«Маленькі Лукашэнка стаў вялікай міжнароднай праблемай для Расіі»

Пра тое, як дзеянні беларускага КДБ у сталіцы суседняй дзяржавы атруцяць жыццё расійскаму кіраўніцтву, разважае аналітычны тэлеграм-канал «Лялькавод і авечка».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Беларускі КДБ выкраў палітолага Аляксандра Фядуту. Са слоў жонкі Аляксандра мы можам зрабіць выснову, што Следчы камітэт РФ не быў пастаўлены ў вядомасць пра аперацыю, якая рыхтавалася. Гэта значыць, па факце мы маем грубае парушэнне суверэнітэту Расіі. А тэма абароны суверэнітэту — ключавая ў рыторыцы крамлёўскіх эліт. Праўда, звычайна ў якасці магчымых яго парушальнікаў маюцца на ўвазе ЗША ці ЕС, але, як мы бачым, аддаць загад аб выкраданні чалавека ў сталіцы РФ не саромеецца нават Лукашэнка.

Наогул, беларускі дыктатар у апошнія тыдні паводзіць сябе даволі агрэсіўна ў дачыненні да ўсходняга суседа, планамерна знішчаючы рэальныя і патэнцыйныя рычагі ўплыву Масквы. Напрыклад, мішэнню беларускіх сілавікоў стаў Сяргей Румас — найбольш рэальная і зручная фігура пераемніка Лукашэнкі ў расійскім сцэнары трансферу ўлады.

У кватэры былога прэм’ера прайшоў ператрус, яго сябры і калегі сядзяць у СІЗА, а сам ён быў вымушаны збегчы з Беларусі — атрымліваецца, Масква не змагла абараніць свой палітычны актыў. А тое, што Румас такім актывам з’яўляецца, пацвярджае яго новая пасада — чалец назіральнага савета «Рассельгасбанка». Паколькі гэта вялікі дзяржаўны банк, то такую працу Сяргей Мікалаевіч не змог бы атрымаць без ухвалення Мішусціна і кіраўніка банка Дзмітрыя Патрушава — па сумяшчальніцтве сына кіраўніка Савета бяспекі РФ Мікалая Патрушава, самага ўплывовага сілавіка ў Расіі.

Масква таксама не змагла абараніць ад Лукашэнкі і галоўнага публічнага спікера па беларускім пытанні, які пражываў на тэрыторыі РФ. Дзмітрый Балкунец, супрацоўнік дзяржаўнай расійскай ВНУ, шмат і актыўна выказваўся (у тым ліку і на каналах крамлёўскай прапаганды) па сітуацыі ў Беларусі, за што лукашэнкаўскія змоўшчыкі і распачалі супраць яго крымінальную справу.

Знайсці абарону ў Расіі Балкунец не змог і пераехаў у Варшаву. Можна па-рознаму ставіцца да Дзмітрыя, але факт у тым, што ў яго ёсць вялікая і верная аўдыторыя. І раней на гэтую аўдыторыю вяшчаў чалавек, які фармальна залежыць ад расійскай дзяржавы, то цяпер — ад польскай. Так Расія і пазбавілася кавалачка свайго ўплыву на Беларусь.

Апісаныя вышэй гісторыі могуць падацца занадта прыватнымі і нязначнымі, але яны ярка сімвалізуюць агульную палітыку Лукашэнкі ў дачыненні да Расіі. Не атрымаўшы грошай у Сочы, былы прэзідэнт не толькі публічна адмовіўся ад мінулых абяцанняў па трансферы ўлады, але і пачаў атаку на расійскія рычагі ўплыву. Пры гэтым, вядома, ён робіць пустыя і выключна сімвалічныя рэчы накшталт развешвання трыкалораў па Мінску на 2-га красавіка. Але гэта прыкладна як абрабаваць кватэру, а на выхадзе пакласці на тумбачку лядзяш, каб абрабаваныя гаспадары маглі яго пасмактаць і не моцна сумавалі.

