Экс-палітвязень: За кратамі хворы зуб давялося рваць самому — пальцамі
Былы палітзняволены Аляксандр Бабко прыгадвае пра пераслед па «справе цюкоў».

Размаляваныя цюкі 1 верасня. Скрыншот відэа МУС
Па рэзананснай «справе цюкоў» Аляксандра Бабко асудзілі да года калоніі. На волі ён ужо 11 месяцаў, але турма яму часам сніцца.
Сярод успамінаў Аляксандра Бабко пра зняволенне – як гулялі ў «кракадзіла» і як давялося прайсці «прэс-хату», як сустрэў грамадзяніна Кітая, ірваў зуб самастойна і што адчуваў падчас вызвалення.
«В*сна» паразмаўляла з былым палітвязнем і распавядае яго гісторыю.
«Пазітыўныя» ўспаміны: забавы падчас адсідкі
Сваё зняволенне Аляксандр Бабко ўспамінае часта. Сярод успамінаў ёсць і пазітыўныя (наколькі гэта магчыма) са зняволення ў Следчай турме № 8 Жодзіна:
«Я ўспамінаю хлопцаў, з кім знаходзіўся разам і размаўляў. Як мы мышэй кружкамі лавілі, прусакоў. Некаторым мышам давалі імя.
Трэба было нечым заняцца, хоць чымсьці сябе пазабавіць. Анекдоты расказвалі. Я таксама шмат анекдотаў ведаю.
Гулялі таксама ў «Кракадзіла». Усё звязана ў нас было з падзеямі 2020-га года. Напрыклад, паказаць Лукашэнку, што ён памёр. Гэта вельмі было смешна — умелі так паказваць: як яго вязуць, машына едзе і таму падобнае. Потым могілкі паказвалі, труну, а потым ужо самога Лукашэнку. І ўсе ўжо здагадваліся.
Гулялі і ў мафію, але больш атрымлівалася ў «Кракадзіла». А адзін [супрацоўнік] нам нават дапамагаў граць у «Кракадзіла». Напрыклад, мы загадваем слова, і іншыя не могуць разгадаць. А ён ідзе міма — і падказвае: «Хлопцы, фішка!».
А яшчэ, калі прыходзіў этап з новымі людзьмі, мы разыгрывалі перад імі сцэнку. Трэба было ўсім зрабіць выгляд, што мы молімся, а адзін з хлопцаў хадзіў па «хаце» і пытаў: «Сын мой, каешься ли ты в грехах своих?». Трэба было адказаць: «Да, отец мой», — і не засмяяцца.
Яшчэ ў нас былі сканворды. І ў адным з іх быў намаляваны цюк. Я ўзяў і на цюку чырвоную паласу намаляваў. Хлопцы палітычныя ведалі, што я гэта зрабіў. Але з намі тады знаходзілася «утка» — ён пытаў: «Хто гэта зрабіў? Хто намаляваў?».
«Уткі», як тлумачыць Аляксандр, — гэта тыя, хто падслухваў зняволеных і даносіў пра гэта следчым.
Негатыўныя ўспаміны: прэс-хата
Сярод негатыўнага Аляксандр перш за ўсё ўспамінае пра свайго малога сына.
«За сябе я не зусім перажываў, а перажываў больш за родных і за сына. Што сын думае, дзе я. Ён ведаў, што я павінен прыехаць да яго, а мяне не было. Мае сястра і маці казалі яму, што я ў камандзіроўцы. А сын гаворыць: «Каб тая камандзіроўка рухнула, рассыпалася па цаглінах!» Вось так ён адчуваў гэты момант, што нешта не тое».
Калі Аляксандра Бабко і іншых фігурантаў справы цюкоў затрымалі на полі, то адразу прывезлі ў ІЧУ горада Дзяржынска. Там Аляксандр трапіў у «прэс-хату».
«Там стаялі з-пад «ролтана» дзве пластмасавыя баначкі, на якіх былі намаляваны певень і пеўнік. Прэсаўшчыкі казалі: «Зараз нехта пап’е з гэтага кубка». І ўсё — сацыяльна-прыніжаны чалавек становіцца. І яшчэ казалі, што будуць мужскім палавым органам тыкаць — і тады ты прызнаешся. І на мяне казалі, што я як папугай. Бо ноччу ў нас не было матрасаў, і сядзець можна было альбо на падлозе, альбо на лаўцы. На падлозе холадна — прыходзілася на лаўцы. І з-за гэтага ў мяне на целе былі «пісугі», то бок сінякі. Хоць я нацягваў сваю байку на ногі, але станавілася холадна. Я прачынаўся, пачынаў круціцца, потым злазіў — і аджымаўся ці прысядаў.
