«Пішуць, што мы цябе павесім, галаву адрэжам». Палітолаг Балкунец расказаў пра ад’езд з Расіі

Расійскі палітолаг беларускага паходжання Дзмітрый Балкунец пакінуў Расію ў сувязі з рызыкай фізічнай расправы. Гэта звязана з крымінальнай справай за абразу Лукашэнкі, якую супраць Балкунца завяла Генпракуратура Беларусі, распавядае «Свабода».

36b18359_537c_468a_bebb_88abc526bc8f_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

Палітолаг расказаў, што канкрэтна прымусіла яго з'ехаць і чаму афіцыйнаму Мінску так важна яго пакараць.

«Ні ў якім Кіеве я не быў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі днямі, што Дзмітрый Балкунец цяпер у Кіеве, нібыта паспеў там сустрэцца з прадстаўнікамі прэзідэнта Зяленскага і атрымаў прапанову — праект, звязаны з Беларуссю. Палітолаг гэтыя паведамленні зняпраўджвае.

Балкунец: Я цяпер у Варшаве. Гэтыя памыйніцы, якія вядзе сямейства Эйсмант, ніколі не пішуць праўду. Яны пішуць толькі хлусню. Ні ў якім Кіеве я не быў, я там апошні раз бываў 10 гадоў таму. Яны прыдумляюць і высмоктваюць з пальца. Відаць, у іх не хапае інтэлекту і крэатыву.

«Некалькі тыдняў ішлі даволі небяскрыўдныя пагрозы»

Ад’езд з Расіі Дзмітрый Балкунец патлумачыў пагрозамі на свой адрас. Ён нагадаў, што такое адбываецца не ўпершыню. Некалькі гадоў таму, паводле яго слоў, супрацоўнікі беларускага пасольства патрабавалі ад рэктара Вышэйшай школы эканомікі звольніць Балкунца. Але тады гэта не ўдалося.

Балкунец: Цяпер, калі завялі справу, я ацаніў усе рызыкі, паслухаў параду Венядзіктава (галоўны рэдактар «Эхо Москвы»), які сказаў, што трэба з'язджаць. Некалькі тыдняў ішлі на мой адрас даволі небяскрыўдныя пагрозы. Пастаянна пішуць не толькі боты, але і ў прыват пішуць, што мы цябе павесім, галаву адрэжам. Я вырашыў з'ехаць, пакуль не ўзнікла нейкая надзвычайная сітуацыя. У мяне няма іншага пашпарта, акрамя беларускага. Палітычнага прытулку Расія беларусам не дае.

«Наўрад ці я выйшаў бы адтуль жывым»

У нядзелю Ігар Макар апублікаваў відэа, у якім заявіў, што супрацоўнікі КДБ мелі намер прыехаць з Беларусі ў Маскву, каб захапіць Балкунца і даставіць у Беларусь. Палітолаг лічыць такі сцэнар цалкам праўдападобным.

Балкунец: Я ані кроплі не здзіўлены, што менавіта так магло быць, улічваючы, што Лукашэнка моцна на мяне ўзбудзіўся. Толькі ён можа даваць такія даручэнні сваім падначаленым. Наўрад ці я б выйшаў адтуль жывым, ведаючы, што Лукашэнка вельмі помслівы чалавек. Ён ніколі не даруе тым, хто яго крытыкуе. Вядома, як знікалі беларускія журналісты і палітыкі. Тым больш былі прэцэдэнты, калі беларускія праваахоўнікі нелегальна затрымлівалі беларускіх грамадзян на тэрыторыі Расіі.

«Лукашэнка прайграў інфармацыйную бітву на ўсіх франтах»

Паводле Балкунца, такімі дзеяннямі Лукашэнка спрабуе зачысціць расійскі медыйны вэктар, які дазваляе сабе крытыкаваць яго.

Балкунец: Лукашэнка прайграў інфармацыйную бітву на ўсіх франтах, і ён адчувае гэта. У яго не застаецца аніякіх аргументаў, акрамя як запалохваць і арыштоўваць. Блогераў у Беларусі ён ужо ўсіх перасадзіў. Таму цяпер ён спрабуе забраць расійскі вэктар. Вядомая гісторыя, што ён пастаянна скардзіўся расійскаму кіраўніку на публікацыі ў цэнтральнай расійскай прэсе. Калі я прыходзіў на федэральныя расійскія каналы, то мне ніхто цэнзуры не ўводзіў. Памятаю, як прыехаў беларускі крыклівы дэпутат і ён, седзячы ў грымёрцы, пытаўся ў прадзюсараў, каб яны паказалі метадычку па Беларусі, якую ранкам высылаюць з Крамля. У залі быў смех. Відаць, у Беларусі каналы жывуць па такіх метадычках.

«Лукашэнка, па сутнасці, паўтарыў свае абяцанні, калі ён цытаваў Адольфа Гітлера»

Раней Дзмітрый Балкунец выказаў здагадку, што фармальна справу супраць яго маглі завесці за тое, што ён назваў Лукашэнку забойцам і фашыстам. Але ніякіх дакументаў ён не бачыў да гэтай пары. Зрэшты, ад гэтых слоў на адрас Лукашэнкі палітолаг не адмаўляецца.

Балкунец: Наконт таго, што ён забойца, ён і сам выказваўся, як па яго загадах расстрэльвалі людзей. Дзе Швед (генпракурор. — РС) са сваёй крымінальнай справай? Фашыстам Лукашэнку не толькі я называю. І Маргарыта Сіманьян яго так называла, я бачыў відэа. І іншыя так яго называлі. Але ён жа не ўзбудзіў супраць іх крымінальныя справы. Так, я лічу яго рэжым фашысцкім. Ён прымяняе тыя ж метады класічнай фашысцкай дыктатуры. Калі ўзяць прыкметы фашызму, то ў Беларусі яны практычна ўсе склаліся. Лукашэнка, па сутнасці, паўтарыў свае абяцанні, калі ён цытаваў Адольфа Гітлера, што гэта адпавядае яго разуменню прэзідэнцкай улады. Ён нават пераплюнуў яго ў нейкіх маштабах па памерах тэрору на душу насельніцтва ў даваеннай Нямеччыне. Ён загнаны ў кут і толькі сілай будзе спрабаваць тэрарызаваць беларускае грамадства.

«Пра паглыбленую інтэграцыю кажа толькі беларускі бок»

Кажучы пра беларуска-расійскія адносіны, Балкунец перакананы, што ў Крамлі Лукашэнку лічаць таксічным, але, у той жа час, змену ўлады ў Беларусі праз вуліцу лічаць непрымальнай.

Балкунец: Я думаю, што падчас лютаўскай сустрэчы ў Сочы Лукашэнка расказваў, як ён здушыў пратэст і што толькі Захад спрабуе разгойдваць сітуацыю, і, маўляў, дайце грошай. Ён корміць Пуціна байкамі. Але ў Расіі няма ілюзій наконт рэйтынгу Лукашэнкі. У Расіі цудоўна разумеюць, што Лукашэнка — гэта палітык, які адыходзіць. Ён будзе спрабаваць цягнуць час, каб нікуды не сыходзіць. У гэтай сітуацыі Расія наўрад ці будзе яго далей фінансаваць. Магчыма, нейкую капейку падкінуць, каб не памерці з голаду. Пра паглыбленую інтэграцыю кажа толькі беларускі бок. Я думаю, што Расія, разумеючы, што Лукашэнка не мае ў Беларусі легітымнасці, не пойдзе з ім на падпісанне нейкіх пагадненняў, якія могуць выклікаць антырасійскія настроі ў беларускім грамадзтве.