Сярод беларускага народа непаслядоўная пазіцыя Расіі выклікае ўсё большае здзіўленне і нават раздражненне. Але гэта ўнутры Беларусі. Пры гэтым, паверце, і ў Пекіне, і ў Вашынгтоне ёсць людзі, якія вельмі ўважліва сочаць за тым, што адбываецца на постсавецкай прасторы. Таму што Расія — галоўны супернік Кітая ў барацьбе за ўплыў на сярэднеазіяцкія краіны былога СССР, а ЗША — на ўсходнееўрапейскія.

Што ж бачаць амерыканскія і кітайскія эксперты па знешняй палітыцы? А бачаць яны тое, што Расія месяцамі нічога не можа дамагчыся ад беларускага рэжыму, чыё выжыванне яна забяспечыла. Узнікае спакуса ціснуць на РФ нашмат больш агрэсіўна: бо калі слабы Лукашэнка можа беспакарана атакаваць расійскія інтарэсы, то чаму б і сусветным звышдзяржавам не паспрабаваць?

Для міжнародных гульцоў паводзіны РФ у беларускім пытанні — прыкмета відавочнай слабасці, а ў знешняй палітыцы за праяву слабасці ў выніку даводзіцца дорага плаціць. Жахлівыя вайсковыя манеўры расійскіх войскаў пакуль не робяць на ўкраінскія ўлады жаданага ўражання. Яно і лагічна: калі Масква пасуе перад беларускім рэжымам, якому па-сапраўднаму лаяльныя максімум 30-50 тысяч чалавек, дык чаго ж тады баяцца 40-мільённай Украіне, якую падтрымліваюць ЗША?

Толькі мы напісалі пра тое, што Лукашэнка, напляваўшы на расійскі суверэнітэт, выкрадае людзей у цэнтры Масквы, як прыйшла навіна аб захопе яшчэ аднаго закладніка. На Юрыя Зянковіча лукашэнкаўскія найміты напалі проста ў будынку маскоўскай гасцініцы, і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Юрый — адвакат, шмат гадоў жыве ў ЗША і мае амерыканскае грамадзянства. І менавіта ў яго грамадзянстве і ёсць уся соль гэтай гісторыі.

Паспрабуйце ацаніць усю складанасць сітуацыі. Пасярод белага дня ў цэнтры расійскай сталіцы спецслужбы суседняй дзяржавы выкрадаюць амерыканскага грамадзяніна. Дадатковай пікантнасці надае тое, што Лукашэнка не з’яўляецца для ЗША і большасці краін свету легітымным прэзідэнтам, і яго спецслужбы ў вачах амерыканцаў — гэта проста нейкія незаконныя ўзброеныя фармаванні накшталт ліванскай «Хезбалы».

Наогул, згодна з нормамі міжнароднага права, адказнасць за бяспеку замежных гасцей нясе прымаючы бок. Таму выкраданне Зянковіча — гэта, вядома, відавочная праява некампетэнтнасці расійскіх сілавікоў, якую абавязкова заўважаць у Вашынгтоне.

А для расійскага кіруючага класа вельмі важнае меркаванне амерыканцаў. Важнае не ў сэнсе сяброўскіх адносін, а ў сэнсе прызнання Расіі роўнай па статусе звышдзяржавай, з якой трэба лічыцца. Паглядзіце, з якім захапленнем расійскія СМІ пішуць аб ўчорашнім званку ад Байдэна.

І на гэтым фоне амерыканскага грамадзяніна пасярод белага дня ў Маскве выкрадаюць узброеныя людзі, непадсправаздачныя расійскаму кіраўніцтву. Такія гісторыі звычайна здараюцца ў сталіцах «бананавых рэспублік», але ніяк не ў краінах, якія прэтэндуюць на міжнародны ўплыў.

Спецаперацыя лукашэнкаўскіх спецслужбаў па захопе Зянковіча ў Маскве — гэта дэманстратыўнае прыніжэнне Крамля ў вачах ЗША. Больш за тре, выкраданне амерыканскага грамадзяніна — гэта, вядома, і выклік самому Вашынгтону.