Ігар Барысаў: Улады бяруць у закладнікі сваіх жа грамадзян
Затрыманні старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, палітолага і літаратара Аляксандра Фядуты, юрыста і актывіста Партыі БНФ, грамадзяніна ЗША беларускага паходжання Юрася Зянковіча могуць быць звязаныя з апошнімі заявамі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, — лічыць старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Як вядома, у нядаўнім інтэрв’ю Макей сказаў, што калі Захад працягне санкцыйную палітыку, то грамадзянская супольнасць у Беларусі перастане існаваць.
Выглядае, што беларускія ўлады набіраюць закладнікаў для далейшага гандлю, сказаў Ігар Барысаў у каментары «Радыё Рацыя»:
— Тут яшчэ больш дзіўнай сітуацыя выглядае, бо яны бяруць у закладнікі сваіх жа грамадзян, а не кагосьці іншага, і спрабуюць гандлявацца. І вось гэта выглядае такім крывадушшам, што цалкам характарызуе гэтых людзей, гэтых асоб, якія кіруюць Беларуссю. У Беларусі зараз ніхто не абаронены і нават, на маю думку, кіраўнікі і актывісты лаяльных да ўлады арганізацый і палітычных партый.
Але такі курс на рэпрэсіі можа, наадварот, падштурхнуць
да новых санкцый з боку дэмакратычных краін — не выключае Ігар Барысаў.