Хронікі рэпрэсій за 20 красавіка
З дапамогай праваабаронцаў склалі карціну чарговага дня палітычнага пераследу беларусаў з боку ўладаў.
Супраць жонкі вакаліста этна-гурта «Бан-Жвірба» ўзбудзілі крымінальную справу.
Дзмітрыя і Вікторыю Гаўрыліных затрымалі ў Гомелі 27 студзеня, але падрабязнасці іх пераследу сталі вядомы толькі цяпер з сюжэта АНТ. Там жа паказалі «пакаяльнае» відэа з жанчынай. Паведамляецца, што паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») Дзмітрыя арыштоўвалі агулам на 30 сутак, але ён ужо на волі.
Супраць Вікторыі ўзбудзілі крымінальную справу і змясцілі пад варту. У сюжэце АНТ яе абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, падпісках на «экстрэмісцкія» каналы, зліве даных сілавікоў, удзеле ў плане «Перамога», фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 243, арт. 361-2, арт. 203-1 КК.
Дзмітрый — дырэктар Гомельскага маторарамонтнага завода, вакаліст этна-гурта «Бан-Жвірба», а Вікторыя — прадпрымальніца. Яны таксама вядомыя танцоры.
Падтрымайце зняволеную: СІЗА №3, Гомель, Кніжная, 1А, 246003, Вікторыя Гаўрыліна.
Ціск на сям'ю былога палітвязня, які з'ехаў з краіны. Пагражаюць пазбавіць яго і жонку грамадзянства
Шматдзетны бацька Віталь Жук з'ехаў з сям'ёй з Кобрына ў Італію і адкрыта распавядае пра сваё зняволенне.
А сёння, па інфармацыі берасцейскіх праваабаронцаў, сілавікі зладзілі ператрусы ў сваякоў Віталя. З вобшукам прыйшлі да яго бацькоў, да бацькоў жонкі, да таго ж завіталі ў кватэру з'ехалай сям'і.
Таксама вядома, што сілавікі агучылі, што могуць пазбавіць грамадзянства як Віталя Жука, так і яго жонку Маргарыту.
Віталь Жук быў у калоніі праз інтэрнэт-каментар, у якім пракурор і суддзя вынайшлі абразу Лукашэнкі. Мужчына цалкам адбыў пакаранне (паўтары гады калоніі) ды пасля гэтага з'ехаў разам з сям'ёй за мяжу, дзе чакае палітычнага прытулку. У эміграцыі Віталь адкрыта распавядае пра свой палітычны пераслед, умовы ўтрымання палітвязняў.
Меркавана, менавіта актыўная пазіцыя Віталя, тое што за мяжой ён дае шмат інтэрв'ю, стала падставай для ператрусаў у яго блізкіх.
У Пружанах на прадпрыемствах шукаюць людзей, што маюць родных ва Украіне
Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта пачалося прыкладна два тыдні таму.
Вядома, што як мінімум аднаго чалавека звольнілі, бо знайшлі ў яго сваякоў ва Украіне.
І добрая навіна
Былую палітзняволеную Ганну Баран эвакуявалі з Беларусі. Пра гэта паведаміла іншая экс-палітзняволеная.
Пружанка Ганна Баран атрымала тэрмін у 1 год і 6 месцаў калоніі па «карагоднай справе». У лютым яна цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю.
І, як паведамляе іншая экс-палітзняволеная, журналістка Вольга Класкоўская, Баран выехала з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспечным месцы.
У Брэсцкай вобласці затрымалі траіх чалавек пасля рэйда сілавікоў па сацсетках
Затрыманы мінімум адна жанчына і двое мужчын. У аднаго затрыманага выявілі на старонцы «Укантакце» выявы з нацыянальнай сімволікай. Жанчыну затрымалі за рэпост публікацыі з тэлеграм-канала «Белсат».
Яшчэ ў аднаго хлопца знайшлі ў тэлефоне ў прыватным ліставанні рэпост з тэлеграм-канала NEXTA. Хлопец паведамляе, што яго маці таксама затрыманая міліцыянтамі.
Прад'яўлена абвінавачанне экс-інкасатару Яну Папковічу
Экс‑інкасатару і спецназаўцу Яну Папковічу прад'яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы да вайны і грубым парушэнні парадку.
Пры затрыманні сілавікі збілі Яна і паранілі яго сабаку.
У Мінску затрыманы фанат ФК «Дынама-Мінск» Павел Вінэль
На «пакаяльным відэа» 32-гадовы хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах, прытрымліваўся ультраправых поглядаў, пакідаў абразлівыя каментары, а таксама нібыта захоўваў дома партрэт Гітлера.
Па «справе ЧКБ» пачалі судзіць супрацоўніцу «Адно акно»
Былую супрацоўніцу службы «Адно акно» Кастрычніцкага раёна Мінска Святлану Бычкоўскую затрымалі 21 красавіка 2022 года. У відэа сілавікоў жанчына казала, што перадала асабістыя даныя сілавікоў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
У Мінскім гарадскім судзе сёння пачалі судзіць палітзняволеную паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:• ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»);• арт. 352 («неправамернае завалоданне камп'ютэрнай інфармацыяй»);• ч. 3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб персанальных даных»);• ч. 3 арт. 426 («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў»).
Святлана ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 амаль год. Справу разглядае суддзя Дзіна Кучук.
Падтрымайце Святлану грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Святлана Віктараўна Бычкоўская