Расія-абаронца і Расія-агрэсар: як ставяцца беларусы да «старэйшага брата» ў яго вайне супраць Украіны?

Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў расказвае пра вынікі новага даследавання, у якім беларусы выказваюцца пра мэты Расіі ў цяперашняй гарачай фазе вайны з Украінай.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У 15-й хвалі маніторынгу «Беларускай ініцыятывы» Chatham House было некалькі адкрытых пытанняў, якія не ўвайшлі ў фінальную прэзентацыю, што выкладзеная на рэсурсе «Што думаюць беларусы». Адно з такіх пытанняў тычыцца мэтаў, якія, на думку рэспандэнтаў, пераследуе ў бягучай вайне Расія (было яшчэ пытанне пра мэты Украіны, але пра яго наступным разам). Важна, што пытанні, як сказана вышэй, адкрытыя. Гэта значыць, што людзі самі, без падказак у выглядзе варыянтаў адказаў, пісалі тое, што яны думаюць.

Такім чынам, што пішуць беларусы адносна матываў Расіі ў гэтай вайне?

«Расія — агрэсар»

На самай справе роскід меркаванняў шырокі. Калі блізкія па сэнсе адказы згрупаваць у блокі, то самым маштабным аказваецца сегмент адказаў, якія аб'ядноўваюцца вакол ідэі пра тое, што Расія захоплівае чужыя тэрыторыі з «імперскімі мэтамі», спрабуе стварыць такі «квазіСССР» або «СССР 2.0». Гэтыя мэты людзі апісваюць фармулёўкамі наступнага тыпу (цытаты з апытання прыведзены ў арыгінальным напісанні):

  • «Захоп зямель, прычым не толькі Украіны. Думаю, яны не спыняцца і пойдуць з вайной далей на захад»,
  • «Не дапусціць былыя краіны СССР выйсці з-пад кантролю»,
  • «Захаванне адзінай эканамічнай, вайсковай, славянскай, геаграфічнай прасторы і сяброўскай краіны ў саюзе з расійскай імперыяй».

Такая пазіцыя блізкая 17,5% апытаных.

«Расія — абаронца»

Другое месца займае блок адказаў, цэнтральнай пазіцыяй якога з'яўляецца ідэя клопату Расіі пра людзей — альбо ўсёй Украіны, альбо так званых «Л/ДНР». Доля гэтага блока склала 13,1%. Тут называюцца такія матывацыі:

  • «Што б людзі дамбаса жылі ў міры»,
  • «Вызваліць украінскае насельніцтва, якое цягам некалькіх гадоў жыло ў страху»,
  • «Выратаваць мірных людзей».



    «Не дапусціць (у) NATO»

    Трэці блок часткова перасякаецца з першымі двума, але мае знешні вектар. Гэта меркаванні пра тое, што Расія імкнецца не дапусціць збліжэння Украіны з Захадам і, шырэй, процідзейнічаць «калектыўнаму Захаду» ў асобе ЗША, Еўрапейскага саюза і NATO. Так думаюць 12% рэспандэнтаў:

    • «Не дапусціць Украіну ў НАТА і ЕС»,
    • «У першую чаргу гэта выклікана пагрозай уваходжання Украіны ў НАТА і далейшае размяшчэнне ваенных баз ЗША на сваёй тэрыторыі»,
    • «Абараніць сваю цэласнасць і прыбраць побач з мяжой арміі ЗША і ЕС».

    «Расія ў сваім праве»

    Наступны блок склалі выказванні, агульным сэнсам якіх выступае ідэя самаабароны Расіі, прычым у самым шырокім разуменні. Гэта і барацьба за гістарычную справядлівасць, і адстойванне ўласных інтарэсаў, і прэвентыўная абарона сваіх межаў, і абарона рускамоўнага насельніцтва. Так лічаць 11,9% рэспандэнтаў.

    • «Расія не ваюе з Украінай, яна абараняецца ад нападаў Украіны»,
    • «Выратаванне рускамоўнага насельніцтва»,
    • «Абарона сваіх грамадзян».

