«Галодныя гульні»: Захад патрабуе ад Расіі выконваць свае абавязкі

На выхад Расіі з «зерневай здзелкі» адрэагавалі краіны Захаду. А прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў расійскае рашэнне выйсці са «збожжавага пагаднення» абуральным.

zerno_1.jpg


«Гэта абуральна, гэта прывядзе да ўзмацнення голаду. Няма ніякіх прычын для іх дзейнічаць падобным чынам. ... У тым, што расійцы робяць (у рамках “збожжавай ініцыятывы” — Рэд.), няма ніякай заслугі. ААН заключыла гэтае пагадненне, і на гэтым усё павінна скончыцца», — заявіў кіраўнік Белага дома.

Міністр замежных спраў Брытаніі Джэймс Клеверлі падкрэсліў, што «Расія павінна дазволіць экспартаваць збожжа людзям у свеце, якія пакутуюць ад голаду», паколькі «збожжавае пагадненне адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні глабальнай харчовай бяспекі».

А літоўскі кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс у адказ на дзеянні краіны-агрэсара РФ прапанаваў арганізаваць ваеннае суправаджэнне для судоў, якія выходзяць з украінскіх партоў.

«Калі ён (расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін — Рэд.) працягне ставіць пад пагрозу экспарт збожжа з Украіны, свабодны свет павінен аб'яднацца, каб ахоўваць суднаходства з дапамогай вайсковых суправаджэнняў. Абыдзем шантаж», — заявіў кіраўнік МЗС Літвы.

Еўрасаюз заклікаў Расію перагледзець рашэнне аб прыпыненні яе ўдзелу ў пагадненні па вывазу ўкраінскага збожжа. Пра гэта заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль.

«ЕС заклікае Расію адмяніць сваё рашэнне», – напісаў ён у Twitter.

Па словах Барэля, «рашэнне Расіі прыпыніць удзел у пагадненні па Чорным моры ставіць пад пагрозу асноўны экспартны маршрут гэтак неабходнага збожжа і ўгнаенняў для пераадолення глабальнага харчовага крызісу, выкліканага яе вайной супраць Украіны».

Між тым 29 кастрычніка па збожжавым калідоры яшчэ прайшлі дзевяць караблёў, але ўжо на 30 кастрычніка дамоўленасці дасягнуты не былі.

Нагадаем, Расія абвясціла, што спыняе ўдзел у рэалізацыі «збожжавага пагаднення» нібыта праз «тэракт» у Севастопальскай бухце, падчас якога былі атакаваныя расійскія ваенныя караблі.


Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што РФ знайшла надуманую нагоду, каб перакрыць збожжавы калідор, і заклікаў дзяржавы свету патрабаваць ад захопнікаў спыніць «галодныя гульні».

«Зерневае пагадненне» — дамова, падпісаная 22 ліпеня Украінай, Расіяй і Турцыяй на перамовах у Стамбуле пры пасярэдніцтве ААН, якая разблакавала экспарт украінскага збожжа па Чорным моры. Украіна падпісала асобны дагавор з Турцыяй і ААН і нясе абавязацельствы перад імі. Расія падпісала люстраное пагадненне з Турцыяй і ААН.

З тых часоў, па даных ААН, з паўднёвых партоў Украіны з прыпынкам для праверкі ў Турцыі ў розныя краіны свету адправілася больш за 9 млн тон харчавання. «Збожжавае пагадненне» выратавала ад голаду 100 млн чалавек, казалі ў ААН.

Тэрмін дамовы сканчаецца ў лістападзе, і расійскія прадстаўнікі некалькі разоў казалі, што ў Расіі ёсць прэтэнзіі да таго, як яно выконваецца. Не зусім задаволены быў і ўкраінскі бок — некалькі дзён таму прэзідэнт Зяленскі казаў пра тое, што Расія штучна стварыла чаргу з загружаных збожжам караблёў у «збожжавым калідоры», і ўкраінскія экспарцёры не паспяваюць выконваць свае абавязанні ў пастаўках.

Паводле Карэспандэнт; ВВС