На наступны дзень у аднаго з прэсаўшчыкоў упала куртка, і ён сказаў на аднаго са зняволеных: «Слазь, и будешь вешалкой». Той слез са шконкі і стаяў, сагнуўшы рукі, як вешалка. На яго куртку — ён так і стаяў амаль дзве гадзіны».
Аляксандр кажа, што потым ужо ў жодзінскай Следчай турме № 8 пачуў, што гэтыя прэсаўшчыкі былі выпушчаны з калоніі ў Навасадах і развезены па розных ІЧУ:
«Ездзілі там як уткі, падслухвалі размовы, раскручвалі на размовы і потым здавалі [міліцыянтам], — кажа Аляксандр.— Пры мне палітычных зняволеных не было ў прэсаўшчыкоў. Былі, напрыклад, тыя, хто скраў у брата вокны — і прэсаўшчыкі прымушалі іх даваць паказанні, білі — я бачыў. Да мяне таксама ўжывалі сілу, але я зразумеў, што з мяне яны нічога не возьмуць».
У ІЧУ ў Дзяржынску, сцвярджае Аляксандр, былі два прэсаўшчыкі і дзве уткі. Пра гэта і збіццё зняволеных ведаў і начальнік ІЧУ Андрэй Пачкоўскі.
У Дзяржынскім ІЧУ Аляксандр прабыў дзевяць дзён, пасля чаго яму прад’явілі абвінавачанне па крымінальнай справе і этапавалі ў Жодзіна.
«Калі з Дзяржынска нас этапавалі, я зразумеў, што замярзаю, мне холадна. Тады ўжо, можа, быў лістапад. Калі спускалі ўсіх, каго прывезлі, уніз, то аглядвалі. Адзін быў увесь у сіняках — не памятаю, з ягока ІЧУ ён прыехаў. У мяне тэмпература паказала 34 градусы — на гэта лекарка сказала: «Ну, памрэш, то на аднаго менш будзе».
Гісторыя кітайца
Калі Аляксандр Бабко сядзеў у Жодзіна, ён сустрэў грамадзяніна Кітая — той трапіў за краты за студэнцкую бойку.
«Адчыняюцца дзверы — і ўваходзіць кітаец, — успамінае Аляксандр. — З дзвярэй ён кажа: «Швецыя». Ніхто не разумее, чаму Швецыя. Ён паўтарыўся. І зразумеў, што мы не разумеем, і тады прамовіў: «Шы Вай Ці». Мы здагадаліся, што гэта яго імя. Я сказаў: «Гэта тваё імя? My name is Sasha». Ён замахаў галавой: «Так, так».
Потым мы гэтага кітайца называлі Вася. Ён класны чалавек быў. Сядзеў за тое, што сам за сябе заступіўся. Старшакурснік адбіраў грошы ў першакурснікаў, якія прыехалі вучыцца ў Беларусь. І ён пачаў спрачацца з імі. Адбіваўся — і пачалася барацьба. Той душыць пачаў гэтага Васю. І Вася нейкай жалязякай таму даў. Вельмі сумаваў, што так атрымалася. Казаў: «Я не хацеў, каб такое здарылася, але ён душыў мяне, мне нічога не заставалася».
Вася распавядаў, што, калі ў яго быў этап, ён знаходзіўся на Валадарцы, і над ім смяяліся хлопцы, што ён не разумее ані рускай, ані беларускай моваў. Я яго вучыў словам, напрыклад, дакранаўся да твару – і тлумачыў, што гэта твар. Ён вельмі дзякаваў.
Вася класны чалавек. Вельмі прыгожа маляваў: кветкі, рыцараў, кабылаў. У яго вельмі такі каліграфічны почырк. Ён пісаў іерогліфы кітайскія. Неяк ён напісаў ліст на волю. Прыйшоў цэнзар — падкрэслілі, закрэслілі: «Скажыце яму, каб лісты пісаў па-руску».
Аляксандр адзначае, што дзякуючы свайму суседу ён таксама пачаў маляваць. Гэта былі кветкі — іх Аляксандр дасылаў сваім родным:

Малюнкі Аляксандра Бабко да сваіх родных
Гісторыя зуба
Аднойчы ў Аляксандра пачаў балець зуб. Яго ў жодзінскай Следчай турме так і не вылекавалі:
«Я кажу: вызывайце лекара, баліць. А лекар: нічога, выжывеш, махнуў рукой. А я адчуваю, што пухне, я выдаўліваў гной.