    Акрамя таго ў частцы адказаў гэтага блока заўважная ідэя аб тым, што «рускамоўныя» роўна «рускія» і што Расія мае права і маральны абавязак ажыццяўляць пратэктарат над усімі рускамоўнымі тэрыторыямі.

    «Антыфашызм»

    У пяты блок (8,8%) патрапілі адказы, сфакусаваныя вакол ідэі пра тое, што падчас гэтай вайны Расія змагаецца з «нацызмам» або «неанацызмам» ва Украіне (варыянты: «з фашызмам», «з бандэраўшчынай», «з бандэраўцамі»). Штампы расійскай прапаганды, прысутныя і ў іншых блоках, тут выяўляюцца найбольш насычана і ярка.

    • «Дэнацыфікацыя і нейтралітэт Украіны»,
    • «Трэба скончыць з фашысцкім рэжымам на Украіне. Бандэра і яго паплечнікі не героі а ваенныя злачынцы»,
    • «Галоўная мэта — спыніць нацызм, абараніць людзей славянскай нацыянальнасці ад ганення бандэраўскай улады».



      «Генацыд»

      Шосты блок — гэта сцвярджэнні пра тое, што галоўнай мэтай Расіі ў гэтай вайне з'яўляецца ліквідацыя Украіны і як дзяржавы, і як краіны. А таксама знішчэнне ўкраінцаў як нацыі. Пра гэта кажуць 8,4% рэспандэнтаў.

      • «Знішчэнне краіны і жыхароў Украіны»,
      • «Знішчэнне Украіны як дзяржавы і ўкраінцаў як нацыі»,
      • «Генацыд украінскага народа».

      «Міратворчасць»

      Адказы, якія ўвайшлі ў сёмы блок, у чымсьці оруэлаўскія. 5,5% прытрымліваюцца думкі, што мэтай вайны для Расіі з'яўляецца устанаўленне міру ва Украіне наогул і на яе ўсходзе ў прыватнасці. Так, і ва ўсім свеце, як пісалася ў некаторых адказах.

      • «Спыніць вайну на донбасе»,
      • «Спыніць кровапраліцце»,
      • «Расія не ставіць мэты вайны, Расія за мір».

      «Псіхіятрыя і ўлада»

      У апошні блок сабраныя выказванні, сканцэнтраваныя на інтэлектуальна-псіхалагічнай непрадказальнасці кіраўніка Расіі, на прыземленых інтарэсах расійскіх палітычных і эканамічных эліт (але больш пра Пуціна, вядома). Тут цытаты прыводзіць не будзем. Адзначым толькі, што доля гэтага блока складае 4%. Хаця не, адну фармулёўку прывядзем:

      • «Яны самі не ведаюць дакладна, што хочуць. Мяняюцца іх мэты пастаянна».

      «Вагаюся»

      Пры ўсім пры гэтым самым папулярным варыянтам адказу стала «не ведаю». Не змаглі выказаць свае здагадкі пра мэты Расіі крыху больш за чвэрць апытаных (25,1%).


      Выдзеленыя блокі не аўтаномныя, яны шмат у чым накладваюцца адзін на аднаго (многія рэспандэнты пісалі разгорнута, і адзін адказ можа ўваходзіць у некалькі блокаў). І хоць большасць апісаных блокаў нельга адназначна аднесці да прарасійскай або праўкраінскай пазіцый, ствараецца ўражанне, што ўмоўны «ўкраінскі» наратыў транслюецца больш гамагенна, канцэнтравана, што павінна забяспечваць яго вялікую пераканаўчасць. Умоўна «расійскі» дыскурс, наадварот, хутчэй дыскрэтны, рознанакіраваны. З аднаго боку, гэта можа зніжаць яго эфектыўнасць, з другога — ён знаходзіць водгук сярод розных мэтавых груп.

      Але ў любым выпадку пакуль ні адна з пазіцый не з'яўляецца адкрыта дамінуючай.