Дзе запісацца ў замежныя агенты?

Гледзячы на рыторыку праўладных экспертаў, прыняцце закону аб замежных агентах у Беларусі — пытанне самага хуткага часу. А вось пра эфектыўнасць такой меры, калі ацэньваць замежны досвед, можна паспрачацца.

Ілюстрацыйнае фота, dw.com

Ілюстрацыйнае фота, dw.com

Само азначэнне «замежны агент» і ідэя барацьбы з імі шмат у чым паўсталі дзякуючы органу ваеннай разведкі і контрразведкі фашысцкай Германіі — Абверу, які напярэдадні Другой сусветнай вайны актыўна будаваў сваю агентурную сетку ў ЗША. Натуральна, гітлераўская разведка працавала не адкрыта, а пад шыльдамі рознага кшталту гаспадарчых або культурных арганізацый.
Каб выкрываць актыўнасць нацыстаў, у 1938 годзе парламентам ЗША быў прыняты «Закон аб рэгістрацыі замежных агентаў» (FARA). У двух словах, ён патрабаваў, каб асобы, якія прадстаўляюць інтарэсы замежных дзяржаў у «палітычнай альбо квазіпалітычнай якасці», раскрывалі перад дзяржавай свае стасункі з замежным урадам і інфармацыю пра звязаныя з імі віды дзейнасці і фінансы. Мэта закону, як напісана ў дакуменце, была ў тым, каб садзейнічаць «ацэнцы ўрадам і амерыканскім народам пагрозы дзейнасці такіх асоб».
Асоба, якая падпадала пад прыкметы «замежнага агента», павінна была рэгістравацца ў лакальным філіяле Мінюста і раз на паўгода здаваць туды справаздачу (у тым ліку фінансавую) наконт сваёй дзейнасці.
Аднак жадаючых рэгістравацца «агентамі» ў Злучаных Штатах заўжды было няшмат. Як і тых, каго асуджалі паводле FARA. З 1939 па 1992 гады па парушэннях гэтага закона было распачата ўсяго 85 спраў (за час вайны — толькі 24). Напэўна, такую статыстыку шмат у чым можна патлумачыць супярэчлівасцю фармулёўкі «праца на замежную дзяржаву».
Грамадскія арганізацыі заўжды скардзіліся, што шырокія дэфініцыі паняцця «замежны агент» ахопліваюць велізарны спектр звычайных некамерцыйных мерапрыемстваў, што, аднак, фармальна патрабуе ад арганізацый рэгістрацыі ў якасці замежных агентаў. Напрыклад, пад закон, паводле яго логікі, траплялі сіянісцкія арганізацыі, якія збіралі грошы ў дапамогу Ізраіля.
Крытыкамі FARA прыводзіцца шмат прыкладаў абсурдных сітуацый, якія могуць паўстаць у дачыненні да згаданага заканадаўства. Напрыклад, звязаны з дзяржавай галандскі фонд прывозіць моладзевую зборную па плаванні ў ЗША на спаборніцтвы для інвалідаў. Супрацоўнік фонду ездзіць разам з камандай, каб займацца лагістыкай і аплачваць выдаткі. Ці трэба такому работніку рэгістравацца як замежнаму агенту? Бо ён выдае грошы ў Злучаных Штатах ад імя замежнай дзяржаўнай арганізацыі.
Як вынік, не дзіўна, што той закон перапісвалі некалькі разоў, а дэбаты наконт яго зместу трываюць дасюль. Некаторыя юрысты ўвогуле лічаць яго дзіўным прававым архаізмам 1930-х гадоў. Гэта, аднак, не перашкодзіла расійскім уладам імпартаваць ідэю «замежных агентаў». Адпаведна прынятаму ў 2012-м расійскаму закону, «замежным агентам» прызнавалася некамерцыйная арганізацыя, якая ўдзельнічае ў палітычнай дзейнасці і пры гэтым атрымлівае фінансаванне або маёмасць ад замежных арганізацый або грамадзян.
На гэтым не спыніліся. У снежні мінулага года Дзярждума прыняла папраўкі ў той закон. Цяпер «агентамі» могуць быць абвешчаныя грамадскія аб’яднанні, не зарэгістраваныя ў якасці юрыдычных асоб, а таксама фізічныя асобы. Самі заканадаўцы кажуць, што знайшлі баланс і простаму грамадзяніну перспектыва стаць «агентам» не пагражае. Апазіцыйныя ж медыя пішуць, што пры жаданні зрабіць гэта будзе вельмі лёгка. У гэтую групу патэнцыйна трапляюць таксама тыя, хто распаўсюджвае інфармацыю ад «СМІ — замежных агентаў».
У любым выпадку, хутчэй за ўсё, на расійскі аналаг і будуць абапірацца распрацоўшчыкі беларускай версіі закона аб «агентах». Пытанне толькі ў тым, ці паспеюць яны запусціць адаптацыю копіі ўжо дзеючага ў Расіі заканадаўства або дададуць туды свежыя напрацоўкі расійскіх законатворцаў?
Якраз у гэтыя дні ў профільным камітэце расійскай Думы ідзе актыўная юрыдычная работа над распрацоўкай паняцця «кандыдат — замежны агент» і патрабаваннямі да яго ў выбарчай кампаніі. Такому палітыку сапраўды не пазайздросціш. Мала таго, што кандыдат, які запісаны ў «агенты», павінен пазначаць свой статус ва ўсіх агітацыйных матэрыялах. Акрамя таго, паведамляць пра сваю прыналежнасць да «агентаў» давядзецца і тым, хто ахвяруе грошы ў выбарчыя фонды. Зрэшты, магло быць і горш. На камітэце гучала ідэя цалкам забараніць «агентам» і чальцам іх сем’яў (!) удзельнічаць у выбарах.
З іншага боку, складаецца ўражанне, што праблемы для «агентаў-кандыдатаў» прыдумляюць, каб, хутчэй, напалохаць апанентаў, прымусіць устрымацца ад палітыкі. Стаць «агентам» не так проста. У той жа Расіі на цяперашні момант усяго каля 75 замежных агентаў. Добрая частка з іх — замежныя фонды і філіялы арганізацый. Напэўна, улада сама цудоўна разумее: усіх у «агенты» не запішаш.