Палітолаг Дзмітрый Балкунец не выключае, што Фядуту выкраў КДБ

Палітолаг Дзмітрый Балкунец не выключае, што паліттэхнолаг, доктар гуманітарных навук і першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута мог быць выкрадзены беларускім КДБ.

photo5451744981615227134_1.jpg


Балкунец у сваім тэлеграм-канале адзначае, што 28 сакавіка ён планаваў запісаць у Маскве інтэрв’ю з Аляксандрам Фядутам, але пасля ўзбуджэння 26 сакавіка ў дачыненні да яго крымінальнай справы вымушаны быў у спешным парадку ўсё адмяніць, піша «Беларускі партызан».

Пасля ад’езду з Расіі Балкунец даведаўся, што КДБ Беларусі выправіў за ім у Маскву групу захопу і планаваў яго затрыманне.

«11 красавіка ў Маскве знік Аляксандр Фядута. Пошукі па бальніцах пакуль не далі выніку. Пра яго месцазнаходжанне нічога невядома, а тэлефоны недасяжныя. У паліцыю паступіла заява аб знікненні. Падазрэнні ўзмацніліся, што яго выкралі беларускія спецслужбы», — напісаў палітолаг.

Пры гэтым гісторыя са знікненнем першага прэс-сакратара Лукашэнкі працягвае абрастаць падрабязнасцямі. У прыватнасці, атрымала некаторае развіццё версія магчымага выкрадання:

1. Фядута быў у Маскве з лютага, а не з канца сакавіка, як лічылася раней. Пры гэтым невядома, калі ён збіраўся вярнуцца дадому.

2. У яго былі пры сабе два мабільныя тэлефоны. Абодва адключаныя.

3. Знаёмыя Фядуты ў Маскве шукалі яго на працягу ўсяго 12 красавіка ў бальніцах і моргах, але пакуль знайсці не змаглі — пошукі працягваюцца.

4. Магчымым матывам Лукашэнкі называюць спробы Фядуты кансультаваць ў Маскве праціўнікаў кіраўніка Беларусі. Пры гэтым усё яшчэ невядома, з кім ён працаваў у Расіі.