«Любыя сур'ёзныя перамовы — гэта і ёсць гандаль». Валер Карбалевіч пра заяву Ціханоўскай пра вызваленне палітвязняў

«Калі рэжым будзе гатовы да перамоваў, мы таксама гатовыя, у тым ліку і да размоў аб змякчэнні санкцый, — заявіла ў каментары «Зв*чайнай раніцы» Святлана Ціханоўская. — Але для гэтага патрэбны сігнал: уладам трэба пачынаць выпускаць палітвязняў». Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла, што неабходныя перамовы, але не гандаль: «Нам не трэба блытаць гэтыя паняцці».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Заявы лідара дэмсіл Філін абмеркаваў з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
— Ці трэба ўсё гэта сёння самому рэжыму? Менавіта перамовы, а не гандаль, як настойвае Ціханоўская? Ды яшчэ і пры пасрэдніцтве яе офіса?
— Па-першае, я не вельмі разумею, у чым розніца паміж гандлем і перамовамі. Таму што любыя сур'ёзныя перамовы — гэта і ёсць у пэўным сэнсе гандаль.
Другі момант. Санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ўводзіла не Святлана Ціханоўская, а краіны Еўрасаюза, ЗША і шэраг іншых дзяржаў.
І таму было б лагічна, калі б рэжым сапраўды захацеў сур'ёзных перамоваў аб размене санкцый на вызваленне палітвязняў, каб гэтыя сігналы ішлі на адрас Брусэля і Вашынгтона.
Па-трэцяе, пакуль што мы бачым раскручванне спіралі эскалацыі, а не наадварот. І я не бачу сёння прычын, па якіх гэтая спіраль магла хоць бы спыніцца, не кажучы ўжо пра тое, каб павярнуць у зваротным кірунку.
Сёння рэальна рэалізуецца пытанне размяшчэння расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Адбываецца паўпрызнанне Лукашэнкі акупаваных тэрыторый. Тут я маю на ўвазе сустрэчу з Пушыліным. Чаго ён раней не рабіў, неяк саромеўся і дыстанцыяваўся.
Гэта значыць, цяпер мы назіраем абсалютна супрацьлеглы трэнд. І мы бачым узрастанне залежнасці Лукашэнкі ад Расеі. Гэта ўжо чацвёрты момант. Праблема ўжо нават не ў жаданні афіцыйнага Мінска наладзіць нейкія кантакты з Захадам.
Пытанне ў тым, наколькі сёння Лукашэнка вольны ў сваіх дзеяннях адносна знешняй палітыкі на заходнім кірунку. Таму што апошнія падзеі сведчаць, што свабода рук у яго досыць абмежаваная.
Таму заява Ціханоўскай — гэта не столькі спроба рэалізацыі нейкіх практычных дзеянняў у гэтым кірунку, колькі дэманстрацыя сваёй пазіцыі. Дэманстрацыя заклапочанасці праблемай палітвязняў, якая сёння надзвычай абвастрылася, нават у дэмакратычнай супольнасці.
Дэманстрацыя таго, што яна хацела б гэтае пытанне вырашыць, і прыкладае намаганні ў гэтым кірунку.
— Офіс Ціханоўскай на гэты момант выпрацоўвае стратэгію ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, якія могуць адбыцца ў 2024-м. Яна заявіла, што сітуацыя будзе выкарыстаная для таго, каб актывізаваць і мабілізаваць беларускае грамадства. Адным з варыянтаў можа стаць заклік байкатаваць кампанію.
Наколькі рэалістычныя сёння падобныя задумы? Бо для арганізацыі байкоту неабходны немалы рэсурс?
— Праблема заключаецца ў тым, што задачы мабілізацыі і задачы байкоту — гэта, хутчэй, супрацьлеглыя трэнды. Байкот рэдка калі мабілізуе на нейкае дзеянне.
Таму што байкот — гэта проста не хадзіць на выбары. Ранейшы досвед апазіцыі кажа, што ўдзел у выбарах мабілізуе людзей, што выдатна прадэманстраваў 2020 год.
Калі б, да прыкладу, апазіцыя абвясціла байкот, а тытульная апазіцыя як раз сабралася гэта зрабіць у 2020-м, ці ж Лукашэнка не зарэгістраваў бы Ціханоўскую ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, то, я думаю, рэальным быў бы менавіта байкот.
Людзі б нікуды не пайшлі, і гэта не прывяло б да масавых пратэстаў. Байкот — дрэнны механізм для мабілізацыі.
Іншая справа, што ў сённяшняй сітуацыі, уласна кажучы, іншых варыянтаў, акрамя таго, як заклікаць не ісці на выбары, у апанентаў рэжыму проста не застаецца.
Я з цяжкасцю сабе ўяўляю, што на гэтых выбарах могуць з'явіцца нейкія апазіцыйныя кандыдаты. Якія будуць рэальна крытыкаваць палітыку Лукашэнкі, прычым публічна — ва ўлётках, выступах.
Я з цяжкасцю ўяўляю, што за апазіцыйнага кандыдата будуць збірацца подпісы пасля таго, як сёння людзей звальняюць і садзяць у турму толькі за тое, што ў 2020-м яны паставілі подпіс за альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата.
Таму нічога іншага не застаецца, як заклікаць людзей не хадзіць на выбары. Хоць я не бачу, як такая тактыка можа моцна нашкодзіць рэжыму. Бо сёння заканадаўства рухаецца да таго, каб наогул зняць парог яўкі.
Таму, колькі ні прыйдзе выбаршчыкаў на выбары, тыя ўсё роўна абвесцяць адбыўшыміся. Уладам сёння не асабліва і патрэбна высокая яўка.