Шыюць форму сілавікам і вайскоўцам за 15-20 рублёў у месяц. Сучаснае рабства, або Як працуюць зняволеныя жанчыны?

Праца прыбіральшчыцы лічыцца ў зняволеных прэстыжнай — бо дае адносную свабоду перамяшчэння, распавядае «М*дыязона».

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

На «швейцы» гомельскай жаночай калоніі асуджаныя ўдыхаюць пыл, які ляціць з няякаснай тканіны, працуюць шэсць дзён на тыдзень (а часам і па нядзелях), зарабляюць 15-20 рублёў на месяц і атрымліваюць дадатковыя гадзіны без аплаты, калі не выпрацоўваюць норму. Як жанчыны працуюць у швейным цэху калоніі ў Гомелі?

Курткі для мянтоў. Швейная вытворчасць

У гомельскай жаночай калоніі знаходзіцца швейная фабрыка — «адзін з вядучых беларускіх вытворцаў спецыяльнага, працоўнага і форменнага адзення», гаворыцца на сайце прадпрыемства.

У асноўным асуджаныя шыюць форму для бюджэтнікаў, чыноўнікаў, міліцыянтаў і вайскоўцаў, але сустракаюцца і іншыя заказы — пасцельная бялізна, курткі для буйных дзяржпрадпрыемстваў, медыцынскія касцюмы і маскі і нават хакейная форма, расказвае былая палітзняволеная Дар’я Чульцова.

Паводле яе слоў, палітвязні-жанчыны працуюць менавіта на «швейцы».

У цэху працуе некалькі брыгад, у брыгадзе — каля 35 чалавек. Акрамя швачак ёсць лякальшчыкі і работнікі, якія абразаюць ніткі з гатовага адзення — як правіла, гэтым займаюцца пажылыя і людзі з інваліднасцю па зроку. Са слоў Чульцовай, у брыгадзе шыюць усяго некалькі чалавек — астатнія не могуць ці не хочуць.

— Ёсць жанчыны, якіх садзяць за аліменты. Ім не патрэбна гэта праца. Яны разумеюць, што атрымаюць 20 рублёў, 15 у іх спішуць на аліменты. Астатнія пяць-сем чалавек працуюць, альбо каб заняць сябе, альбо хочуць хоць нешта зарабіць.


Дробны пыл у лёгкіх і перапрацоўкі. Умовы працы

У швейным цэху холадна зімой і душна летам, успамінае Чульцова. Там цяжка дыхаць праз пыл, які ляціць падчас шыцця ад тканін дрэннай якасці. «З алергіяй наогул нельга працаваць у такіх умовах. Уяўляеце, што ў лёгкіх робіцца ў людзей, якія працуюць там гадамі?» — кажа яна.

Норма для ўсіх брыгад розная і залежыць ад вырабу. Калі зняволеныя яе не выконваюць, адміністрацыя «крычыць і гоніць у разнарадкі» — неаплатныя дадатковыя гадзіны, расказвае Дар’я.

Паводле яе слоў, у разнарадкі асуджаных адпраўлялі часта, а некаторыя «ў разнарадках жылі».

На швейнай вытворчасці зняволеныя працуюць па шэсць гадзін шэсць дзён на тыдзень. Два разы на месяц, як правіла, зняволеным даводзіцца працаваць і па нядзелях. Паводле падлікаў Чульцовай, асуджаныя перапрацоўваюць нават без уліку працоўных выходных.


Некалькі мужчын, якія адбывалі пакаранне ў іншых калоніях, распавялі «Медыязоне», што праца на швейных участках сярод зняволеных лічылася нядрэннай — «увесь час у цяпле» і ёсць магчымасць «сябе трохі абшыць».

— Недзе штаны парвуцца, ты іх шыеш: адзін зашывае, а другі стаіць насупраць акна і глядзіць, каб не зайшлі ў цэх, інакш пакараюць, — кажа былы палітвязень Іван, які адбываў пакаранне ў ПК-17.

На швейнай фабрыцы ў ПК-4 усталяваны камеры, кантралёры перыядычна ладзяць ператрусы асабістых рэчаў, а супрацоўнікі аператыўнага аддзела праводзяць праверкі, распавядае Дар’я.

Некаторыя зняволеныя (або цэлыя атрады) займаюцца гаспадарчым абслугоўваннем — працуюць у сталовай, пральні, цырульні і прыбіраюць у адміністрацыйных будынках.

Дар’я Чульцова кажа, што ў жаночай калоніі праца прачкі і прыбіральшчыцы лічыцца прэстыжнай, таму што дае больш свабоды перамяшчэння — зняволеныя не прымацаваны да фабрыкі.