448-мы дзень вайны. Страты Расіі перавалілі за 200 тысяч чалавек
Па падліках Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, Расійская Федэрацыя ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны страціла ўжо больш за 200 тысяч сваіх грамадзян, якіх адправіла на фронт.
Пекла ў Бахмуце
Як паведамляюць украінскія вайскоўцы ў чарговай зводцы Генштаба УСУ, праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі адбылося 55 баявых сутыкненняў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў па-ранейшаму застаюцца Бахмут і Мар'інка.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць, што Расія вырашыла ўзмацніць свае тактычныя наступальныя дзеянні ў раёне Бахмута, нягледзячы на тое, што Украіна, відавочна, засяродзіла там сілы на лакальных контратаках.
У справаздачы Інстытута паведамляецца, што так званы кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў 16 траўня, што войскі РФ узмацнілі свае сілы ў раёне Бахмута для стабілізацыі сітуацыі. Акрамя таго, адзначылі аналітыкі, адзін вядомы расійскі ваенкар паведаміў, што чатыры неўстаноўленыя расійскія батальёны былі разгорнуты на флангах вакол Бахмута, каб прадухіліць украінскія прарывы.
У ISW адзначылі, што адпаведныя паведамленні аб падмацаванні адпавядаюць заяве намесніка міністра абароны Украіны Ганны Маляр пра тое, што расійскія войскі разгортваюць дадатковыя сілы паветрана-дэсантных войскаў для абароны флангаў Бахмута, якія, імаверна, перакідваюцца з іншых участкаў фронту.
«Перадыслакацыя расійскіх войскаў з іншых участкаў фронту ў раён Бахмута з'яўляецца адказам на пастаянны неспакой РФ адносна стабільнасці лініі фронту ў гэтым раёне на фоне далейшай дэградацыі наступальных дзеянняў «Вагнера» з мэтай захопу Бахмута. Гэты неспакой стаў больш выяўленым у апошнія дні, калі ўкраінскія войскі дасягнулі абмежаваных поспехаў вакол Бахмута, што, магчыма, заахвоціла расійцаў да далейшага засяроджвання на тактычных наступальных дзеяннях у гэтым раёне», — пішуць у ISW.
Абстрэлы Украіны
Як паведамляе ўкраінскі бок, за мінулыя суткі праціўнік нанёс 31 ракетны ўдар па Украіне, сілы СПА знішчылі 25 варожых цэляў. Вораг выкарыстаў шэсць ракет «Кінжал», 13 «Калібраў» і дзесяць ракет наземнага базіравання. 25 з іх былі знішчаны супрацьпаветранай абаронай.
Увечары 16 траўня ракетнаму ўдару падвергнуўся Мікалаеў, у выніку чаго адбылося частковае разбурэнне гандлёвага цэнтра і аўтасалона. На гэтых аб'ектах ратавальнікамі былі аператыўна ліквідаваны пажары. Выбуховай хваляй пашкоджаны прыватныя дамы і крамы. Акрамя гэтага, зафіксавана траплянне па аб'екце прамысловай інфраструктуры, пацярпеў адзін чалавек, паведаміў кіраўнік Мікалаева Віталь Кім.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што за мінулыя суткі войска РФ абстраляла не менш за 24 населеныя пункты Харкаўскага, Купянскага, Чугуеўскага і Ізюмскага раёнаў. У выніку абстрэлу Купянска загінуў грамадзянскі — мужчына 50 гадоў.
На працягу 16 траўня расійскія акупанты здзейснілі 20 абстрэлаў Сумскай вобласці, зафіксавана 112 выбухаў, ёсць разбурэнні ў 2 абшчынах. Адзін цывільны чалавек атрымаў раненні.
Вакол вайны
Дзярждэпартамент ЗША не выключае прызнання Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму за здзейсненыя злачынствы падчас уварвання ва Украіну, заявіў дзяржсакратар Энтані Блінкен у слуханнях у Камітэце Сената ЗША. На пытанне сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма, ці вызначыўся ўжо Дзярждэпартамент са сваёй пазіцыяй (ніколі не прызнае Расію краінай-спонсарам тэрарызму), Блінкен адказаў: «Ніколі не кажы ніколі».
Прызнанне Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму прывяло б да міжнароднай ізаляцыі Масквы і прымусіла б ЗША накладаць дадатковыя абмежаванні на краіны, якія ўзаемадзейнічаюць з Крамлём. Менавіта Дзярждэп мае паўнамоцтвы вызначаць такі статус.
CNN са спасылкай на ананімнага чыноўніка паведаміла, што ракетны ўдар РФ па Украіне ў ноч на аўторак не прывёў да знішчэння сістэмы супрацьракетнай абароны «Patriot», як пра гэта заявіла расійскае Міністэрства абароны, але яна магла быць пашкоджана.
Каардынатар стратэгічных камунікацый Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі заявіў, што не можа пацвердзіць паведамленні аб пашкоджанні ЗРК, але дадаў, што ў выпадку, калі амерыканская сістэма СПА сапраўды атрымала пашкоджанні і патрабуе рамонту за межамі Украіны, «мы, безумоўна, з гэтым дапаможам».
З Украіны сёння, 17 траўня, выйдзе апошняе судна ў рамках «збожжавага пагаднення». З 18 траўня Расія пагражае заблакіраваць калідор.
У апошні раз Украіна, Турцыя, ААН і Расія працягнулі дзеянне збожжавага пагаднення ў сакавіку 2023 года. Украіна заявіла, што пагадненне падоўжана на 120 дзён. Расія сцвярджае, што пагадзілася на 60-дзённае падаўжэнне, гэта значыць да 18 траўня.
Раней Расія аднойчы казала, што выходзіць са «збожжавай здзелкі», але хутка вярнулася назад.