МУС Літвы спыняе супрацоўніцтва з МУС Беларусі
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы абвясціла 25 лістапада аб скасаванні дамовы аб супрацоўніцтве з Міністэрствам унутраных спраў Беларусі.
Двухбаковае пагадненне было падпісана яшчэ ў 1993 годзе і прадугледжвала супрацоўніцтва ў кіраванні міністэрствамі. Па словах міністра ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, практычнай рэалізацыі пагаднення не было з часу «несправядлівых прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі ў 2020 годзе, піша delfi.lt.
«Літва не бачыць магчымасцяў для супрацоўніцтва з варожымі рэжымамі. Беларусь, будучы найбліжэйшым хаўруснікам крамлёўскага рэжыму, працягваючы гібрыдную атаку супраць Літвы і рукамі сваіх чыноўнікаў выцясняючы нелегальных мігрантаў у нашу краіну, не можа і не будзе партнёрам Літвы ні ва ўнутраных справах, ні ў іншых сферах», — пра гэта гаворыцца ў паведамленні Білатайце.
Міністэрства таксама праінфармавала, што з пачатку аднаўлення незалежнасці Літва падпісала розныя двухбаковыя пагадненні з Беларуссю аб супрацоўніцтве ў адпаведных галінах упраўлення Міністэрства ўнутраных спраў, скасаванне якіх патрабуе рашэння ўрада, а таксама шэраг міжведамасных пагадненняў. На дадзены момант Літва таксама прыпыніла выкананне праграм прыгранічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, што фінансуюцца Еўрапейскай камісіяй.
Нагадаем, у чэрвені 2022 года прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю Politico заявіў, што NATO неабходная больш «прыкметная» прысутнасць у Балтыі, каб супрацьстаяць пагрозе, якая зыходзіць ад Расіі з тэрыторыі Беларусі. Па яго словах, «вельмі вялікія фундаментальныя змены» ў суседняй Беларусі робяць Літву больш уразлівай для хуткай расійскай атакі — і патрабуюць змены механізмаў бяспекі ў рэгіёне. Ён сказаў, што назваў бы сённяшнюю Беларусь «дадатковай правінцыяй» Масквы, дадаўшы, што «расійскае войска можа рабіць усё, што захоча, перамяшчаць сілы, размяшчаць абсталяванне».