Аднойчы на праверцы я кажу: зусім дрэнна, ці вядзіце да лекара, ці нешта рабіце. Хоць вырывайце, але штосьці рабіце. Усё, я не магу, я ўжо не сплю зусім. Каля трох дзён не спаў. І я разумею, што ў мяне ўжо ногі падкошваюцца. Бліжэй да абеда прыйшоў лекар і павёў мяне ў бальнічку. Я думаў, што мяне вылекуюць, дапамогуць. Але яны далі мне укол, знялі пухліну. А потым стаматолаг прабіў мне. Пачаў выцякаць гной. Фурацыліна было няшмат — сказаў ім прапаласкаць. Сказаў: «Я зраблю табе зуб». Але мяне тры дні пратрымалі — і ўсё».
Свой зуб Аляксандр паспрабаваў вырваць самастойна. А пасля вызвалення пайшоў да стаматолагаў. Тыя здзіўляліся такому стану зуба:
«Яны пыталі: «Дык чым ты яго вырваў?» Я кажу: «Пальцамі. Бо нічога не паложана. Было балюча, але я цярпеў і ірваў». Для іх гэта было вельмі дзіўна».
Суд: слімакі і ілжэсведкі
Падчас зняволення з Жодзіна Аляксандра вазілі ў Дзяржынск — на сустрэчы са следчым па яго крымінальнай справе. Шлях займаў каля дзвюх-трох гадзін. Усяго такіх сустрэч было каля пяці.
А потым пачаўся судовы працэс па справе цюкоў. Праходзіў ён у судзе Стаўбцоўскага раёна. На першае судовае пасяджэнне Аляксандра прывезлі ў ІЧУ горада Нясвіжа.
«У Нясвіжы для мяне было дзіка. Вельмі непрыемна я адчуваў сябе, што трэба было на вядро ў туалет хадзіць. Жудасна смярдзела. Поўзалі слімакі. Я з імі гуляў. Напрыклад, паадціскаюся, папрысядаю, пахаджу — і назіраю за імі, што яны будуць рабіць. Слімакі з’яўляліся ў камеры больш тады, калі станавілася халодна».
Потым падчас судовых пасяджэнняў Аляксандра перавозілі ў ІЧУ горада Стаўбцы. Там ужо слімакоў не было. А для адміністрацыі ІЧУ не было розніцы, хто перад імі — палітычны ці непалітычны зняволены.
Суддзёй па справе цюкоў выступіла Вікторыя Суднік.
«Яна намагалася крышку справядлівай быць, — лічыць Аляксандр, — але мы ўсе разумелі, што раз яна ўжо ўзялася за нашую справу, то яе паставілі і сказалі абавязкова даць тэрмін. І я лічу, што яна магла б разглядзець, што сведкі ілгуць».
Ілгалі ўсе сведкі: і прадстаўнікі калгасу, якому належалі размаляваныя цюкі, і міліцыянты, якія казалі, што затрымлівалі фігурантаў справы цюкоў.
«Хацелася гэтым аперам сказаць: «Дык пакажы, як ты нас затрымліваў!». Адзін сказаў, што пры затрыманні рамянём звязваў. Хацелася сказаць: «Дык пакажы! Здымі рэмень!».
Насамрэч пры нашым затрыманні іх не было. Гэта была не проста міліцыя, а спецпадраздзяленне».

Падчас затрымання сілавікі на вопратцы намалявалі крыжы. Фота адзення Аляксандр захаваў. Фота прадастаўлена Аляксандрам Бабко
«Малявалі і на патыліцы, і на руках былі плямы, — дадае Аляксандр. — Калі нас затрымалі — я гэта часта ўспамінаю, — вельмі моцна зацягнулі наручнікі і паклалі тварам у зямлю, і надавілі на твар нагою — гэта было на дарозе, калі я падняўся з поля выходзіць. Потым адвялі ў поле, паклалі ўсіх на зямлю, паставілі тварам у цюк з сенам, а калі я на камеру адказаў на пытанне: «Што вы тут робіце?» — гэтая пытанне мне задалі, то я адказаў: «Гуляю, паветрам дыхаю», дык двое мяне адвялі ў бок, адзін не чапаў, а другі у ногу, у калена, якое было пасля аперацыі, у грудзі, у твар, у дыхалку біў і казаў: «Ты паедзеш са мною да Мінска, і я пакажу табе, як гуляць і дыхаць».
