Літва просіць дадатковую дапамогу NATO з-за пагрозы з боку Беларусі
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю Politico заявіў, што NATO неабходная больш «прыкметная» прысутнасць у Балтыі, каб супрацьстаяць пагрозе, якая зыходзіць ад Расіі з тэрыторыі Беларусі.
Па яго словах, «вельмі вялікія фундаментальныя змены» ў суседняй
Беларусі робяць Літву больш уразлівай для хуткай расійскай атакі — і патрабуюць
змены механізмаў бяспекі ў рэгіёне. Ён сказаў, што назваў бы сённяшнюю Беларусь «дадатковай правінцыяй» Масквы, дадаўшы, што «расійскае войска
можа рабіць усё, што захоча, перамяшчаць сілы, размяшчаць абсталяванне».
Наўседа адзначыў, што ў мінулым стратэгія NATO была накіравана на
падмацаванне. Адносна невялікія сілы размяшчаліся на ўсходняй мяжы альянсу, і
чакалася, што саюзнікі прыйдуць на дапамогу рэгіёну ў выпадку нападу. Але новая
рэальнасць, са слоў літоўскага лідара, «не пакідае нам часу для
рэакцыі», бо расійскія войскі «могуць быць лёгка разгорнутыя вельмі
блізка да нашай мяжы», і «часу на падмацаванне не будзе».
Цяпер афіцыйныя асобы краін Балтыі просяць больш войскаў,
зброі і сродкаў супрацьпаветранай абароны.
Нямеччына, якая ўжо ўзначальвае баявую групу NATO ў Літве,
нядаўна абвясціла, што павялічыць свой уклад у абарону краіны. План уключае ў
сябе войскі, якія будуць накіраваныя на гарантаванне бяспекі Літвы, але фармальна
будуць грунтавацца ў Нямеччыне.
Чакаецца, што гэтая мадэль будзе паўтораная ў некаторых
іншых краінах. Афіцыйныя асобы і дыпламаты NATO вядуць перамовы аб кампрамісе,
згодна з якім некаторыя саюзнікі павялічаць сваю прысутнасць на ўсходнім флангу — у тым ліку шляхам размяшчэння там большай колькасці ўзбраенняў і выдзялення
войскаў для абароны рэгіёну — але без абавязацельстваў па стварэнні
доўгатэрміновых, буйнамаштабных пастаянных баз.
«Нямецкі бок прадэманстраваў цвёрдую рашучасць павялічыць
перадавую прысутнасць ў Літве», — адзначыў Науседа.
Паводле яго слоў, «самае важнае» для Балтыі — гэта «атрымаць
вельмі выразныя запэўніванні» ад саюзнікаў аб «больш прыкметнай перадавой прысутнасці ў Балтыі».
І хоць асобы, якія прымаюць рашэнні ў рэгіёне, настойваюць
на павелічэнні колькасці войскаў і больш сталай прысутнасці ў гэтым рэгіёне,
прэзідэнт прызнаў наяўнасць шматлікіх лагістычных перашкод.
Пастаяннае размяшчэнне сіл NATO ў Літве «было б нашым
прыярытэтам, але гэта таксама залежыць ад нашых магчымасцяў, здольнасці да
абсорбцыі», — сказаў ён, паказаўшы на неабходнасць адэкватнай
інфраструктуры, жылля і навучальных памяшканняў.
Па словах літоўскага лідара, гэта вуліца з двухбаковым
рухам.
«З аднаго боку, мы павінны выконваць хатнюю
працу, — сказаў ён. — З іншага боку, нашы саюзнікі павінны падрыхтавацца да
адпраўкі ў Літву дадатковых войскаў, таму што для нас гэта відавочны
прыярытэт».
«Мы хацелі б дасягнуць максімуму ў абодвух адносінах: перш за ўсё, павялічыць нашы магчымасці, каб размясціць больш. І, вядома, мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб гэтыя войскі былі на пастаяннай аснове», — падкрэсліў літоўскі лідар.
Паводле reform.by.