«Ён можа каментаваць усё, што хоча». Тэнісістка Сабаленка дыстанцавалася ад Лукашэнкі
Колішняя спартсменка-ябацька нібыта пачала разумець, што падтрымліваць Лукашэнку на фоне вайны ва Украіне — занадта дорага для ўласнага іміджу.
У нямецкім Штутгарце стартаваў першы грунтавы Еўрапейскі турнір у
2023-м. Сярод удзельнікаў — другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка, якая
ўзяла свой першы шлем у Аўстраліі сёлета.
Як паведамляе карэспандэнт «Салідарнасці», Сабаленка
пракаментавала нядаўнія словы беларускага дыктатара аб яе гульні і паразе на
турніры ў Маямі. Нагадаем, тады Лукашэнка раскрытыкаваў памылкі спартсменкі:
«А што прайграла шэсць падвойных памылак у апошняй гульні і мала трапляла
нават у корт? Я яшчэ c ёй буду разбірацца з гэтай нагоды».
— Я не ведаю, што сказаць. Ён можа каментаваць маю гульню,
каментаваць усё, што хоча. Я не маю нічога агульнага з палітыкай, — сказала Арына
Сабаленка на прэс-канферэнцыі ў Штутгарце. — Я проста спартсменка з Беларусі. Я
проста імкнуся рабіць усё лепшае, што магу, у маім відзе спорту. І спрабую
канцэнтравацца на сабе.
Калі ўкраінцы будуць ненавідзець мяне больш пасля яго
прамовы, што я магу зрабіць? Калі ім лягчэй ад таго, што яны мяне хейцяць, я
рада дапамагчы ім у гэтым. Яны могуць гэта рабіць. Але ў астатнім...
Калі б я магла спыніць вайну, я б гэта зрабіла. Але, на
жаль, гэта не залежыць ад мяне і не знаходзіцца пад маім кантролем. Я стараюся
не чытаць гэтыя каментары ў інтэрнэце, я стараюся канцэнтравацца на сабе і маёй
гульні, а не хвалявацца з нагоды гэтай сітуацыі.
Нагадаем, напрыканцы 2020 года Арына Сабаленка падпісала зварот
атлетаў аб тым, што іх «абавязак не выступаць з палітычнымі заклікамі, а
перамагаць на спартыўных арэнах», які ўлады Беларусі арганізавалі ў адказ на
заяву спартоўцаў, якія не пабаяліся выказаць сваё меркаванне аб
недапушчальнасці гвалту ў краіне. Падпісанне праўладнага ліста на той момант цалкам адпавядала іміджу Сабаленкі, якую вельмі шанаваў Лукашэнка. Яна сама з ім не аднойчы сустракалася і добра выказвалася аб рэжыме. Нават гвалтоўнае здушэнне народных пратэстаў пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе не паўплывала на паводзіны Сабаленкі.
Іншая справа — калі пачалася вайна. Пасля 24 лютага мінулага года Сабаленка дорага абышлася колішняя падтрымка Лукашэнкі, які выступіў суагрэсарам Крамля ў нападзе на Украіну. Украінскія тэнісісткі адмаўляліся з ёй вітацца і паціскаць руку пасля гульняў, сама Сабаленка скардзілася на кепскае стаўленне да яе ў агульных тэнісных раздзявальных.
Паказальная гісторыя адбылася якраз пасля перамогі беларускі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Тады Лукашэнка, паводле ўласнай звычкі, вырашыў папіярыцца за кошт чарговай перамогі беларускага спорту і зняўся ў відэа, на якім з набліжаным бізнесоўцам Цяцерыным і традыцыйным шпіцам на стале зрабіў у гонар Сабаленко «па сто грам».
У той жа час пасля перамогі ў Сабаленка спыталі, ці паедзе яна ў Мінск святкаваць поспех разам з сябрамі. «Я адпраўлюся ў Маямі, дзе зараз жыву», — адказала тэнісістка, нібыта разумеючы, што на радзіме за яе кошт рэжым будзе піярыцца яшчэ больш і гэта ёй потым балюча адгукнецца.