Сумленне і пазіцыя? Не, не чулі. Як застацца «топам» у беларускім спорце пасля затрымання

У 2020 годзе спартсмены былі заўважнай часткай пратэсту і па-ранейшаму застаюцца ўплывовай сілай для сваіх заўзятараў. «Тр*буна» расказвае гісторыю некалькіх затрыманняў хакеістаў на траве — і чым яны скончыліся.

Уладзіслаў Белавусаў. Фота: Інстаграм спартсмена

Уладзіслаў Белавусаў. Фота: Інстаграм спартсмена


На пачатку кастрычніка 2022 года супрацоўнікі сумна вядомага лукашэнкаўскага ГУБАЗіКа затрымалі (відаць, адначасова) траіх чалавек, якія мелі дачыненне да беларускага хакея на траве. Самым вядомым з іх быў гулец зборнай краіны, мільённік у TikTok Уладзіслаў Белавусаў. Акаўнт спартсмена на платформе аказаўся пад кантролем сілавікоў Лукашэнкі — туды яны і выклалі «пакаяльнае відэа», на якім прыгнечаны хакеіст відавочна па напісаным гаварыў, што ў адным са сваіх ролікаў «пакрыўдзіў ці абразіў супрацоўнікаў міліцыі».

Быў кінуты за краты і брат Уладзіслава Андрэй Белавусаў — ён калісьці ўваходзіў у моладзевую зборную, але сышоў з профі праз праблемы з сэрцам і таксама стаў папулярным у TikTok (цяпер мае два мільёны падпісчыкаў). І ў яго акаўнце таксама праз некаторы час з'явілася «пакаяльнае відэа»: малады чалавек сядзеў за кратамі і гаварыў пра ўдзел у пратэстах у 2020-м і пра тое, што яму нібыта «прапаноўвалі вялікія грошы» за фота з БЧБ, ад якога ён адмовіўся.


Аднак абодва хлопцы пасля «сутак» аказаліся на волі. А вось на трэцяга чалавека завялі «крыміналку». Ім аказаўся партнёр Уладзіслава па «Мінску» і зборнай Беларусі Дзяніс Хатылёў. Проста перад затрыманнем яны паспелі разам зняцца ў адной з праграм на «Беларусь 5», якая пасля гэтага не выйшла. Сілавікі Лукашэнкі спачатку заявілі, што Хатылёў у жніўні 2020-га «глядзеў на пратэсты», але гэтага хапіла для абвінавачання ва ўдзеле ў іх.

1 лютага 2023 года так званая суддзя Алёна Бушава дала Хатылёву тэрмін у два гады — але не за кратамі: спартсмена адправілі на «хатнюю хімію» — абмежавалі свабоду, не накіроўваючы ва «ўстанову». У наступным месяцы МУС Лукашэнкі ўнёс хакеіста ў спіс непажаданых для рэжыму людзей, якіх той называе «экстрэмістамі». Таксама Дзяніс пазбавіўся месца ў складзе зборнай і клуба.

А вось Белавусавы вярнуліся да ранейшага жыцця: абодва зноў актыўна здымаюць вясёлыя ролікі ў TikTok. Падрабязней «Тр*буна» вырашыла спыніцца на акаўнце Белавусава-старэйшага, які пасля кастрычніка 2022-га прырос яшчэ на 100 тысяч падпісчыкаў да 2,2 млн. Першае відэа пасля затрымання ва Уладзіслава выйшла праз два з паловай месяцы. Ролік, выкладзены ў апошнія дні 2022-га, ён прысвяціў невысокім дзяўчатам у спартзале, а сам быў апрануты ў цішотку расійскага «Краснадара» (праўда, ужо ў наступным відэа быў у форме «Мінска»). Ролік атрымаўся не вельмі папулярным для Белавусава: менш за 50 тысяч праглядаў.

З тых часоў хакеіст выпусціў яшчэ 325 гумарыстычных відэа. Кантэнт застаўся ранейшым: пахабныя жарты на тэму адносін і «антыпікап» (знарочыста дурныя падкаты да жанчын). Прычым для апошняга роліка (поўныя Белавусаў выкладвае на YouTube, а ў TikTok залівае кавалачкамі) хакеіст ездзіў у Маскву, дзе падыходзіў да дзяўчат у буйным гандлёвым цэнтры. Спартсмен застаўся расчараваным: заявіў, што дзяўчаты вакол у асноўным «сумныя, альбо ў іх няма настрою». 

З іншых тэм ролікаў Белавусава — гумар пра ўсё той жа сэкс, спартзалу, крыптавалюту і нават тое, што яго брат нібыта прыёмны. А на Вялікдзень хакеіст прыехаў у бацькоўскі дом, дзе сабралася ўся сям'я (і таксама ўдзельнічала ў некаторых роліках), і здымаў відэа проста за святочным сталом.

