«Вайна да агіды простая штука». Расія выйшла са «збожжавага пагаднення»

Расія выйшла са «збожжавага пагаднення». І абвінаваціла ў гэтым Украіну — нібыта гэта здарылася з-за выбухаў у Севастопалі.

 Фота www.ponomaroleg.com

 Фота www.ponomaroleg.com

Расія заявіла, што спыняе ўдзел у рэалізацыі «збожжавага пагаднення». І нібыта падставай стаў, як сказалі ў РФ, «тэракт» у Севастопальскай бухце ў суботу раніцай. Прынамсі, так заявіла Міністэрства абароны Расіі сёння, 29 кастрычніка, піша «Еўрапейская праўда».

У прыватнасці, у Мінабароны РФ падкрэслілі, што прычынай выхаду з пагаднення з'яўляецца «тэракт», здзейснены «кіеўскім рэжымам» нібыта з удзелам спецыялістаў Вялікабрытаніі. Мэтай «тэракту» былі караблі Чарнаморскага флоту і цывільныя караблі.

Прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў заявіў, што мэтай атакі сталі караблі Чарнаморскага флоту, задзейнічаныя ў гарантаванні бяспекі збожжавага калідора. Ён таксама абвінаваціў вайскоўцаў Брытаніі ў планаванні і рэалізацыі нібыта «тэрактаў» на трубаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2». Прадстаўнік Мінабароны заявіў, што брытанскія вайскоўцы з гэтага ж падраздзялення правялі падрыхтоўку ўкраінскіх войскаў да «нападу» на Севастопаль у суботу раніцай, і што нібыта гэтыя ж брытанскія вайскоўцы знаходзяцца цяпер ва ўкраінскім Ачакаве.

«Выдумкі эпічнага маштабу». Так назвала Мінабароны Брытаніі абвінавачанні РФ.

Варта адзначыць, што дзеянне «збожжавага пагаднення» павінна было завяршыцца ў лістападзе, і Расія і раней пагражала выйсці з пагаднення, калі не будуць выкананы яе патрабаванні.

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў краіны свету аказваць ціск на Маскву, каб прадухіліць спробы заблакаваць працяг дзеяння збожжавага калідора: «Мы папярэджвалі аб планах РФ сарваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву. Цяпер Масква па надуманых падставах блакуе збожжавай калідор, які забяспечвае харчовую бяспеку мільёнаў людзей. Заклікаю ўсе дзяржавы запатрабаваць ад РФ спыніць Галодныя гульні і вярнуцца да сваіх абавязацельстваў».

У апошні час з-за дзеянняў расійскага боку ў Басфоры затрымаліся паўтары сотні караблёў.

«Вайна да агіды простая штука па сваёй сутнасці», — заявіў на гэты конт палітолаг і вядомы ўкраінскі блогер Алег Панамар:

«Гэта вайна. Бакі абменьваюцца ўдарамі. Неразумна нават думаць, што нейкім дзеяннем Украіна можа нешта справакаваць. Кшталту, калі мы нічога не будзем рабіць, то Расія што?.. Перастане ваяваць? Перастане знішчаць украінцаў і Украіну? Вядома – не.

Так і сёння. З гэтых караблёў Расія абстрэльвае ўкраінскія гарады. І калі гэта адбываецца, то канапавыя эксперты ў фэйсбуку абураюцца: чаму мы не наносім удары па іх сродках абстрэлаў?

Ну вось — нанеслі. І нашы эксперты цяпер: а можа, не трэба было, бо Расія можа выйсці са збожжавага пагаднення?

Дык можа і Херсон тады не браць? Каб Расія не выйшла з пагаднення? Можа, і Крым не трэба?

Таму паўтару. Расія можа выйсці адкуль хоча. Расія можа абстраляць зноў Адэсу і ўсю Украіну. Можа...

Але гэта вайна. Дзеянне — процідзеянне. І ў выніку пераможа той, хто зробіць больш дзеянняў і зможа мінімізаваць больш процідзеянняў праціўніка.

Вайна да агіды простая штука па сваёй сутнасці».