе цэлы спектр пратэсных дзеянняў: ад удзелу ў так званых «масавых беспарадках» да «абразы службовай асобы». Таму юрыст лічыць, што спіс будзе і далей расці, пакуль у яго не трапяць усе, каго судзілі па «пратэсных» артыкулах Крымінальнага кодэкса пасля жніўня 2020 года. Паводле даных «Вясны», цяпер вядома амаль пра 2,5 тысячы такіх асоб.
Рашэнне аб уключэнні каго-небудзь у «спіс экстрэмістаў» прымае МУС. «Яго можна абскардзіць, але з даволі прадказальным вынікам», — канстатуе суразмоўца «DW».

Якія цяжкасці ўзнікаюць у людзей са «спіса экстрэмістаў»?

Што тычыцца асоб са «спіса экстрэмістаў», якія знаходзяцца ў зняволенні, то, паводле слоў Паўла Сапелкі, пакуль складана сказаць, як гэты статус уплывае на іх становішча. Магчыма, як у Казахстане, пад асаблівы кантроль трапяць іх фінансавыя аперацыі.
Для тых жа, хто ўжо адбыў пакаранне, наступствы больш відавочныя. Згодна з Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля гэтага такім асобам нельга займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных і псіхатропных сродкаў і прэкурсараў (што можа абмежаваць працу ў сферы медыцыны), педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць пасады ў дзяржорганах і праходзіць вайсковую службу.
Пад асаблівы кантроль трапляюць фінансавыя аперацыі тых, хто ўключаны ў «спіс экстрэмістаў». «Пад гэтым разумеецца і кантроль, і магчымасць абмежавання рознага роду фінансавых аперацый, уключаючы адкрыццё рахункаў, пераводы сродкаў і гэтак далей», — тлумачыць Сапелка.
Між тым у памятцы праваабарончага цэнтра «Вясна» адзначаецца, што «экстрэмісцкія статусы» ад МУС і ад адміністрацый СІЗА і калоній паміж сабой не звязаныя: «Другі — гэта прэвентыўны ўлік «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». На такі ўлік на практыцы аўтаматычна ставяцца тыя, хто адбываюць пакаранне ў СІЗА і калоніях па «палітычных» артыкулах. Ім надаецца павышаная ўвага і кантроль».

Партрэт беларускага «экстрэміста»

Нядаўна аўтар Telegram-канала «LAB·66*Лабараторны журнал беларускага хіміка» Сяргей Бесараб прааналізаваў «спіс экстрэмістаў». На той момант у ім было 1714 чалавек. Даследаванне паказвае, што больш за 80% з іх — мужчыны. Сярэдні ўзрост — 33-35 гадоў. Самаму маладому «экстрэмісту» 17 гадоў (мужчына), самаму сталаму — 82 гады (жанчына).
Бесараб таксама высветліў, што больш за ўсё ў спіс МУС уключана жыхароў Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна і Жлобіна. Пры гэтым, паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», у ім ёсць і замежныя грамадзяне.
«Маюць месца выпадкі, калі чалавека ўносяць адначасова як у «экстрэмісцкі», так і ў «тэрарыстычны» спісы — праз падобныя падставы для папаўнення, — адзначаюць праваабаронцы. — У пералік таксама быў уключаны Дзмітрый Дудойць, які 5 студзеня 2022 года здзейсніў суіцыд падчас адбыцця пакарання на «хіміі».