«Беларусам, якія цяпер знаходзяцца пад прэсінгам рэпрэсій, неабходна бачанне будучыні»

Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў расказвае, што не так з беларускімі рэформамі, якімі яны павінны быць і чаму яны патрэбныя беларускаму грамадству.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У лютым 2023 года «Цэнтр новых ідэй» правёў серыю глыбінных інтэрв'ю сярод беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны. Мэтай даследавання было вывучэнне асаблівасцей стаўлення да рэформ і ў цэлым, і ў асобных сферах. Генадзь Коршунаў расказвае, да якіх высноў удалося прыйсці.

Вынікі даследавання аказаліся вельмі змястоўнымі. Яны дазволілі лепш зразумець даныя серыі сацыялагічных апытанняў, прысвечаных вывучэнню гатоўнасці беларускага грамадства да рэформ. Галоўным чынам гэта даследаванні, якія праводзіліся «Цэнтрам новых ідэй» сумесна з ініцыятывамі «Народнае апытанне», «Банк ідэй» і беларускай ініцыятывай «Chatham House».

Падрабязна з вынікамі даследавання можна азнаёміцца тут. А ў гэтым матэрыяле я б хацеў звярнуць увагу на некалькі тэзісаў, што рызыкуюць праскочыць міма чытача, які будзе шукаць інфармацыю менавіта пра рэформы.

У масавай свядомасці рэформы самі па сабе не маюць каштоўнасці

Нават больш жорстка: у людзей тэксты з загалоўкам «Рэформы» могуць выклікаць нават абурэнне. Таму што, па-першае, часткай насельніцтва яны ўспрымаюцца як патэнцыйная небяспека, бо з'яўляюцца пагрозай якой-ніякай, а стабільнасці. Тых, для каго галоўнай задачай з'яўляецца захаванне свайго ўзроўню дастатку (часцяком вельмі невялікага), любыя змены загадзя палохаюць.


Другая прычына негатыўнага ўспрымання рэформ — у «заезджанасці» гэтай тэмы. У людзей ёсць адчуванне, што рэформы ў нас ідуць пастаянна: канстытуцыйная, пенсійная, сістэмы адукацыі і іншыя. Яны як бы ідуць, але куды яны ідуць, навошта, якая ад іх карысць? Для грамадства эфекту ад усяго гэтага не назіраецца. Часцяком людзі не тое што карысці не бачаць ад рэалізаваных «рэформ», яны бачаць толькі шкоду. Напрыклад, выпускнікі кожны год не ведаюць, што прыдумае Міністэрства адукацыі і як ім рыхтавацца, каб пераадолець гэтыя чарговыя прыдумкі.

Масавая свядомасць супярэчлівая, але спагадлівая да зразумелых ведаў

У грамадстве назапасілася вялікая колькасць праблем, якія патрабуюць свайго вырашэння, людзі гэта добра разумеюць. Як адзначаюць рэспандэнты ў інтэрв'ю, гэта празмерная цэнтралізацыя ўлады і некампетэнтнасць чыноўнікаў, зарэгуляванасць эканомікі і недзеяздольнасць дзяржпрадпрыемстваў, школьная сістэма, якая працуе сама для сябе, татальны недахоп кадраў у адукацыі і жабрацкая пенсія, да якой многія не дажывуць.

Аднак гэтыя праблемы часцяком замыльваюцца, хаваюцца за заслонай стэрэатыпных установак, якія ўзмоцнена прасоўвае і дзяржаўная прапаганда: «у цэлым у нас усё нармальна», — асабліва калі з іншымі параўноўваць. І адукацыя ў нас выдатная, і ў ахове здароўя ўсё добра, і пенсійная сістэма працуе без перабояў…

У наяўнасці супярэчнасць паміж стэрэатыпны «у цэлым усё больш-менш нармальна» і набалелым «мяняць трэба практычна ўсё». Гэтая супярэчнасць пераадольная з апорай на жаданне людзей ведаць, што адбываецца, і разумець, куды ідзе сітуацыя, куды вядуць змены. У інтэрв'ю рэспандэнты неаднаразова гаварылі пра тое, што ім вельмі хочацца разбірацца, што робіцца і навошта. Людзям трэба ведаць.


Гэта значыць, што любую рэформу неабходна «прасоўваць» — тлумачыць людзям проста і даходліва, чаму змены неабходныя, якія праблемы яны павінны вырашыць, хто і ў якія тэрміны будзе гэтую рэформу рэалізоўваць і ў чым будзе карысць для ўсяго грамадства.

Змены наспелі, але яны павінны быць разумнымі, зразумелымі і абгрунтаванымі

Запыт на змены (а значыць, і на рэформы), які існуе сёння ў грамадстве, прадугледжвае дыферэнцыяванае стаўленне да аб'ектаў рэфармавання. І з пункту гледжання тэмпаў — нешта трэба рэфармаваць адразу, з чымсьці можна пачакаць; і з пункту гледжання кірункаў рэфармавання — дзесьці трэба больш прыватнага сектара, дзесьці дзяржаўнага, а дзесьці іх можа быць пароўну.

Такі досыць узважаны падыход патрабуе, каб акрамя стратэгій лакальных рэформ у асобна ўзятай сферы была распрацавана агульная стратэгія... Не, вось так — стратэгія рэфармавання або трансфармацыі беларускага грамадства, дзяржавы і эканомікі. І ў гэтым агульным бачанні (на базе даследаванняў і ўліку замежнага досведу) павінна быць апісана і абгрунтавана агульная канцэпцыя рэформ: мэта, абгрунтаванне неабходнасці змен, указанне чарговасці рэфармавання для канкрэтных сфер, канкрэтныя тэрміны і алгарытмы, этапы і напрамкі трансфармацый.

У цэлым даныя апытання паказалі, што беларусы не хочуць рэформ як «ката ў мяшку». Яны выдатна разумеюць, колькі праблем у краіне, але пакуль не бачаць, хто і як можа гэта ўсё змяніць. Сёння вельмі не хапае незалежных даследаванняў, якія адэкватна апісвалі б сітуацыю ў розных сферах і ў краіне ў цэлым. У Беларусі крытычна абмежаваныя магчымасці абмеркавання варыянтаў як бягучага становішча рэчаў, так і варыянтаў вырашэння праблем. Фактычна адсутнічаюць прапановы па магчымых перспектывах будучыні і дыскусіі адносна гэтых перспектыў. Гэта тое, што, па-навуковаму кажучы, называецца дыскурсам рэформ. І гэты дыскурс нам трэба ствараць, развіваць і папулярызаваць.


Беларусам, якія цяпер знаходзяцца пад прэсінгам рэжымных рэпрэсій, неабходна бачанне будучыні, адчуванне перспектыў, разуменне таго, куды і як можа і павінна развівацца грамадства. Нам патрэбны выбар будучыні. Думаючы пра яго і выбіраючы варыянты, прадметна абмяркоўваючы жаданыя змены — і ў канферэнцыйных залах, і на кухнях ў хрушчоўках, — мы закладваем аснову для дзеяння, мы ствараем падмурак для рэалізацыі гэтай будучыні.