«Мы ўсё роўна выйдзем». Зняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова распавялі пра свой побыт у калоніі

Асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі ўжо 226 дзён. Нядаўна ад Дар’і прыйшоў ліст з Гомельскай калоніі, а Кацярына змагла патэлефанаваць родным у Мінск.

11a99752_d63b_463e_872d_54407792e381_w1023_r1_s_1.jpg


«Каця цяпер піша мала, свабоднага часу амаль няма. Прасіла выбачацца перад усімі, хто ёй дасылае лісты ў калонію — яна іх атрымлівае, чытае, але не заўсёды мае час нешта напісаць. Абяцае адказваць паступова», — расказаў «Свабодзе» муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш.

Паводле яго слоў, Кацярына захоўвае бадзёры настрой, не губляе аптымізму.

«На здароўе не скардзіцца, адчувае сябе нармальна, хаця спякоту, канешне, цяжка перажывала. Пры гэтым кажа, што менавіта бытавыя ўмовы ў калоніі істотна лепшыя, чым у турме Жодзіна і на Валадарцы ў Мінску».

Ігар Ільяш таксама паведаміў, што яго жонцы ўжо двойчы дазвалялі патэлефанаваць родным.

«Адзін званок быў мне, другі — бацьку. Гэта былі кароткія размовы 5-7 хвілін, — кажа Ігар. — Размова выйшла хаатычная: часу вельмі мала і не паспяваеш адразу зразумець, што перш за ўсё трэба спытаць ці сказаць».

Ёсць навіны і ад Дар’і Чульцовай. Яе маці Наталля Церабіленка апублікавала лісты ад дачкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У адным з іх Дар’я падкрэслівае, што да гэтага моманту не шкадуе аб тым, што 15 лістапада, калі сілавікі разганялі дэманстрантаў на «Плошчы Перамен» у Мінску, яна вырашыла працягваць выконваць сваю працу:

«Гэта ж маё рашэнне было. Я магла і не працаваць, але я хацела. І, як бы ні было, я рада, што працую там дзе працую... З Кацяй наогул супер каманда была. Усё супер, ніхто (амаль) не вінаваты ў тым, што мы цяпер тут. Да таго ж, у выніку мы ўсё роўна выйдзем».

У лісце Дар’я таксама падзялілася гісторыяй, звязанай з паштоўкай, якую ёй даслала незнаёмая дзяўчына:

«Неяк на Жодзіна яшчэ да суда мне прыйшоў ліст ад дзяўчыны. У капэрце быў кавалачак кардону, як паштоўка, на якой намаляваны кіт, а з адваротнага боку напісана: "Самае цяжкае ў свеце — гэта сіні кіт". Тады я ўспрыняла гэта як мілую паштоўку і падтрымку, праўда без адзінага словы падтрымкі.

Я не магла падзякаваць ёй, таму што на капэрце не было зваротнага адрасу. А калі б і быў, што б я ёй напісала? “Дзякуй за падтрымку”? Неяк банальна, складана адказваць на такія лісты. Я паклала ліст у тэчку “без адрасу”, не ўспамінаючы пра яго да сённяшняга дня.

Што ж адбылося сёння? Мы стаялі на праверцы, і я, ведаеш, як у дзяцінстве, глядзела на неба і шукала там усялякае: сэрцайкі, драконаў, зайчыкаў... І стаю гляджу на неба, а там аблокі перамешаныя з хмарамі і прасветы блакітнага неба. І ў адным з гэтых прасветаў я ўбачыла сіняга кіта».

Дарʼя піша, што вельмі сумуе па родных і знаёмых.

«І я моцна абдымаю і вельмі сумую, — піша Дар’я. — Шчочкі сказалі, што сышлі. Дакладней, мне сказалі, што сышлі, хоць я думаю, што не да канца».

Журналісткі «Белсата» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года. Іх затрымалі ў кватэры на «Плошчы Перамен» у Мінску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканала «Белсат». У кватэры выламалі дзверы, унутр забеглі спецназаўцы.

Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне». Потым іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.