Хронікі рэпрэсій за 19 красавіка

Апошнія навіны з судоў і турмаў.

Навіны палітычнага пераследу за сённяшні дзень. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Навіны палітычнага пераследу за сённяшні дзень. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Працягваецца суд над былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала «N*XTA». Раней стала вядома, што Раману Пратасевічу прад'явілі больш цяжкае абвінавачанне. Яго дадаткова абвінавачваюць у «кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем, якое здзяйсняецца паўторна» — паколькі ён быў таксама адміністратарам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога м*зга». Сваю віну Пратасевіч прызнаў, аднак заявіў у судзе, што не прызнае поўнай сумы пазову ў памеры 30 млн рублёў. Паводле яго слоў, сума шкоды «крыху завышаная».

У Рэчыцы затрыманы вядомы карыкатурыст Анатоль Шчогалеў. Нібыта ён быў падпісаны на «дэструктыўныя каналы» ў Instagram і «займаўся распаўсюджаннем гэтай дэструктыўнай інфармацыі» шляхам адпраўкі паведамленняў.

Гродзенскі абласны суд вынес прысуд па справе 46-гадовага Алега Завадскага, які абвінавачваецца ў «публічнай абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш. Паводле абвінаваўчага заключэння, мужчына размяшчаў у Telegram допісы, у якіх даваў загадзя негатыўную ацэнку Лукашэнку. У іх, як сцвярджаецца, абвінавачаны «заклікаў да гвалту ў дачыненні да вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў праваахоўных органаў». 15 лютага КДБ унёс Алега Завадскага ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

29-гадовага жыхара Мастоў будуць судзіць за жаданне паехаць ваяваць за Украіну. Сілавікі лічаць, што мужчына меў намер далучыцца да палка Каліноўскага. Жыхара райцэнтра абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні»). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Палітзняволенага анархіста Яўгена Рубашку збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Адміністрацыя папраўчай калоніі №2 нядаўна змясціла Яўгена ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на месяц. Перад гэтым яго тройчы змяшчалі ў ШІЗА агулам на 24 дні з надуманых прычын. Сёння ў Бабруску пачаўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання і пераводзе на турэмны рэжым. Рашэнне будзе прымаць суддзя Антон Дудаль.

Таксама на турэмны рэжым збіраюцца пераводзіць палітвязня Уладзіміра Гароха. 49-гадовы жыхар Навагрудка быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па так званай «карэліцкай справе» — аб нібыта плануемых беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. Згодна з абвінавачаннем, Гарох «планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах». Паводле афіцыйнай версіі, падчас сустрэч ён гаварыў, што 10 жніўня «плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі». У снежні 2020 года яму прысудзілі 7 гадоў зняволення. Тэрмін палітвязень адбывае ў шклоўскай калоніі №17.

У «спісе экстрэмістаў» — чарговае папаўненне. Сёння туды трапілі: 

  • Telegram-каналы і чаты: «Dzik Pic Chat», «ВАРШАВА БЕЛАРУСЫ ИДЕЙНЫЕ ЛЮДИ», «Алиса рассказывает», «Жлобин Для Жизни Чат», «Partyzanka»; 
  • кніга Сяргея Сюзева «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня»; 
  • старонкі ў «Аднакласніках»: «EX-PRESS.ВY. Добро пожаловать в реальность!», «ЕленаЯнушковская НАСТОЯЩАЯ БЕЛАРУСЬ»; 
  • TikTok-акаўнты «YouTube_Belarus», «welcometobelarus2020», «Твой сосед», «Гражданская Реакция», «vuvorit.uа», «Неруссо туристо», «MOST Media», «Змагар».

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Уладзіслава Сёмуху, Віктара Жаваранка, Аліну Гораву, Андрэя Сініцу, Галіну Смірнову, Паўла Кучаравенку, Дар’ю Іксанаву, Дзяніса Анцілеўскага, Дзмітрыя Палтарака. Праваабарончая супольнасць заклікае ўлады краіны неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, якіх затрымалі ў сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у турмах Беларусі ўтрымліваюцца 1493 палітычныя зняволеныя. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1763 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.