Пад Гомелем будуюць супрацьтанкавыя ўмацаванні. Навошта?
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала, які адсочвае ваенную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі, на выездзе з пасёлка Калініна (Гомельскі раён) цяпер ідуць будаўнічыя працы: каля Калінкавіцкага лясніцтва заўважаная будаўнічая тэхніка, якая абсталявала, як мяркуецца, фартыфікацыйныя збудаванні.
Больш за тое, крыху далей за пасёлкам, каля трасы М8 у кірунку да мяжы з Украінай, у полі ўжо ўсталяваная лінія процітанкавых умацаванняў — так званыя «зубы дракона». Адлегласць ад месца іх устаноўкі да мяжы з Украінай складае каля 20 кіламетраў.
Нагадаем, што «Зубы дракона» — гэта квадратна-пірамідальныя ўмацаванні з жалезабетону. Вышыня аднаго «зуба» — ад 90 да 120 сантыметраў. Падобныя ўмацаванні ўпершыню выкарыстоўвалі падчас Другой сусветнай вайны, каб перашкаджаць руху танкаў і пяхоты. Галоўная іх задача — запаволіць і накіраваць бронетэхніку ў зоны паражэння. Вядомасць «зубы дракона» атрымалі дзякуючы іх выкарыстанню для збудавання так званай «засечнай рысы» на акупаваных тэрыторыях Украіны і ў памежных абласцях Расіі.
Акрамя таго, гомельскія рэгіянальныя выданні ўжо звярталі ўвагу на тое, што «засечная рыса» заканчваецца роўна на мяжы Беларусі і Расіі. З чым звязаная ўстаноўка на тэрыторыі РБ «Зубоў дракона» — невядома. Адзначым, што цяпер у Гомелі праходзяць вучэнні з тэрытарыяльнай абаронай. Магчыма, стварэнне ўмацаванага раёна звязана менавіта з гэтымі вучэннямі.
Так ці інакш, але нельга не адзначыць, што сёння раніцай на сустрэчы з АДКБ Лукашэнка назваў украінскае контрнаступленне «дэзінфармацыяй» і заявіў, што «ніякага “контрнаступу”, з майго пункту гледжання, няма і быць не можа».
Атрымліваецца, што контрнаступленне Лукашэнка, можа, і праўда не верыць, але ўсё роўна вырашыў перастрахавацца?