На першых секундах відэа ад МУС бачна, як Аляксандр Бабко кажа сваю фразу, пасля якой яго і збілі:
Міліцыянтаў, якія ілгалі на судзе, былы палітвязень памятае па імёнах.
Аднаго з іх Аляксандр ужо пасля вызвалення з турмы выпадкова сустрэў на запраўцы:
«Ён у мяне ў кватэры у Дзяржынску быў на вобшуку і першы допыт са мной праводзіў. І адразу мы, паглядзеўшы адзін на аднаго, зразумелі, што дзесьці мы бачыліся. Першым успомніў я. І я пачаў вачыма яго давіць, як вош, проста вачыма забіваў яго, разрываў на кроплі. І тады ён зразумеў, пачаў хвалявацца, пайшоў і аглядваўся, ці я за ім не іду. Яны баяцца, што ім прыйдзецца за ўсё адказваць, гэта дакладна».
Аляксандр лічыць, што размаляваныя цюкі сапсаванымі не былі (фарба нанасілася на плёнку, якая ў 16 слаёў абгортвала сена). На судзе ж прадстаўнікі калгасу казалі адваротнае.
«Як можа фарба прайсці праз 16 слаёў плёнкі? Любы пакет нават вазьмі — фарба ніяк не пройдзе. Нам нават не дазволілі выкупіць гэтыя цюкі.
Нам Суднік прысудзіла, што гэтымі цюкамі мы адцягвалі ўвагу кіроўцаў. А навошта на Дажынкі вы робіце знакі? Можа, ўвага кіроўцаў таксама на іх адцягваецца? А на полі глянуў — і праехаў міма. Той жа зубр на трасе М1 стаіць, і ветракі — усе едуць, разглядаюць. Чаму? Зносьце! Ламайце! Крушыце! Садзіце!
Ці, бывае, да Дажынак нешта з цюкоў робяць, выкладваюць іх — дык там можна ім рабіць, фарбаваць і клеіць. Вы ж нашкодзілі — адказвайце!
Усе суддзі адмаўляліся ад нашай справы, а яна ўзялася. Чаму яна ўзялася? Я гэтага не разумею. Але я лічу, што, раз яна пагадзілася, яна павінна адказваць за гэта. Хай яна таксама год пасядзіць».
Вызваленне: хвіліна як дзень і сны пасля
10 сакавіка 2022 года Аляксандра Бабко этапавалі ў магілёўскую турму № 4. Адтуль ён вызваліўся 16 мая 2022 года. Вось як палітзняволены ўспамінае гэты момант:
«Я вельмі чакаў. Вельмі хваляваўся. Для мяне хвіліна цяжка цягнулася — такое было, калі я ў войску быў. Мабыць, хвіліна як дзень. Папярос спаліў не ведаю колькі, з самага ранку не хацелася есці. Я думаў, што паеду сваім ходам, што ў родных не атрымаецца прыехаць.
І вось, калі я выходзіў ужо, падпісваў усе паперы, я паспрачаўся. Пачалі аддаваць грошы, якія былі пералічаны на мой рахунак. Але сваю рэшту я ведаў. А яе не аддаюць. І я пачаў спрачацца з імі: аддайце мне мае грошы, вы мяне падманваеце. Там прыкладна 100 беларускіх рублёў заставалася. А яны не аддаюць — і ўсё. Тады я сказаў: Бог з вамі. Мне на волі прасцей будзе, хай на вашым сумленні гэта будзе.
І тут я пачуў голас сястры. І я зразумеў, і пачаў яшчэ больш хвалявацца, што сястра прыехала. Калі мы абдымаліся з сястрой, выйшлі — а тут мае маці і бацька стаяць… Нават цяпер, калі ўспамінаю, мурашкі па скуры. І аднаго майго «падзельніка» маці прыехала. Мы пасмяяліся. Сфатаграфаваліся. І паехалі дадому. Вось такое вызваленне».

Квіток аб вызваленні, які выдалі Аляксандру
Часам Аляксандр Бабко бачыць сны пра сваё зняволенне. Падобнае было, калі ён служыў у войску.
«Гэта было часта ў першыя часы. Бывае, прачнуся, і ў халодным поце — фух! Сню некаторыя турэмныя моманты. Не хацелася, каб хтосьці з беларусаў — не важна нават, беларус ці не беларус — каб хтосьці трапляў туды. Нікому не жадаю такога. Згублены час».