Хронікі рэпрэсій за 18 красавіка: масавыя затрыманні ў Наваградаку, Новалукомлі, Гомелі, аблавы на «Нафтане» і «Паліміры»

Махавік палітычных рэпрэсій раскручваецца ўсё хутчэй. Абяцанне ўлады «дайсці да кожнага» выканаць значна прасцей, чым узняць сярэдні заробак.

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі падчас пратэстаў 2020 года

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі падчас пратэстаў 2020 года

Масавыя затрыманні ў Наваградку

Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні на выходных у Наваградку шасці чалавек. Затрыманых змясцілі ў Карэліцкі ІЧУ.

Таксама стала вядома, што сёння ў працоўных навагрудскага «Завода газавай апаратуры» правяралі тэлефоны — паведамляецца, што ў людзей шукалі менавіта падпіску на «З*ркало».

У Мінску да «палітычных» прыходзяць участковыя — у людзей праглядаюць сацсеткі і ўсталёўваюць бот «Магніт»

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што апошнія дні ў розных раёнах Мінска назіраецца актыўнасць сілавікоў — участковыя прыходзяць увечары дадому да тых, каго раней затрымлівалі па палітычных матывах. У людзей праглядаюць Telegram і Instagram, гісторыю праглядаў і лайкі на YouTube, усталёўваюць бот «Магніт».

Таксама вядома, што сілавікі перапісваюць даныя тэлефонаў.

Палітычны пераслед у Новалукомлі — затрыманні, звальненні, суткі

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра факты палітычнага пераследу ў Новалукомлі.

На дзяржаўных прадпрыемствах на днях адбыліся затрыманні — вядома пра як мінімум 10 затрыманых. Некаторым з іх ужо прызначылі суткі. Вядома, што 20 сутак арышту атрымаў мясцовы хірург Сяргей Нарэйка.

Ёсць інфармацыя, што за апошні час каля 100 супрацоўнікаў Лукомскай ДРЭС былі звольненыя паводле «ўласнага жадання». Як мінімум 7 чалавек — затрыманыя.

Дзмітрыя Богуша, намеснік старшыні праўлення «Тэхнабанка», затрымалі за каментары

Стала вядома, што за каментары пра Лукашэнку быў затрыманы намеснік старшыні праўлення «Тэхнабанка» Дзмітрый Богуш. З ім выйшла «палоннае відэа» па БТ.

Паведамляецца, што Богуша затрымалі ў снежні 2022 года па артыкуле аб «распальванні варожасці» (ч. 2 арт. 130 КК) — ён нібыта пісаў у сацсетках каментары з пагрозамі на адрас Лукашэнкі і сілавікоў.

Затрымалі непоўнагадовага адміністратара тэлеграм-суполкі СБНШ

Раней суполку «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» прызналі «экстрэмісцкай».

Па хлопца прыйшлі пасля таго, як ён вырашыў праверыць сябе «на наяўнасць кампраметуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце плана «Перамога», які быў створаны сілавікамі. Хлопец меў нік у тэлеграме «Ваўчара ў латах».

Адвакатку Анастасію Лазарэнку пачнуць судзіць 2 траўня

Палітзняволеную адвакатку затрымалі яшчэ 2 чэрвеня — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Спачатку супраць яе распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу даных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы».

Пазней ёй прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці) і ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паводле следства, Анастасія Лазарэнка нібыта арганізавала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», калі праводзіла кансультацыю пад Акрэсціна ў жніўні 2020 года. На волі ў яе засталіся бацька сталага веку і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.

Суд над адвакаткай распачнецца 2 траўня ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Чарапанава.

За «экстрэмісцкія» падпіскі ў інтэрнэце затрыманыя адразу дзевяць гамельчукоў

«Палоннае відэа» з імі з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» суполкі ў Instagram, TikTok, Telegram.

Аднаго з мужчын сілавікі прымусілі сарваць са сцяны бел-чырвона-белы сцяг і кінуць яго на падлогу.


У Брэсце затрыманы 55-гадовы Уладзімір Здановіч

Сілавікі паведамляюць, што мужчына нібыта быў адміністратарам «экстрэмісцкага» Telegram-чата «Северный 97», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.


Аблава на заводах «Нафтан» і «Палімір» — дзесяць працаўнікоў арыштаваныя

Пра аблаву стала вядома з паведамлення афіцыйнага закрытага канала завода. Затрымалі дзесяць працаўнікоў завода і ўсім ім прысудзілі арышт — ад 10 да 30 сутак, у асноўным за рэпосты (па артыкуле 19.11 КаАП).

У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей не будуць, а некаторым пагражаюць крымінальнай справай.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, учора ў Наваполацку прайшлі які мінімум 8 «палітычных» адміністрацыйных працэсаў.


Сёння працягваецца суд над палітзняволенай Аленай Гнаўк

Пружанскую актывістку, асуджаную да 3,5 гадоў калоніі, 15 жніўня перавялі ў папраўчую калонію № 4. Нядаўна яе змясцілі ў ПКТ да 24 лютага. Таксама Алену Гнаўк пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі атаварку з 3 базавых велічыняў да 1 (37 рублёў). У зняволенні ў жанчыны пагоршылася здароўе.

Акрамя гэтага, па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі супраць Алены распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля пачаў разгляд справы 11 красавіка на выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі. Справу разглядае суддзя Яраслаў Парэмскі.


Тры гады «хатняй хіміі» прысудзілі актору Андрэю Трызубаву

У Кастрычніцкім судзе Мінска вынесены прысуд 52-гадоваму актору тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэю Трызубаву. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Працэс вяла суддзя Вольга Няборская.

Андрэй быў затрыманы раніцай 4 студзеня ў Мінску па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыях пратэсту восенню 2020 года. Пазней яго арыштавалі на 10 сутак і змясцілі на Акрэсціна. Пасля мужчыну перавялі ў СІЗА-1 Мінска.

Суд прызнаў актора вінаватым і пастанавіў пакараць абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.


У Гомелі асудзілі праваслаўнага верніка, бакалаўра багаслоўя Андрэя Пуканава

У Гомельскім раённым судзе адбыўся разгляд крымінальнай справы праваслаўнага верніка і бакалаўра багаслоўя Андрэя Пуканава. Яго абвінавачвалі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Жана Баль.

Андрэй — настаўнік нямецкай мовы і бакалаўр багаслоўя, праваслаўны вернік. У Гомелі ён вядомы яшчэ як краязнаўца, сябра Беларускага геаграфічнага таварыства. У 1990-я гады Пуканаў быў сябрам краязнаўчай арганізацыі «Талака», распрацоўваў аўтарскія курсы па геаграфіі для філіі Коласаўскага ліцэя ў Гомелі. Пазней займаўся грамадскай дзейнасцю, спрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.