Цікава таксама тое, што за дзяўчына з'яўляецца ў свежых роліках Белавусава. 31-гадовая Анастасія Стэцэвят — украінка, якая нарадзілася і вырасла ў Кіеве, засвяцілася на ладнай колькасці тэлепраграм ўкраінскага ТБ, а на пачатку 2019-га прабілася на расійскае: стала ўдзельніцай вядомага тэлепраекта «Дом-2», які пакінула ў лістападзе 2020-га, незадоўга да яго закрыцця (праўда, потым шоу адрадзілася на іншым канале).


На праекце, акрамя некалькіх «раманаў» і «бойкі» з адным з удзельнікаў, Стэцэвят здзівіла расповедам пра тое, што нібыта з'яўляецца афіцэрам запасу ўкраінскай арміі — маўляў, сустракалася з сынам ўплывовага вайскоўца, які прыстроіў яе на працу, дзе для павышэння зарплаты трэба было адвучыцца і атрымаць званне, што Анастасія, паводле яе слоў, і зрабіла. Праўда, калі пачалася вайна, якую з 24 лютага 2022-га вядзе Расія супраць Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, Стэцэвят не адрэагавала на гэта нават словамі. Дзяўчына была занятая сваім асабістым жыццём: расставалася з яшчэ адным экс-удзельнікам «Дома-2» Максімам Калеснікавым, з якім аформіла шлюб толькі ў верасні 2021-га. Характэрна, што пасля разводу Калеснікаў заяўляў: «Спаць з былым у суботу, а на наступны дзень ляцець да іншага чувака ў Мінск... Што ў галаве?»

Зараз Белавусаў-старэйшы, здаецца, наўмысна блытае сваіх падпісчыкаў: яго ролікі са Стэцэвят то прэтэндуюць на рамантыку, то падкрэсліваюць сяброўства, адпаведна, пачынаюць з'яўляцца каментары са спрэчкамі наконт статусу дуэта. А ў адзін з ролікаў паклікалі і Белавусава-малодшага: утраіх яны на 472 тысячы праглядаў станцавалі на лёдзе «Мінск-Арэны».

У хакей на траве Белавусаў таксама цалкам паспявае гуляць. На момант затрымання хакеістаў завяршыўся першы круг чэмпіянату Беларусі-2022/23. Пасля дзесяці матчаў рэгуляркі «Мінск» ішоў на другім месцы, двойчы саступіўшы свайму галоўнаму канкурэнту за тытул «Будаўніку» — 2:3, 3:4. У кожным паядынку супраць брэстаўчан Белавусаў закінуў па мячы.

Свой апошні матч перад трапляннем у лапы сілавікоў Белавусаў і Хатылёў правялі 1 кастрычніка ў Брэсце. Там «Мінск» разграміў СДЮШАР «Брэстжылбуд» з лікам 16:0. Белавусаў запісаў на свой рахунак тры галы, Хатылёў — адзін.

Прыкладна тады ж хакеісты планава спынілі рэгулярны чэмпіянат да вясны. Каманды сышлі ў невялікія адпачынкі, каб у лістападзе пачаць сезон па індорхакеі — разнавіднасці хакея на траве ў памяшканні. Першым у календары стаяў збор індорхаккейнай зборнай Беларусі ў Мінску з 8 па 12 лістапада, куды выклікалі Белавусава, які выйшаў на волю. У тым месяцы Уладзіслаў у складзе «Мінска» заняў другое месца на міжнародным турніры на прызы газеты «Вячэрні Мінск», а затым у складзе зборнай Беларусі ўзяў срэбра на турніры ў Расіі «Кубак Садружнасці — Гатчынская восень».


На пачатку лютага Белавусаў з «Мінскам» аформіў свой чарговы тытул у індорхакеі, стаўшы чэмпіёнам Беларусі. Уладзіслаў стаў найлепшым бамбардзірам турніру, закінуўшы 50 мячоў. За гэтае дасягненне ён атрымаў сціплую статуэтку.

На пачатку гэтага красавіка «Мінск» паўдзельнічаў у Брэсцкім міжнародным турніры «Праметэй», дзе сярод васьмі клубаў з Беларусі і Расіі заняў нязвыклае для сябе пятае месца. А 21 красавіка аднавіў праграму чэмпіянату Беларусі: выйграў у другой каманды клуба (у яе пакуль нуль ачкоў у табліцы), закінуўшы шэсць неўзаемных мячоў, адзін з якіх аказаўся на рахунку Белавусава.