Беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве. Ён у Беларусі ў турме КДБ

Пра гэта паведаміла Свабодзе яго жонка Алена Дзенісавец.

016c9ae6_f148_42b1_ab5e_c1b57a8f015f_w1023_r1_s.webp


Паводле яе, Юрась Зянковіч быў у бізнес-паездцы ў Еўропе.
«У Расеі яго затрымалі, фактычна скралі, з гатэля Nordic Rooms Hotel. Яго затрымалі 11 красавіка, але я даведалася пра гэта толькі ўчора. Я размаўляла з менеджэрам гатэля. Паводле яго, супрацоўніца гатэля бачыла з вакна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызме. Яны памахалі пасведчаннем, сказалі, што са спецслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы», — расказала Свабодзе Алена Дзенісавец.
Паводле жонкі, цяпер Юрась Зянковіч у турме КДБ у Мінску.
«Сёння са мной звязаўся дзяржаўны адвакат Павал Ульянцаў. Ён сказаў, што хоча, каб я аплаціла яго паслугі Юрасю. Я напісала электроны ліст з маімі пытаннямі. Ён мне не адказаў. Але праз некалькі гадзін ён ізноў мне патэлефанаваў і сказаў, што Юрася забралі беларускія спецслужбы ў Маскве. Я сказала: вы разумееце, што беларускія спецслужбы ўварваліся ў чужую краіну, выкрадаюць людзей? Ён адказаў — я не магу з вамі пра гэта размаўляць».

Хто такі Юрась Зянковіч

Юрась Зянковіч — юрыст беларускага паходжання, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі.Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Мінскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданнях.
Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Украінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Унівэрсытэце Фордхэм (Fordham University School of Law), здаў экзамен на званне адваката і атрымаў ліцэнзію.
Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў пра прэзідэнцкія амбіцыі.
Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 сутак арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.